ПАСЦІЛА́ (ад лац. pastillus праснак, аладка),
кандытарскі выраб, прыгатаваны збіваннем фруктова-ягаднага пюрэ з цукрам і яечнымі бялкамі. Збітая маса мае драбнапорыстую пенападобную структуру, якую замацоўваюць змешваннем масы з гарачым клеявым сіропам з цукру, патакі і агар-агару (клеявая П.) ці мармеладнай масай (заварная П.).
т. 12, с. 175
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДЫ́ТАРСКІЯ ВЫ́РАБЫ,
харчовыя прадукты звычайна са значнай колькасцю цукру, прыемным смакам і пахам. Вызначаюцца высокай каларыйнасцю і засваяльнасцю. Падзяляюцца на цукрыстыя (цукеркі, шакалад, зефір, какава-парашок, пасціла-мармеладныя вырабы, халва і інш.) і мучныя (пячэнне, пернікі, тарты, пірожныя, кексы, вафлі, крэкеры, галеты і інш.).
Сыравінай для К.в. з’яўляюцца цукар, патака, мёд, мука, тлушч, малако, масла, арэхі, яйкі, харч. канцэнтраты, садавіна, ягады, жэліруючыя і араматызуючыя рэчывы, прыправы і інш. Сыравіна праходзіць тэрмічную (уварванне, абсмажванне, выпяканне) і мех. (здрабненне, перамешванне, замешванне, качанне, збіванне і інш.) апрацоўку. Выкарыстоўваюцца ўварвальныя вакуум-апараты, памада-збівальныя, мясільныя, катальныя, цукеркаадлівачныя, фармовачныя, загортачныя машыны і аўтаматы, ахаладжальныя і сушыльныя шафы і інш. Многія К.в. вітамінізуюцца; выпускаюцца дыетычныя і лячэбныя гатункі. Напр., у К.в. для хворых на цукр. дыябет цукар замяняюць сарбітам або ксілітам, для хворых анеміяй дадаюць гематаген, у вырабах для дзяцей не выкарыстоўваюць каву, зводзяць да мінімуму какаву. Гл. таксама Кандытарская прамысловасць.
т. 7, с. 581
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)