СВІ́СЛАЧ,
вёска ў Асіповіцкім р-не Магілёўскай вобл., пры ўпадзенні р. Свіслач у Бярэзіну (бас. р. Дняпро); прыстань на правым беразе р. Бярэзіна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 34 км на ПнУ ад г. Асіповічы, 150 км ад Магілёва, 5 км ад чыг. ст. Ялізава. 820 ж., 277 двароў (2001). Дзіцячы санаторый «Свіслач». Сярэдняя і базавая школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Свята-Мікольская царква. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. На ўсх. ускраіне вёскі гарадзішча Свіслач.
На мяжы 11—12 ст. на месцы вёскі існавала паселішча замкавага тыпу, умацаванае земляным валам і ровам. У 16 ст. тут быў Свіслацкі замак. Каля 1600 уласнасць мінскага кашталяна. З 1793 у складзе Рас. імперыі У 1886 мястэчка, цэнтр воласці Бабруйскага пав. Мінскай губ.; 420 ж., 46 двароў, 2 школы, валасное праўленне, 2 царквы, касцёл, паштовае аддзяленне, 40 крам. З 1924 цэнтр Свіслацкага раёна, з 1931 цэнтр сельсавета ў Асіповіцкім р-не. У Вял. Айч. вайну 12—14.10.1941 ням. фашысты загубілі ў С. 791 чал., у чэрв. 1944 спалілі вёску.
т. 14, с. 266
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́ННА,
вёска ў Мастоўскім р-не Гродзенскай вобл., каля р. Нёман, на скрыжаванні аўтадарог на Гродна, Ваўкавыск, Скідзель. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 26 км на З ад г. Масты, 34 км ад Гродна, 8 км ад чыг. ст. Чарлёна. 1137 ж., 562 двары (1999).
Вядома з 16 ст. як вёска. З 1795 у Рас. імперыі, у Гродзенскім пав. Слонімскай, з 1797 — Літоўскай, з 1801 — Гродзенскай губ. У 1886 мястэчка, цэнтр Лунненскай вол., 1392 ж., касцёл, сінагога, 3 яўр. малітоўныя дамы, 20 крам, 3 шынкі, 2 харчэўні, праводзіліся кірмашы; у пач. 20 ст. царк.-прыходская школа, фельчарскі пункт, касцёл, паштовае аддзяленне. З 1921 у Польшчы, мястэчка, цэнтр гміны Гродзенскага пав. Беластоцкага ваяв. У 1924—1884 ж., 307 двароў. З 1939 у БССР, з 12.1.1940 рабочы пасёлак Скідзельскага р-на. З 1955 вёска, цэнтр сельсавета Скідзельскага, з 1962 — Гродзенскага, з 1965 — Мастоўскага р-наў. У 1972—1475 ж, 473 двары.
Лясніцтва, хлебапякарня. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання. Царква. Помнікі сав. воінам 64-й стралк. дывізіі, землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — касцёл св. Ганны (1782).
Г.М.Новікава.
т. 9, с. 370
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАТЭ́ВІЧЫ, Самацеевічы,
б. вёска, цэнтр сельсавета і калгаса (да вер. 1991) у Касцюковіцкім р-не Магілёўскай вобл., на аўтадарозе Касцюковічы—Красная Гара. За 30 км на ПдЗ ад Касцюковіч, 33 км ад чыг. ст. Камунары. Паводле пісьмовых крыніц вядома з 1585 як сяло Крычаўскай вол. і староства Мсціслаўскага ваяв. ВКЛ. З 1772 у складзе Рас. імперыі. У 1795 сяло Чэрыкаўскага пав. Магілёўскай губ., 220 ж., 46 двароў. У 1842 пабудавана Троіцкая царква, у 1864 адкрыта нар. вучылішча. З 1867 праводзіліся 2 кірмашы на год. У 1888 мяст. С. (яно ж Дзімітраўск) — уласнасць Дз.С.Галынскага; цэнтр воласці, 744 ж., 97 двароў, валасное праўленне, царква, касцёл, школа, бальніца, вятрак, заезны двор, вінакурны завод, 6 крам, Гайдукоўскае паштовае аддзяленне. З 20.8.1924 цэнтр сельсавета Касцюковіцкага р-на Калінінскай акр., з 20.2.1938 — Магілёўскай вобл. У Вял. Айч. вайну ў снеж. 1942 ням. фашысты загубілі 283 жыхары і ў 1943 часткова спалілі вёску. Вёска С. — радзіма нар. паэта Беларусі А.Куляшова, дзе ў 1984 быў адкрыты літ. музей паэта. У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС (26.4.1986) жыхары вёскі ў 1991 сселены ў пабудаваны пасёлак у Бялынкавіцкім с/с, які атрымаў назву Новыя Саматэвічы. Новыя С. — цэнтр калгаса. За 7 км на ПдУ ад г. Касцюковічы, 10 км ад чыг. ст. Камунары, 167 км ад Магілёва. 890 ж., 330 двароў (2001). Філіял жыллёва-камунальнага камбіната. Сярэдняя школа, аддз. сувязі.
т. 14, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУХАРЫ́,
вёска ў Магілёўскім р-не, на р. Раста, на аўтадарозе Магілёў—Мсціслаў. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на ПнУ ад Магілёва. 610 ж., 230 двароў (2002). Прадпрыемства па перапрацоўцы піламатэрыялаў. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Успенская царква (пач. 20 ст.).
Вядомы з 1560 як сяло ў Магілёўскай воласці ВКЛ, дзярж. ўласнасць. З 1569 належала баярыну І.Кіркораву. З 1772 у Рас. імперыі, з 1773 цэнтр староства ў Аршанскай правінцыі Магілёўскай губ., уладанне Пацея. З 1784 мястэчка С.; 93 ж., 19 двароў. царква, вадзяны млын, 1 кірмаш на тыдзень. У 1856 уладанне М.Лістоўскай. У 1880 у мястэчку і сяле 730 ж., 133 двары. У 1886 мястэчка ў Чавускім пав. Магілёўскай губ., 445 ж., 65 двароў, царк.-прыходская школа (1887), царква, сінагога, вадзяны млын, 2 карчмы, 2 крамы; у 1891 пабудавана мураваная Пакроўская царква. У 1909 у сяле 814 ж., 113 двароў, у мястэчку 500 ж., 64 двары, уладанне Лістоўскіх; нар. вучылішча, паштовае аддзяленне. З 20.8.1924 цэнтр сельсавета ў Лупалаўскім р-не Магілёўскай акр., з 2.3.1931 у Чавускім р-не, з 1938 у Магілёўскай вобл. У 1939 да вёскі далучаны пас. Альхавецкі і Саснавецкі. У Вял. Айч. вайну С. спалены, у пасляваен. перыяд адбудаваны.
В.В.Віталёва.
т. 15, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)