канфігурацыі магнітнага поля, здольныя працяглы час утрымліваць зараджаныя часціцы ўнутры зададзенага аб’ёму прасторы. Натуральная М.п. — магн. поле Зямлі, якое ўтрымлівае касм. зараджаныя часціцы высокіх энергій (электроны і пратоны) і ўтварае радыяцыйныя паясы Зямлі па-за межамі яе атмасферы. У лабараторных умовах М.п. даследуюцца ў дастасаванні да праблемы ўтрымання плазмы і ажыццяўлення з іх дапамогай кіравальных тэрмаядзерных рэакцый.
Найпрасцейшая магнітная пастка. Стрэлкі паказваюць напрамкі магнітных сілавых ліній і току ў кааксіяльных шпулях (саленоідах).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭРАТЫЗА́ЦЫЯ (ад дэ... + франц. rat пацук),
комплекс мерапрыемстваў па знішчэнні шкодных грызуноў (пацукоў, мышэй, суслікаў, суркоў і інш.). Прафілактычная Д. накіравана на пазбаўленне грызуноў корму і піцця, а таксама месцаў для наладжвання нораў і гнёздаў. Знішчальную Д. праводзяць механічнымі (пасткі, петлі), біял. (бактэрыяльныя культуры, драпежнікі) і хім. метадамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫБАЛО́ЎНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,
прылады і прыстасаванні для лоўлі рыбы ў морах, азёрах, рэках і інш. вадаёмах. Сучасныя Р.п. вырабляюцца з палімерных матэрыялаў і розных метал. сплаваў. Паводле прынцыпу дзеяння падзяляюць на сеткавыя (аб’ячэйвальныя, пасткі-лабірынты, адцэджвальныя), кручковыя і ўсмоктвальныя.
Аб’ячэйвальныя сеткавыяР.п. (жаберныя сеткі) заблытваюць рыбу ў вочках сеткавага палатна. Сеткі падзяляюцца на стаўныя і плаўныя (свабодна плаваюць у тоўшчы вады). Сеткавыя пасткі-лабірынты ўжываюцца для адлову рыб, якія мігрыруюць. Складаюцца з камер для ўтрымання і назапашвання ўлову, уваходнага прыстасавання (дазваляе рыбе лёгка зайсці ў пастку і перашкаджае яе выхаду) і накіравальных крылаў. Адцэджвальныя сеткавыяР.п. затрымліваюць рыбу, адцэджваючы ваду праз вочкі сеткі. Да іх належаць тралы, закідныя, абкідныя, донныя невады і інш. Кручковыя Р.п. падзяляюцца на самалоўныя і прынадныя. У самалоўных востры кручок утыкаецца ў цела рыбы пры сутыкненні. Прынадныя разлічаны на тое, што рыба праглыне кручок разам з прынадай. УсмоктвальныяР.п. (рыбапомпы) ужываюцца пераважна для здабычы чародных марскіх відаў рыб, часцей у комплексе з крыніцамі святла ці электратоку, якія здольны штучна канцэнтраваць чараду рыб.
Бел. традыц.Р.п. падзяляюць на невады, сеткі, стаўныя і рухомыя пасткі, кручковыя снасці, ударныя прылады. Група невадоў аб’ядноўвае зімовыя невады, падвалокі (летнія невады), мутнікі (донныя невады), брэдні. Усе яны ўяўляюць сабой сеткавую сцяну з адкрытым сеткавым мяшком пасярэдзіне. Рыба, трапіўшы ў іх, нібы адцэджваецца ад вады. Блізкія да іх паводле прынцыпу лоўлі, але без сеткавага мяшка латы і крыгі. Сярод сетак найб. пашыраны адна- і трохсценныя (трыгубіцы). Іх устанаўлівалі на пэўны час у вадаёмах, сплаўлялі па цячэнні ракі або, перагарадзіўшы частку вадаёма, заганялі ў сетку рыбу спец. шастом — баўтом. У лоўлі рыбы стаўнымі пасткамі (езы, венцеры, мярэжы) выкарыстоўвалі натуральнае імкненне рыбы знайсці праход пры сустрэчы на сваім шляху перашкоды. У праёмах езаў і паасобку размяшчалі паплавы і нярэжкі (сеткавыя мяшкі на шастах), нераты, бучы; пад струмень вады, што біў з адтуліны ў плаціне вадзянога млына, падстаўлялі мяшок, нацягнуты на квадратную раму — ват. Рыбу, якая імкнулася да свежай вады з-за недахопу кіслароду ў замёрзлым вадаёме, лавілі ў палонках з дапамогай каробак і скрыпак. Рухомыя пасткі вызначаліся адсутнасцю ў іх перагародак, што перашкаджала выхаду рыбы. Таму, каб зберагчы ўлоў, пасткі хутка паднімалі з вады наверх. Волакам рыбачылі, сплаўляючы яго па цячэнні ракі; браданам (сеткавы мяшок, прымацаваны да двух шастоў, злучаных паміж сабой планкай) лавілі ўброд і з лодкі; таптухамі, кломлямі, сакамі рыбачылі ўброд. Хапунамі, падсакамі вычэрпвалі рыбу з вады, з наставак выбіралі рукамі. З прынадных кручковых снасцей найб. пашыраны паплаўковыя і донныя вуды, перамёты, старожні, снасці для лоўлі самоў, з імітацыйных — блісні, дарожкі, матылі, дракі. Ударнымі прыладамі рыбу нанізвалі на востры наканечнік (восці), падчэплівалі яе знізу круком (багром), аглушалі ўдарам па лёдзе дубінай, драўлянымі цуркай (чакухай), молатам, абухом сякеры. Як правіла, Р.п. выраблялі самі рыбаловы, зрэдку набывалі сеткавае палатно ў сеткавязальшчыкаў. Некат. снасці або іх тыпы былі характэрны для пэўных рэгіёнаў: для Палесся — паплавы, катцы, каробкі, нярэжкі, кломлі, таптухі на абручах, браданы, нераты ў форме поўнага конуса, матылі, чакухі; для Паазер’я — зімовыя невады, мутнікі, стаўныя аднасценныя сеткі, нераты ў форме паўконуса, блісні, дракі, багры; для Падняпроўя — трыгубіцы, скрыпкі, седжы, волакі без шастоў, брэдні з планкамі ў крылах. З традыц.Р.п. у сучасным прамысл. рыбалоўстве ўжываюць невады, сеткі, мярэжы, а ў аматарска-спартыўным — вуды, дарожкі, матылі, старажні, перамёты, блісні, падсакі. Папулярнымі сталі спінінгі. З’явіліся новыя тыпы вуд.
І.М.Браім (рыбалоўныя прылады на Беларусі).
Т.М.Шаўцова.
Да арт.Рыбалоўныя прылады. Расклад венцера з лодкі.Да арт.Рыбалоўныя прылады. Ват.Да арт.Рыбалоўныя прылады. Старажня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАПЕ́ЖНЫЯ ГРЫБЫ́,
мікраскапічныя сапратрофныя грыбы, здольныя ўтвараць на грыбніцы лоўчыя прыстасаванні, каб захопліваць здабычу — нематод, інфузорый, амёб і інш. Пашыраны па ўсім зямным шары. Трапляюцца пераважна ў глебе, на раслінных рэштках, экскрэментах жывёл, каранях раслін і г.д. Большасць Д.г. адносіцца да гіфаміцэтальных, некат. да перанаспаральных, хітрыдыяміцэтаў. Выкарыстоўваюцца для біял. барацьбы з нематодамі.
Міцэлій галінасты, на ім развіваюцца пасткі 3 тыпаў: клейкія (бакавыя вырасты гіфаў, шарападобныя галоўкі, сеткі), кольцы без клейкага рэчыва (дзейнічаюць механічна, ахвяра захрасае ў іх), кольцы з унутранай адчувальнай да дотыку паверхняй (сціскаюць ахвяру). У пастцы з дапамогай ферментаў раствараецца абалонка здабычы, грыбы прапускаюць у яе цела свае парасткі, якія паступова ператвараюцца ў развіты міцэлій.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯСТРО́МЫ (ад бія... + грэч. stroma подсціл),
1) арганагенныя пабудовы, утвораныя арганізмамі жывёльнага і расліннага паходжання (сцелюцца па дне вадаёмаў). Бываюць слаістыя, радзей масіўныя пластападобныя. Марфалагічна біястромы як геал. целы — пласты, серыі пластоў або сплюшчаныя лінзы, палеагеаграфічна — падводныя зараснікі, лугі. Біястромы, якія развіваюцца адна над адной, могуць утвараць біястэпы. У асадкавых адкладах Беларусі вядомы выкапнёвыя, пераважна складзеныя з сіне-зялёных водарасцяў (страматаліты) бістромы ва ўтварэннях верхняга пратэразою і сярэдняга дэвону Аршанскай упадзіны, сілуру і ніжняга дэвону Брэсцкай упадзіны, верхняга дэвону і карбону Прыпяцкага прагіну. У Прыпяцкім прагіне бістромы цікавыя як пасткі нафты і газу.
2) Сучасныя каралавыя рыфы. Пры жыцці арганізмаў біястромы могуць уваходзіць у склад рыфа або яго лагуннай часткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ МУЗЫ́ЧНА-ДРАМАТЫ́ЧНЫ ГУРТО́К АМА́ТАРАЎ (Існаваў у Магілёве ў 1897—98) (статут зацверджаны 7.1.1897). Меў на мэце прапагандаваць сярод жыхароў горада муз. і тэатр. мастацтва, садзейнічаць развіццю маст. здольнасцей сваіх членаў, дапамагаць дабрачынным установам. Складаўся з ганаровых і правадз. членаў, членаў-наведвальнікаў і членаў-выканаўцаў (96 чал.). Уключаў вакальны (распарадчык У.Нячаеў),
інструментальны (С.Віслоцкі) і драм. (П.Сухоцін) аддзелы. Члены гуртка наладжвалі літ.-муз. вечары (у т. л. 2.2.1898 прысвечаны М.Глінку), ставілі спектаклі. Выконваліся арыі з опер муз. класікаў, хары, рамансы, рус.нар. песні; выступалі з меладэкламацыяй, чыталі вершы. Паказаны спектаклі: «Шчаслівы дзень» М.Салаўёва і А.Астроўскага, «Шашкі» М.Крыніцкага, «Прапанова» А.Чэхава, «Пасткі» А.Пальма, «Не ў свае сані не садзіся» Астроўскага, камедыя «Сямейныя тайны» Дз.Азнабішына, вадэвіль «Варона ў паўлінавых пёрах» Кулікова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛЬ ((Paul) Вольфганг) (10.8.1913, Лорэнцкірх, Германія — 7.12.1993),
нямецкі фізік. Чл.Герм. акадэміі прыродазнаўчых навук «Леапальдзіна» (1964). Скончыў Тэхн.ун-т у Берліне (1937). З 1937 ва ун-це г. Кіль, з 1944 у Гётынгенскім ун-це (з 1950 праф.), з 1952 у Бонскім ун-це (дырэктар Фіз. ін-та). Адначасова ў 1979—89 прэзідэнт Фонду імя А.Гумбальта. Навук. працы па фізіцы малекулярных пучкоў, фізіцы высокіх энергій, спектраметрыі. Распрацаваў эл.-магн. прыстасаванне для ізалявання і ўтрымлівання іонаў у малым аб’ёме свабоднай прасторы на працягу часу, неабходнага для даследвання іх уласцівасцей (іонная пастка, ці «пастка П.»). Прапанаваў метад раздзялення і назапашвання пры дапамозе іоннай пасткі іонаў рознай масы, які выкарыстоўваюць у прэцызійнай спектраскапіі. Адзін са стваральнікаў Ням. электроннага сінхратрона (1957; г. Гамбург). Нобелеўская прэмія 1989 (разам з Г.Дэмелтам).