МАГАЗІ́Н,

1) спецыяльнае ўстройства ў агнястрэльнай зброі для размяшчэння патронаў (выстралаў) і паступовага іх перамяшчэння на лінію дасылкі (у прыёмнік) перад падачай у патроннік. М. падзяляюцца паводле месца злучэння са зброяй (падствольныя, прыкладавыя, універсальныя), формы (каробчатыя, дыскавыя, барабанныя) і парадку размяшчэння ў іх патронаў (аднародныя, мнагарадныя). Выкарыстоўваецца ў аўтам. і неаўтам. стралк. зброі, артыл. узбраенні караблёў і лятальных апаратаў, малакаліберных зенітных аўтам. гарматах.

2) Колькасць мін, якая можа быць размешчана на палубе карабля.

т. 9, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБО́ЙМА,

1) прыстасаванне для размяшчэння некалькіх патронаў. Прызначана для больш спрошчанага і паскоранага зараджання (падрыхтоўкі магазінаў стралк. зброі — вінтовак, карабінаў, аўтаматаў, некаторых пісталетаў, кулямётаў і малакаліберных гармат). Абойма — метал. рамка, якая ўстаўляецца ў магазінную каробку агнястрэльнай зброі. У некаторых відаў зброі выкарыстоўваецца як дэталь, што ўтрымлівае і накіроўвае патроны пры іх дасылцы з магазіна ў патроннік.

2) Дэталь, прыстасаванне ў выглядзе скабы, абруча з паласавога жалеза, якія служаць для змацавання частак машын, збудаванняў і інш.

Абоймы: 1 — да вінтоўкі ўзору 1891/30; 2 — да самазараднага карабіна Сіманава; 3 — да вінтоўкі з пачкавым набіваннем; 4 — да аўтаматычнай пушкі.

т. 1, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАТВО́Р,

1) рухомая канструкцыя, якая цалкам або часткова перакрывае адтуліну і дае магчымасць рэгуляваць паступленне праз яе вадкасці, газу і інш. З. ў гідратэхнічных збудаваннях робяцца з металу, жалезабетону, дрэва; бываюць паверхневыя і глыбінныя; плоскія, сегментныя, шандорныя, вальцовыя, сектарныя, дыскавыя і інш. 2) Механізм фатаграфічнага апарата, які аўтаматычна рэгулюе працягласць экспанавання (вытрымку) фотаматэрыялу пры здымцы. Бываюць апертурныя (устанаўліваецца ўнутры аб’ектыва каля апертурнай дыяфрагмы) і факальныя (каля задняй факальнай плоскасці аб’ектыва). У залежнасці ад віду светлавых засланак падзяляюцца на дыскавыя (у т. л. абцюратар), пялёсткавыя, шторныя, ламельныя і інш. 3) Прыстасаванне ў агнястрэльнай зброі, прызначанае для дасылання патрона (артыл. выстралу) у патроннік (камору), запірання канала ствала з боку казённай часткі, выканання выстралу і выкідвання гільзы. Падзяляюцца на неаўтам., паўаўтам. і аўтам.; З. артыл. гармат — на клінавыя (вертыкальныя і гарызантальныя; выкарыстоўваюцца з пач. 17 ст.) і поршневыя (такі З. стварыў рус. вынаходнік У.​С.​Бараноўскі ў 1872).

Схема шторава-шчыліннага фатаграфічнага затвора: 1 — барабан; 2 — святлонепранікальныя шторкі; 3 — тасёмкі шторак; 4 — шчыліна; 5 — плёнка; 6 — гільзы шторак.
Затворы артылерыйскіх гармат: а — клінавы вертыкальны ў гармат малых калібраў (1 — казённік, 2 — клін); б — поршневы ў гармат сярэдніх і буйных калібраў (1 — рукаятка рамы, 2 — поршань; 3 — затворнае гняздо казённіка).

т. 7, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)