ХЕМАРЭЦЭ́ПЦЫЯ (ад хема... + лац. receptio прыняцце),
успрыманне аднаклетачным арганізмам або хемарэцэптарамі мнагаклетачнага арганізма значных для яго жыццядзейнасці хім. рэчываў. Уласціва ўсім жывым арганізмам. Першасны працэс Х. — узаемадзеянне малекул хім. раздражняльніка з хемарэцэптарным бялком, што знаходзіцца ў клетачнай мембране. У большасці жывёл адрозніваюць інтэрахемарэцэпцыю, якая забяспечвае аналіз унутр. асяроддзя арганізма (у т. л. рэцэпцыю гармонаў, медыятараў і інш.), і экстэрахемарэцэпцыю (успрыманне вонкавых хім. раздражняльнікаў). Вылучаюць таксама маласпецыялізаваны тып Х. — агульнае хім. пачуцце, якое забяспечвае адчувальнасць покрыва цела да раздражняльных рэчываў. Мае важнае значэнне для большасці жывёл пры пошуку ежы, палавога партнёра, арыентацыі ў прасторы і інш. Асабліва вял. ролю Х. адыгрывае ў жыцці насякомых, дзе яна вызначае большасць фізіял. і паводзінскіх рэакцый.
т. 17, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)