Паступальны рух 8/310; 9/135

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТУПА́ЛЬНЫ РУХ,

рух цвёрдага цела, пры якім прамая, што злучае любыя 2 пункты, перамяшчаецца паралельна самой сабе. Пры П.р. ўсе пункты цвёрдага цела апісваюць аднолькавыя траекторыі і маюць у кожны момант часу аднолькавыя па модулі і напрамку скорасці і паскарэнні. Вывучэнне П.р. цела зводзіцца да задачы кінематыкі пункта.

т. 12, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЎНАМЕ́РНЫ РУХ,

рух матэрыяльнага пункта ці паступальны рух цвёрдага цела, пры якім модуль скорасці пункта (цела) з цягам часу застаецца пастаянным. Вярчальны рух цвёрдага цела з’яўляецца Р.р., калі ён адбываецца вакол нерухомай восі з пастаяннай вуглавой скорасцю.

т. 13, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВАШЫ́ПНЫ МЕХАНІ́ЗМ,

механізм са звяном (крывашыпам або каленчатым валам), якое пры вярчэнні вакол нерухомай восі пераўтварае адзін від руху ў другі. Бываюць К. м. плоскія (з рухам усіх звёнаў у паралельных плоскасцях) і прасторавыя, чатырох- і шматзвёнавыя.

Найб. пашыраны плоскія крывашыпна-паўзунныя (пераўтвараюць вярчальны рух у прамалінейны зваротна-паступальны або наадварот), крывашыпна-каромыславыя (вярчальны рух — у хістальны) і крывашыпна-кулісныя (раўнамерна вярчальны рух — у нераўнамерна вярчальны, хістальны або зваротна-паступальны; гл. таксама Кулісны механізм). К. м. выкарыстоўваюцца ў поршневых рухавіках, помпах, кампрэсарах, прэсах, металарэзных станках, цестамясілках, снегапагрузчыках і інш. машынах.

Плоскія крывашыпныя механізмы: а — крывашыпна-каромыславы; б — крывашыпна-паўзунны; в — крывашыпна-кулісны; г — крывашып з пастаянным радыусам r; 1 — крывашып; 2 — шатун; 3 — каромысел; 4 — паўзун; 5 — куліса.

т. 8, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКРО́ЙНАЯ МАШЫ́НА, раскройная машына,

машына для выразання дэталей швейных вырабаў са слаёў (насцілу) палотнаў тканіны, трыкатажу або інш. матэрыялаў. Вышыня насцілу — да 30 см. Рэжучы інструмент у перасоўных З.м. — стальны пласціністы нож, які робіць верт. зваротна-паступальны рух, або вярчальны дыск; у стацыянарных — бясконцая стальная стужка-нож, нацягнутая на шківы. Укараняюцца лазерныя З.м.

Перасоўная закройная машына з вертыкальным нажом.

т. 6, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́РШНЕВАЯ МАШЫ́НА,

прыстасаванне для пераўтварэння энергіі рабочага цела (газу, пары, вадкасці) з дапамогай поршня, які робіць зваротна-паступальны рух у цыліндры. Пры руху поршня аб’ём, што займаецца рабочым целам, перыядычна мяняецца разам з інш. параметрамі (ціскам, т-рай і г.д.), у сувязі з чым энергія рабочага цела паніжаецца (П.м. — рухавік) або павышаецца (П.м. — кампрэсар, помпа). Да П.м. адносяцца большасць рухавікоў унутранага згарання, паравыя машыны, поршневыя кампрэсары і помпы.

т. 12, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕ́НЧАТЫ ВАЛ,

вярчальнае звяно крывашыпнага механізма, якое пераўтварае вярчальны рух у зваротна-паступальны і наадварот. Складаецца з некалькіх сувосевых карэнных шыек, што апіраюцца на падшыпнікі, і аднаго або некалькіх кален, шыйкі якіх злучаны з шатунамі. К.в. бываюць літыя і каваныя, суцэльныя і састаўныя. Робяцца з вугляродзістых і легіраваных сталей або высокатрывалага чыгуну. Выкарыстоўваюцца ў поршневых рухавіках, помпах, кампрэсарах, кавальска-прэсавых машынах і інш.

Каленчаты вал: 1 — карэнная шыйка; 2 — калена (крывашып); 3 — шатунная шыйка; 4 — шчака.

т. 7, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДАРСЭ́ ((Condorcet) Мары Жан Антуан Нікала) (17.9.1743, г. Рыбмон, Францыя — 29.3.1794),

французскі філосаф-асветнік, матэматык, сацыёлаг, паліт. дзеяч. Маркіз. Член Франц. АН (1769). З 1785 сакратар Франц. акадэміі; супрацоўнічаў у «Энцыклапедыі» Д.​Дзідро. Удзельнік франц. рэвалюцыі канца 18 ст. Дэп. Заканадаўчага сходу і Канвента. У філасофіі — прыхільнік дэізму і сенсуалізму. Чалавечы розум, паводле К., складае асн. сілу гісторыі, а яго неабмежаваныя магчымасці абумоўліваюць паступальны рух гіст. працэсу. Прыхільнік тэорыі натуральнага права. Прызнаваў актыўную ролю ў грамадскім развіцці разнастайных фактараў, асабліва эканомікі і палітыкі. Адмаўляў прынцып падзелу людзей на саслоўі і абгрунтоўваў ідэю паліт. раўнапраўя грамадзян. У эканам. пытаннях падзяляў погляды фізіякратаў. У матэматыцы даследаваў пераважна дыферэнцыяльныя і інтэгральныя ўраўненні, тэорыю верагоднасці.

В.​І.​Боўш.

т. 7, с. 577

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНВЕ́РСАР,

прыстасаванне, якое дае магчымасць пабудаваць лінію аднаго віду (напр., прамую) з лініі другога віду (напр., акружнасці). Прынцып работы засн. на геам. інверсіі; асн. частка І. — шарнірны механізм.

Першы І., які набліжана пераўтвараў кругавы рух у прамалінейны вынайшаў Дж.Уат (паралелаграм Уата, 1784) і выкарыстоўваў яго ў паравой машыне для спалучэння паступальнага руху поршня з вярчальным рухам махавіка. Шэраг падобных механізмаў сканструяваў П.Л.Чабышоў на аснове створанай ім тэорыі функцый, якія найменш адхіляюцца ад нуля (1858). Дакладныя спрамляльныя механізмы (напр., інверсар Паселье; 1864) выкарыстоўваюцца для пераўтварэння ліній з аднаго віду ў другі, у тэхніцы — для пераўтварэння кругавога руху ў зваротна-паступальны (гл. таксама Крывашыпны механізм, Кулісны механізм).

Інверсары: а — Паселье (здабытак адлегласцей OA∙OC= const пры любых перамяшчэннях пункта A адносна цэнтра інверсіі O); б — падвойны паралелаграм Уата ў паравой машыне.

т. 7, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАВА́Я МАШЫ́НА,

цеплавы рухавік, у якім энергія сціснутай пары пераўтвараецца ў мех. энергію (у зваротна-паступальны рух поршня ў цыліндры). Выкарыстоўвалася на ф-ках і з-дах, электрастанцыях, паравозах, параходах, лакамабілях, у сельскай гаспадарцы і інш.

Праект П.м. распрацаваў у 1763 І.І.Палзуноў (пабудавана ў 1766). П.м. з цыліндрам падвойнага дзеяння вынайшаў у 1784 Дж.​Уат, выкарыстаўшы для пераўтварэння прамалінейнага руху ў вярчальны спец. механізм — інверсар. Да канца 19 ст. П.м. была практычна адзіным пашыраным рухавіком у прам-сці і на транспарце. Мела добрыя цягавыя характарыстыкі, дапускала вял. перагрузкі і рэверсаванне, была надзейнай і простай. Магутнасць да 15 МВт, ккдз да 20—25%. Асн. недахоп — нізкая эканамічнасць, з-за чаго ў 1-й пал. 20 ст. вытв-сць П.м. спынена.

Схема паравой машыны: 1 — цыліндр; 2 — поршань; 3 — паўзун; 4 — махавік, 5 — каленчаты вал; 6 — залатнік.

т. 12, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)