АНТЫЦЫКЛО́Н (ад анты... + цыклон),

вобласць павышанага ціску ў атмасферы. Ціск з максімумам у цэнтры дасягае 1025—1070 мб на ўзр. м. У папярочніку ад соцень да 2—3 тыс. км; ахоплівае трапасферу. Вятры накіраваны ад цэнтра да перыферыі антыцыклону, пад уплывам вярчэння Зямлі адхіляюцца ў Паўн. паўшар’і па гадзіннікавай стрэлцы, у Паўд. паўшар’і — супраць. Перамяшчаюцца са скорасцю 30—40 км/гадз з З на У, адхіляючыся да нізкіх шырот; некаторыя антыцыклоны маларухомыя.

У антыцыклонах пераважаюць сыходныя токі паветра, пры якіх адбываецца адыябатычнае награванне, таму т-ра на некалькі градусаў вышэй, чым у цыклонах. Аднак у зімовых маларухомых антыцыклонах над кантынентамі ўмераных шырот адбываецца моцнае выстуджванне паветра. Для тэрыторый, занятых антыцыклонамі, характэрны яснае і сухое надвор’е, тэмпературныя інверсіі, слабыя вятры. Узнікаюць антыцыклоны штодзённа, найб. у субтропіках (Азорскі антыцыклон) і над кантынентамі (Антарктычны антыцыклон, Азіяцкі антыцыклон і інш.). Па тэр. Беларусі за год праходзіць 15—16 антыцыклонаў, якія вызначаюць надвор’е каля 150 дзён.

І.​Ю.​Куляшова.

Антыцыклон. Ізабары і прыземныя лініі плыні паветра: а — Паўночнае паўшар’е; б — Паўднёвае паўшар’е.

т. 1, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫКЛО́Н (ад грэч. kyklōn які круціцца),

вобласць паніжанага атмасфернага ціску. Разам з франтамі атмасфернымі і антыцыклонамі — асн. прычына змен надвор’я і фарміравання асаблівасцей клімату. Адрозніваюць трапічныя цыклоны і ўласна Ц., да якіх належыць большая ч. Ц. зямнога шара.

Уласна Ц. ўяўляюць сабой буйныя віхры дыяметрам ад 1 тыс. км (у пачатку развіцця) да 2—3 тыс. км і больш (пры яго паглыбленні). Утвараюцца ва ўмераных і палярных шыротах Паўн. і Паўд. паўшар’яў пераважна на палярных і арктычных атм. франтах. У Паўн. паўшар’і цыркуляцыя паветра ў віхрах накіравана супраць, а ў Паўд. — па гадзіннікавай стрэлцы, з адхіленнем ад цэнтра Ц. ў ніжніх слаях атмасферы. На ўзроўні мора атм. ціск паніжаецца да 950—960 мбар (сярэдняе значэнне каля 1012 мбар), у розных частках Ц. адзначаюцца і тэмпературныя кантрасты. Перамяшчаюцца пераважна ўздоўж франтоў з З на У. Скорасць руху Ц. 30—40 км/гадз, часам больш за 80 км/гадз. Над кожным паўшар’ем за год бывае некалькі соцень Ц. Доўжацца ад некалькіх дзён да 1—2 тыдняў.

Выклікаюць утварэнне вял. і магутных воблакаў, выпадзенне ападкаў, рэзкую перамену надвор’я. На Беларусі за год адзначаецца каля 40% дзён з Ц., у снеж.—лютым і маі—ліп. каля 50%, у сак. і крас. — каля 30%, у вер. каля 15%.

Цыклон. Ізабары і прыземныя лініі току паветра: а — Паўночнае паўшар’е, б — Паўднёвае паўшар’е.

т. 17, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)