КЕРАТАПЛА́СТЫКА, перасадка рагавіцы,
пластычная аперацыя перасадкі рагавой абалонкі вока. Робяць К. пры бяльме рагавіцы з рэзка паніжаным зрокам (аптычная К.), калі рагавіца пакрыта язвамі, для ліквідацыі дэфекту пры раненнях і перфарацыях рагавіцы, для змены рэфракцыі рагавіцы (лячэбная К.). Касметычную К. робяць пры бяльме рагавіцы на сляпых вачах з мэтай стварыць ілюзію нармальнага вока. Пры К. паталагічна змененую рагавіцу ці яе частку замяшчаюць трансплантантам.
Л.М.Марчанка.
т. 8, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГІЯСПА́ЗМА (ад ангія... + спазма),
перыядычнае спазматычнае звужэнне прасвету артэрый, што прыводзіць да абмежаванага кровазабеспячэння (ішэмія) адпаведнага органа або тканкі. Узнікненню спрыяюць інтаксікацыя (алкаголь, нікацін), прафесійныя шкоднасці (вібрацыя, серавуглярод, свінец і інш.), пераахаладжэнне, ачагі факальнай інфекцыі, псіхатраўмы. Часта бывае ў паталагічна змененых сасудах, асабліва пры атэрасклерозе і гіпертанічнай хваробе. Працяглая спазма сасудаў сэрца можа выклікаць стэнакардыю і быць прычынай інфаркту міякарда. Пры ангіяспазме назначаюць спазмалітычныя прэпараты, лечаць асн. хваробу.
т. 1, с. 344
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЛО́ГІЯ МЕДЫЦЫ́НСКАЯ,
галіна медыцыны, якая вывучае дзеянне іанізавальнага выпрамянення на арганізм чалавека, распрацоўвае метады яго выкарыстання з дыягнастычнай і лячэбнай мэтамі, вырашае пытанні проціпрамянёвай аховы і радыегігіены. Уключае прамянёвую дыягностыку і прамянёвую тэрапію. Прамянёвая дыягностыка выкарыстоўвае выпрамяненні для даследавання будовы і функцый нармальных і паталагічна змененых органаў і сістэм чалавека. У яе ўваходзіць рэнтгенадыягностыка, радыенуклідная дыягностыка, ультрагукавая дыягностыка, магнітнарэзанансная візуалізацыя. Да прамянёвай дыягностыкі адносяцца таксама тэрмаграфія, ЗВЧ-тэрмаметрыя. Р.м. ўзнікла пасля адкрыцця рэнтгенаўскіх прамянёў і радыеактыўнасці. Пашырана ў анатоміі (прамянёвая нармальная і паталаг. анатомія), фізіялогіі (прамянёвая фізіялогія і патафізіялогія), біяхіміі (радыяцыйная біяхімія). На Беларусі пытаннямі Р.м. займаюцца ў НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі (вядучая навук. ўстанова), на кафедрах радыялогіі (прамянёвай дыягностыкі) Мінскага мед. ін-та, Бел. мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Выдаецца час. «Новости лучевой диагностики».
Літ.:
Михайлов А.Н. Рентгеносемиотика и диагностика болезней человека. Мн., 1989;
Яго ж. Лучевая диагностика в гастроэнтерологии. Мн. 1994;
Resnik D., Pettersson H. A skeletal radiology. Oslo, 1992;
Pettersson H. A global textbook of radiology. Oslo, 1995.
А.М.Міхайлаў.
т. 13, с. 240
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)