ПАСПАЛІ́ТАЕ ПРА́ВА,

агульнадзяржаўнае свецкае заканадаўства ВКЛ, устаноўленае Статутамі 1529, 1566 і 1588 у адрозненне ад царкоўнага і кананічнага права, гарадскога права, прававых сістэм, устаноўленых у асобных частках дзяржавы абласнымі прывілеямі і прававых норм розных канфесіянальных груп (яўрэяў, караімаў, татар).

т. 12, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСПАЛІ́ТАЕ РУШЭ́ННЕ,

шляхецкае апалчэнне ў феад. Польшчы і ВКЛ (Рэчы Паспалітай); асн. форма арганізацыі ўзбр. сіл дзяржавы, заснаваная на прынцыпе, што кожны шляхціц незалежна ад велічыні маёнтка ў час вайны абавязаны адпраўляцца ў ваенны паход. У ВКЛ з пач. 16 ст. землеўладальнікі ад кожных 8, а з 1566—10 службаў (у службе 2 дымы) выстаўлялі ў войска ўзбр. конніка, а калі зямлі было менш, землеўладальнікі ішлі служыць самі. У П.р. ўваходзілі таксама прывілеяваныя сяляне (асочнікі, стральцы, выбранцы), панцырныя баяры, путныя баяры, мяшчане, якія валодалі зямлёй, казакі, татары і інш. Час ад часу праводзіліся попісы войска Вялікага княства Літоўскага. Колькасць П.р. ВКЛ дасягала 30 тыс. чал. П.р. склікалася соймам, узначальвалася вял. гетманамі Польшчы і ВКЛ, часам каралём. Ужо ў 15 ст. немагчымасць караць шляхту і няздольнасць арганізаваць новыя спосабы вядзення вайны рабілі П.р. малапрыгодным. Існавала да канца 18 ст.

т. 12, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНА́ МАСКО́ЎСКАЙ ДЗЯРЖА́ВЫ З ВЯЛІ́КІМ КНЯ́СТВАМ ЛІТО́ЎСКІМ 1507—08,

вайна за аб’яднанне ўсх.-слав. зямель у складзе Маскоўскай дзяржавы. У лют. 1507 віленскі сейм прыняў рашэнне аб вяртанні зямель, страчаных у папярэдніх войнах. У крас. 1507 конныя маскоўскія палкі ўчынілі набегі на Полацк і Смаленск; у ліст. 1507 яны асадзілі Крычаў і Мсціслаў. Калі на дапамогу асаджаным стала падыходзіць паспалітае рушэнне ВКЛ, рус. войскі вярнуліся ў свае землі. Другі этап вайны звязаны з Глінскіх мяцяжом 1508. Сабраўшы каля 2 тыс. чал., М.Л.Глінскі заняў Тураў і Мазыр, спрабаваў захапіць Слуцк і інш. гарады. Вял. князь маскоўскі Васіль III накіраваў пад Слуцк на дапамогу Глінскаму войска на чале з В.​І.​Шамячычам, а палкі Д.​Шчэні і Я.​Захар’іна — на Смаленск, трэцюю групу войска — на Полацк. Шамячыч і Глінскі аблажылі Мінск, рабілі рэйды аж да Слоніма. Паспалітае рушэнне ВКЛ, аб’яднаўшыся з польск. войскам (усяго 15—16 тыс. чал.), пад камандаваннем К.І.Астрожскага прымусіла Шамячыча і Глінскага адступіць, а маскоўскае войска — зняць аблогу Оршы. Асобныя атрады ВКЛ напалі на Северскую зямлю, занялі Дарагабуж і Таропец. Маскоўскія ваяводы неўзабаве зноў вярнулі гэтыя гарады. Вайна скончылася безвынікова. Пагадненне аб чарговым «вечным міры» замацавала паміж дзяржавамі ранейшыя межы.

Г.​М.​Сагановіч.

т. 3, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́НРЫКАВЫ АРТЫ́КУЛЫ (лац. Articuli Henriciani),

акт аб абмежаванні вярхоўнай улады манарха ў Рэчы Паспалітай сеймам, прыняты ў 1574 пры абранні каралём і вял. князем Генрыка Валезы (гл. ў арт. Генрых, франц. каралі). Складаўся з 18 пунктаў, паводле якіх кароль абавязваўся правіць разам з радай (18 чал. з сенатараў) без спадчыннага замацавання трона, склікаць сеймы праз 2 гады, без аднагалоснай згоды сейма не заключаць мір і не аб’яўляць вайну, не склікаць шляхецкае апалчэнне — паспалітае рушэнне, не ўводзіць новых падаткаў. Шляхце давалася права адмаўляцца ад паслушэнства каралю пры парушэнні ім Генрыкавых артыкулаў. Без змен Генрыкавы артыкулы пацвярджаліся наступнымі каралямі пры іх абранні на трон Рэчы Паспалітай.

т. 5, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНА́ МАСКО́ЎСКАЙ ДЗЯРЖА́ВЫ З ВЯЛІ́КІМ КНЯ́СТВАМ ЛІТО́ЎСКІМ 1534—37,

вайна за аб’яднанне ўсх.-слав. зямель у складзе Маскоўскай дзяржавы, за землі, страчаныя ў час папярэдніх войнаў. У жн. 1534 корпус на чале з І.​Вішнявецкім накіраваны на Смаленск, а корпус А.​Неміровіча — у Северскую зямлю. Першы не здолеў авалодаць горадам, другі заняў толькі Радагошч. Зімой маскоўскае войска папаліла і зруйнавала на Беларусі неўмацаваныя гарадкі, але пад вясну вярнулася дадому. У 1535 паспалітае рушэнне ВКЛ злучылася з польскім войскам і накіравалася ў Северскую зямлю, дзе заняло Гомель, Почап, Радагошч, Старадуб. У чэрв. 1535 маскоўскія войскі зноў напалі на ВКЛ, спалілі Крычаў, Дуброўну, Оршу. Неўзабаве войскі ВКЛ адступілі з Северскай зямлі, пакінуўшы за сабой толькі Гомель. У канцы зімы 1536 невял. сілы ВКЛ спрабавалі захапіць Себеж. Летам 1536 маскоўскія войскі разгарнулі ваен. дзеянні ў бел. Падняпроўі, але былі разбіты пад Крычавам. У лют. 1537 дасягнута пагадненне: Гомель застаўся ў ВКЛ, Себеж і Завалочча перададзены Маскоўскай дзяржаве, астатнія межы засталіся нязменныя.

т. 3, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́РМІЯ (франц. armée ад лац. armare узбройваць),

1) ваенны орган дзяржавы, прызначаны праводзіць яе палітыку сродкамі ўзбр. насілля.

Узнікла разам з дзяржавай. Кожная сац.-эканам. фармацыя мела адпаведныя формы арганізацыі. Вядомы арміі: масавая, наёмная, міліцыйная, пастаянная, рэгулярная. Пастаянныя ўзбр. атрады разам з апалчэннем складалі аснову будаўніцтва першых рабаўладальніцкіх дзяржаў. Тады з’явіліся амаль усе формы арганізацыі арміі, якая складалася з лёгкай, сярэдняй і цяжкай пяхоты, конніцы, калясніц баявых і інш. У феад. эпоху фарміраваліся і выкарыстоўваліся таксама вярбовачныя і наёмныя войскі, у ВКЛ у 14—18 ст. аснову арміі складала апалчэнне — т.зв. паспалітае рушэнне, ядром якога была княжацкая дружына, вярбовачныя і наёмныя атрады і інш. Пазней узнікла кадравая армія сучаснага тыпу.

2) Сукупнасць узброеных сіл дзяржавы.

3) Аператыўнае аб’яднанне пэўнага віду ўзбр. сіл. Складаецца з некалькіх злучэнняў і часцей розных родаў войскаў, у т. л. спец. войскаў. Выконвае аператыўныя задачы ў ходзе баявых дзеянняў. Бываюць арміі агульнавайсковыя, танкавыя і інш. Кожная армія мае свой нумар або найменне. Звычайна армія ў час вайны ўваходзіць у склад фронту (групы арміі, армейскай групы), але можа дзейнічаць і самастойна.

4) Від узбр. сіл (побач з ракетнымі войскамі, войскамі ППА, ВПС, ВМФ). Гл. Сухапутныя войскі.

5) Частка ўзбр. сіл дзяржавы, спец. падрыхтаваная для раптоўнага нападу на тэрыторыю якой-н. краіны ў пачатку або ў ходзе вайны (армія нападу) або першаснай абароны граніцы дзяржавы ад раптоўнага нападу агрэсара, каб забяспечыць ваенную мабілізацыю і разгортванне гал. сіл (армія прыкрыцця).

6) У пераносным сэнсе — вял. колькасць людзей, аб’яднаных якой-н. агульнай справай, прыкметай (напр., працоўная армія і інш.).

т. 1, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛІЦЫ́ЙНАЯ АРМІЯ,

1) армія, якая ствараецца на аснове тэрытарыяльна-міліцыйнай сістэмы буд-ва ўзброеных сіл; у мірны час на службу прызываецца невял. колькасць кадравых ваеннаслужачых (пераважна камандны склад), а ваеннаабавязаныя, у т. л. радавы склад, якія прыпісаны да часцей (па месцы жыхарства), праходзяць ваен. навучанне паводле метаду пазавайсковай падрыхтоўкі і кароткатэрміновых вучэбных збораў.

Прататып М.а. — апалчэнні, якія існавалі ў шэрагу рабаўладальніцкіх дзяржаў (Сірыі, Егіпце, Урарту і інш.), пазней — сярэдневяковыя гар. апалчэнні шэрагу еўрап. краін (у ВКЛ мелі назву Паспалітае рушэнне), з 19 ст. нац. гвардыя ў Францыі і інш. У СССР у 1920—30 былі часці і злучэнні М.а., у т. л. на тэр. Беларусі 2-я Бел. дывізія, а таксама 16-ы стралк. корпус, 27, 29, 33, 37-я дывізіі Бел. ваен. акругі. З 1935 Узбр. Сілы СССР, у т. л. часці, што дыслацыраваліся на тэр. Беларусі, пераведзены на адзіную кадравую сістэму іх буд-ва, якая замацавана ў 1939 Законам аб усеагульным воінскім абавязку.

У сувязі са значнымі зменамі, якія адбыліся ў ваен. справе, класічны прынцып арганізацыі М.а. сёння практычна не выкарыстоўваецца. У некат. краінах М.а. (у ЗША — частка нац. гвардыі, у Вялікабрытаніі — войскі графстваў і інш.) з’яўляецца толькі дадаткам і рэзервам пастаяннай рэгулярнай кадравай арміі. Як асн. ваенная арг-цыя М.а. існуе толькі ў Швейцарыі (гл. таксама Тэрытарыяльныя войскі). У Рэспубліцы Беларусь камплектаванне арміі салдатамі і сяржантамі ажыццяўляецца ў асн. па тэрытарыяльнай, а ў пагран. і ўнутр. войсках — па экстэрытарыяльнай прыкмеце.

2) У пераносным сэнсе міліцыйныя злучэнні, часці і падраздзяленні. У пач. 1920-х г. існавалі ў Расіі (СССР) — 9 дывізій і адна міліцыйная брыгада, якія ў 1923 перафарміраваны ў тэр.-міліцыйныя дывізіі. У 1966 міліцыйныя часці адноўлены з мэтай нясення патрульна-паставой службы ў буйных гарадах, у т. л. ў Мінску (асобны спец. матарызаваны батальён міліцыі, з 1989 — полк, з 1993 — асобная міліцыйная брыгада). У 1990 на базе часцей 43-й канвойнай дывізіі сфарміраваны батальёны міліцыі ў абласных цэнтрах і буйных гарадах Беларусі. У 1995 створаны корпус аховы грамадскага парадку, у склад якога ўвайшлі міліцыйныя і інш. часці (падраздзяленні) Унутр. войск.

І.​М.​Вяроўка, Р.​Ч.​Лянькевіч.

т. 10, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГРАНІ́ЧНЫЯ ВО́ЙСКІ (у некаторых краінах пагранічная ахова, пагранічная варта),

спецыяльныя войскі, прызначаныя для абароны паліт., ваен. і эканам. інтарэсаў дзяржавы на яе сухап., марскіх, рачных (азёрных) рубяжах. П.в. Рэспублікі Беларусь складаюцца з пагранічных атрадаў, спец. і вучэбных часцей (падраздзяленняў). Падпарадкоўваюцца Прэзідэнту. Непасрэднае кіраўніцтва імі ажыццяўляе старшыня дзярж. камітэта — камандуючы П.в. праз падпарадкаваныя яму штаб і інш. структуры кіравання. Створаны паводле пастановы Вярх. Савета Беларусі ад 20.9.1991 на базе П.в. КДБ СССР, што дыслацыраваліся на тэр. Беларусі. З 1992 у веданні Гал. ўпраўлення П.в. пры Савеце Міністраў, якое ў 1997 пераўтворана ў Дзярж. к-т пагран. войск Рэспублікі Беларусь. П.в. забяспечваюць недатыкальнасць граніц (гл. Граніца дзяржаўная), падтрымліваюць устаноўлены законам пагран. рэжым, сумесна з мытнымі органамі ажыццяўляюць пагранічны кантроль і інш. П.в. выконваюць свае задачы самастойна пры падтрымцы мясц. органаў дзярж. улады і насельніцтва прыгранічных раёнаў. Маюць на ўзбраенні сучасныя віды стралк. зброі і баявой тэхнікі, рачныя караблі, верталёты і спец. тэхн. сродкі. Падрыхтоўку афіцэрскіх кадраў для П.в. ажыццяўляюць ф-ты Ваен. акадэміі і Ін-та нац. бяспекі Рэспублікі Беларусь.

П.в. зарадзіліся ў 14 ст. На тэр. ВКЛ, акрамя ўдзелу ў апалчэнні (гл. Паспалітае рушэнне) гар. абшчына выконвала шэраг абавязкаў па вартавой службе і мясц. абароне. У многіх гарадах, найперш памежных, да ўвядзення магдэбургскага права (канец 14 ст.) існавалі асобыя катэгорыі мяшчан, якія пастаянна неслі ваен., у т. л. вартавую, службу. У некаторых гарадах на Зах. Дзвіне вартавую службу неслі таксама казакі (напр., у Полацку на замку ў 1552 рэестр зафіксаваў 6 казацкіх службаў). У Расіі ў 1571 з’явілася «Улажэнне аб станічнай і вартавой службе», у 1754 створаны пагран. мытні (з 1772 і на тэр. ўсх. Беларусі), у 1811 уведзена «Палажэнне аб арганізацыі пагранічнай казённай стражы», якая ў 1899 атрымала вайсковае ўпарадкаванне (пагран. брыгады, акругі і інш.). У СССР першыя пагран. часці сфарміраваны ў 1918, на тэр. БССР — у 1924. У 1932 за вял. заслугі ў ахове рубяжоў і актыўны ўдзел у гасп.-паліт. умацаванні пагран. раёнаў пагран. войскі ДПУ БССР узнаг. ордэнам Прац. Чырв. Сцяга БССР (уручаны Дзярж. к-ту пагран. войск Рэспублікі Беларусь у 1998). У Вял. Айч. вайну пагранічнікі зах. рубяжоў СССР першыя прынялі на сябе ўдар ням -фаш. захопнікаў. Гераічнае супраціўленне агрэсару аказалі пагранічнікі, у т. л. тыя, што былі сярод абаронцаў Брэсцкай крэпасці (падраздзяленні 17-га пагранатрада і інш.), байцы застаў, якімі камандавалі А.М.Кіжаватаў, В.М.Усаў, А.​М.​Сівачоў. Асабовы склад пагран. палкоў, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Беларусі ад акупантаў, вызначыўся пад Магілёвам, Оршай, Мінскам і Баранавічамі (за баявыя подзвігі пагранічнікам Ф.Г.Крылову і А.​М.​Наскову пасмяротна прысвоена званне Героя Сав. Саюза).

А.​А.​Паўлоўскі.

Да арт. Пагранічныя войскі: пагранічны кантроль на прапускных пунктах Брэст-Цэнтральны і Брузгі.
Да арт. Пагранічныя войскі: пагранічны нарад аглядае кантрольна-следавую паласу.

т. 11, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАРЫ́НА (Францыск) (каля 1490, г. Полацк Віцебскай вобл. — каля 1551),

бел. і ўсх.-славянскі першадрукар, асветнік-гуманіст, пісьменнік, грамадскі дзеяч, вучоны-медык. Дакладная дата нараджэння невядома. Супастаўленне звестак пра паступленне ў Кракаўскі ун-т (1504) і абароны доктарскай дысертацыі ў Падуанскім ун-це (1512), дзе ён названы «маладым чалавекам», дае падставы прыняць 1490 як прыблізны год яго нараджэння (дапушчальна і 2-я пал. 1480-х г.). Звесткі пра сям’ю С. вядомы з канца 15 ст. Бацька С. — Лук’ян Скарына згадваецца ў спісе рас. пасольскіх прэтэнзій 1492 да полацкіх купцоў. Старэйшы брат С. Іван названы ў каралеўскім дэкрэце адначасова віленскім мешчанінам і палачанінам. Невядома і хроснае імя С. Гіпотэза пра тое, што С. іменаваўся Георгіем, новымі дакументальнымі адкрыццямі не пацвярджаецца. У сваіх выданнях С. больш за 100 разоў выкарыстоўвае імя «Франциск», зрэдку «Францишек». У актах ВКЛ на лац. мове яго імя называюць «Franciscus», на бел. мове «Франьцышак», «Франьцышъко». Першапачатковую адукацыю С. атрымаў, відаць, у Полацку. Тут або ў сталіцы ВКЛ Вільні прайшоў ён і далейшыя школьныя навукі, авалодаў лац. мовай. У зімовы семестр 1504 С. паступіў у Кракаўскую акадэмію (ун-т) на факультэт вольных мастацтваў або філасофіі. У Кракаве С. ўсвядоміў навуч. і асветніцкія магчымасці друкаванай кнігі. У 1506 ён вытрымаў экзамен на ступень бакалаўра вольных мастацтваў. Невядома, дзе С. знаходзіўся ў 1507—12. Магчыма, ён скончыў ун-т і ў Празе, дзе атрымаў ступень доктара філасофіі, але больш верагодна, што доктарскі дыплом ён атрымаў у Кракаве. Запіс у акце Падуанскага ун-та 9.11.1512 сведчыць пра тое, што ён быў сакратаром караля «Дацыі» (?). Не пазней восені 1512 С. прыбыў у г. Падуя, каб набыць ступень доктара медыцыны. Можна меркаваць, што грунтоўную мед. адукацыю С. атрымаў у Кракаве або ў Падуі ці Балонскім ун-це. 9.11.1512 С. абараніў ступень доктара мед. навук. Пра дзейнасць С. ў 1513—16 дакумент. звесткі не выяўлены, але менавіта ў гэты час ён вырашыў пачаць кнігадрукаванне. У 1510-я г. С. наведаў Вільню, Полацк, інш. гарады ВКЛ і заручыўся падтрымкай суайчыннікаў. Інтэнсіўная выдавецкая дзейнасць С. ў Празе ў 1517—19 дазваляе думаць, што ён пасяліўся тут не пазней як у 1516. 6.8.1517 С. выдаў сваю 1-ю кнігу — Псалтыр. На працягу наступных 2 гадоў ён выдаў 19 кніг (або 22, калі лічыць кнігі «Царстваў» за 4) Старога Запавету: «Іоў», «Прытчы Саламона», «Ісус Сірахаў» (усе 1517), «Еклесіяст», «Песня песняў», «Прамудрасць Божая», «Царствы», «Ісус Навін» (усе 1518), «Юдзіф», «Суддзі», «Быццё», «Выхад», «Левіт», «Лічбы», «Другі закон», «Руф», «Эсфір», «Плач Ераміі», «Прарок Данііл» (усе 1519). Некат. з апошніх выданняў, якія не маюць выхадных звестак і традыцыйна датуюцца 1519, магчыма, надрукаваны ў 1520. У пач. 1520-х г. С. пераехаў у Вільню, дзе каля 1522 выдаў «Малую падарожную кніжку», якая складаецца з 23 частак: «Пісаныя рэчы», Псалтыр, «Часасловец», «Акафіст магіле гасподняй», «Канон магіле гасподняй», «Акафіст архангелу Міхаілу», «Канон архангелу Міхаілу», «Акафіст Іаану Прадцечы», «Канон Іаану Прадцечы», «Акафіст Багародзіцы», «Канон Багародзіцы», «Акафіст святым Пятру і Паўлу», «Канон святым Пятру і Паўлу», «Акафіст святому Міколе», «Канон святому Міколе», «Акафіст крыжу гасподняму», «Канон крыжу гасподняму», «Акафіст Ісусу», «Канон Ісусу», «Шасцідневец», «Канон пакаяльны», «Канон на ютрані», «Саборнік». Некат. часткі, магчыма, выходзілі як асобныя выпускі. У 1525 у Вільні С. выдаў кн. Апостал. З сярэдзіны 1520-х г. С. служыў сакратаром віленскага біскупа Яна, займаўся і мед. дзейнасцю. У Вільні ён ажаніўся з Маргарытаю, удавой віленскага радцы Юрыя Адверніка, і жыў у яе камяніцы на Нямецкай вул., недалёка ад палаца князёў Слуцкіх. Як лічаць даследчыкі, у канцы 1520 — пач. 1530-х г. С. наведаў Маскву, каб распаўсюдзіць там свае выданні. У 1530 па нейкіх прычынах ездзіў у Кёнігсберг да герцага Альбрэхта. Відаць, гэта было звязана з распаўсюджаннем у 1529—30 у Прускім герцагстве пандэміі т.зв. англ. гарачкі. Паводле інш. меркаванняў, увагу герцага прыцягвала асветніцкая і выдавецкая дзейнасць С. У канцы 1520 — пач. 1530-х г. матэрыяльнае становішча С. пагоршылася: памерлі амаль усе апекуны яго выдавецкай дзейнасці (Якуб Бабіч, Багдан Онкаў, Рыгор Адвернік); пачаліся судовыя працэсы ў Вільні з-за маёмасці жонкі, як удзельнік гандлёвых аперацый нябожчыка брата Івана С. быў зняволены на некалькі месяцаў у пазнанскай турме; пажар 1530 знішчыў значную частку Вільні, магчыма, і яго друкарню; апякун С. віленскі біскуп Ян у 1536 пераведзены ў Познань, дзе неўзабаве памёр. Спалучэнне розных абставін і адсутнасць падтрымкі вымусілі С. пакінуць ВКЛ і ад’ехаць у Прагу.

У канцы 1530-х г., магчыма, і ў 1540-я г. С. працаваў садоўнікам каралеўскага парку на Градчанах. Невядомы і дакладны час смерці С. Відаць, гэта здарылася каля 1551, бо ў студз. 1552 яго сын Сімяон атрымаў ад чэшскага караля прывілей на права атрымаць спадчыну бацькі. Свае прэтэнзіі на маёмасць С. ў 1552 аб’явілі Марцін Онкавіч і лаўнік віленскага магістрата купец Тоўсцік. Некат. даследчыкі лічаць, што С. памёр да 1541. Месца пахавання С. таксама невядома.

Заснаванне С. бел. кнігадрукавання стала вяршыняй яго духоўнай дзейнасці, найб. яскравым і выразным пралогам бел. Адраджэння. У друкаванай кнізе С. бачыў невычэрпныя магчымасці духоўнай асветы народа, выхавання высокіх хрысц. маральных і грамадзянскіх якасцей, усё большага далучэння і актыўнага ўзаемадзеяння з еўрап. культурай. Ажыццяўленню яго плана спрыялі падарожжы па краінах з развітым кнігадрукаваннем (Польшча, Чэхія, Італія і інш.) і матэрыяльная падтрымка бел. мяшчан Вільні і Полацка. У адрозненне ад Польшчы, дзе друкарская справа была манапалізавана, а таксама духавенства і вярх. ўлада не падтрымлівалі падобных праектаў, больш спрыяльныя ўмовы для рэалізацыі сваіх планаў С. бачыў у Чэхіі. Менавіта ў Празе ён завяршыў пераклад і каменціраванне тэкстаў Бібліі на падставе лац., чэшскіх, стараж.-яўр. і царк.-слав. крыніц і ў 1517—19 выдаў 23 кнігі Старога запавету («Бівліі рускай»). Віленскія выданні 1520-х г. — «Малая падарожная кніжка» і Апостал — больш звязаны з традыцыйнай бел. і ўсх.-слав. кніжнасцю (за выключэннем некат. дадаткаў, арнаментыкі і каментарыяў С.) і выдаваліся на царк.-слав. мове. У Вільні С. меў сваю друкарню ў доме бурмістра Якуба Бабіча і займаўся непасрэднымі друкарскімі справамі. Бел. кнігадрукаванне пачалося адразу на высокім еўрап. узроўні. Рэнесансавыя выданні С. вылучаюцца высокімі выдавецкімі і друкарскімі якасцямі, адметныя мастацкім, гравюрным, арнаментальным упрыгожаннем, шрыфтам і інш. кампанентамі выдавецкай эстэтыкі і майстэрства. Яны вылучаліся практычнымі памерамі, а каментарыі разлічаны на ўспрыняцце простым («паспалітым») людам. З гэтай мэтай ён тлумачыў на палях кнігі архаічныя царк.-слав. словы «рускай мовай». Інш. маргіналіі С. павінны былі падкрэсліць духоўнае адзінства Св. пісання. З замежных, магчыма, славянскіх выданняў С. запазычыў падзел псалмоў на вершы. Кнігі С. зрабілі вял. ўплыў на развіццё духоўнай культуры Беларусі і Украіны, стымулявалі ўзнікненне кнігадрукавання ў Маскоўскай Русі, распаўсюджваліся ў шматлікіх рукапісных копіях. Арнаментальныя матэрыялы Віленскай друкарні С. да 1652 выкарыстоўваліся ў выданнях найбуйнейшай бел. друкарні — Віленскай брацкай друкарні і Еўінскай друкарні, а пражскія ініцыялы сустракаюцца ў выданнях Астрожскай друкарні на Украіне ў канцы 16 ст. На думку даследчыкаў, рэнесансавыя гравюры пражскіх выданняў С. выконвалі прадстаўнікі розных мастацкіх школ пры ўдзеле самога С. (партрэт С. да кніг «Ісус Сірахаў» і «Царствы»). У Віленскай друкарні С., безумоўна, працавалі і бел. мастакі, гравёры, рамеснікі, друкары. Маргінальныя запісы 16—18 ст. на кнігах С. сведчаць пра актыўнае іх выкарыстанне рознымі пластамі бел. і замежных чытачоў. Выданні С. з’яўляюцца выдатнымі помнікамі рэнесансавага пісьменства. Іх месца ў еўрап. і бел. культ.-гіст. працэсе вызначаецца гіст. ўмовамі, традыцыямі, своеасаблівасцю і былі арыентаваны на ўсе пласты насельніцтва, прызначаліся для прыватнага і сямейнага чытання, выкарыстання ў царк. службах і свецкіх б-ках. агульным узроўнем духоўнага развіцця Беларусі і ўсх.-слав. зямель ВКЛ. Біблія С. не адпавядае ніводнаму з вядомых рукапісных ці друкаваных зводаў Св. пісання. Яна адыходзіць ад царк. традыцый не столькі складам і зместам, колькі агульнай накіраванасцю, свецкай хрысціянскай прыўзнятасцю, грамадскімі, нац.-патрыятычнымі, гуманістычнымі і асветніцкімі тэндэнцыямі.

Творы С. ўяўляюць сабой сукупнасць уступных, заключных і каменціруючых матэрыялаў, дастасаваных да адпаведных біблейскіх кніг і ствараюць з імі і з усёй Бібліяй арганічную цэласнасць. Асн. ролю адыгрываюць «предъсловия» і блізкія да іх «сказания». У пражскіх выданнях змешчаны 21 прадмова і 4 сказанні, у віленскіх — адпаведна 2 і 21. Большасць даследчыкаў адносіць прадмовы і сказанні да адной жанравай разнавіднасці, на думку іншых, сказанні бліжэй да пазнейшых бел. пропаведзяў, казанняў. Яны звычайна больш сціслыя, адрозніваюцца сваёй стылістыкай, красамоўствам, насычаны багаслоўскай рыторыкай. Кнігі С. былі арыентаваны на ўсе пласты насельніцтва, прызначаныя для прыватнага і сямейнага чытання, выкарыстання ў царк. службах і свецкіх б-ках. Каб пазбегнуць спрошчанага ці памылковага ўспрыняцця Бібліі, С. імкнуўся ў простай і зразумелай форме каменціраваць біблейскія тэксты, падаваць звесткі пра гіст., побытавыя, багаслоўскія, моўныя рэаліі. У тэалагічным кантэксце асн. месца ў прадмовах і сказаннях С. займае т. зв. экзагеза — тлумачэнне алегарычнага зместу кніг Старога запавету. Комплекс прадмоў і сказанняў С. дапаўняюць калафоны — сціслыя ўступныя каментарыі да раздзелаў кожнай кнігі. У іх дасканалыя выяўл. сродкі, публіцыстычнасць, экспрэсіўнасць, прытчавы і алегарычны характар, багацце гіст., філас., тэалагічных каментарыяў, сугучнасць узнёслай моўнай стылістыцы Бібліі. Празаічныя творы С. ў «Малой падарожнай кніжцы» ўпрыгожвае і дапаўняе вял. гімнаграфічны цыкл, у т. л. аўтарскія гімны. Побач з аўтарскай прозай у прадмовах С. прасочваюцца прыкметы інш. літ. жанраў, якія пазней занялі значнае месца ў бел. л-ры і пісьменстве, у т. л. сілабічнае вершаскладанне (вольны пераклад дэкалога ў прадмове да кн. «Выхад» і інш). Спасылкі С. на стараж.-яўр., грэч., слав. і лац. пераклады, на багаслоўскія і каменціруючыя творы ант. і сярэдневяковых аўтараў сведчаць пра тое, што сваю дзейнасць ён разглядаў у рэчышчы айчынных, агульнаеўрап. і агульнахрысц. культ.-гіст. працэсаў як этап духоўнага прасвятлення, хрысціянізацыі, маральнага ачышчэння і ўдасканалення свайго народа. З тэалагічнымі і канкрэтна-біблейскімі каментарыямі С. арганічна звязаны аўтарскія разважанні, адступленні, трактоўкі, апісанні, пропаведзі, што дазваляе меркаваць пра яго грамадскія і інш. погляды.

Своеасаблівасць літ. і выдавецкай дзейнасці С. выразна засведчана ў жанрава-тэматычным выбары першадрукаў, іх унутр. структуры, перакладзе і каментарыях, маст., літ.-пісьменніцкіх, філас. і моўных рысах яго выданняў, у агульнай арыентацыі яго творчасці на патрэбы Айчыны і народа. Упершыню ў гісторыі Беларусі былі так цесна зліты ідэі адзінства і прымату хрысціянскай і этнічнай свядомасці. Яскравым пацвярджэннем этнагіст. і патрыят. свядомасці С. з’яўляецца яго замілаванне Полацкам і Полаччынай. Яно напаўняла яго любоўю да сваёй малой радзімы, сям’і, жаданнем служыць свайму народу, распаўсюджваць хрысціянскія і рэнесансава-гуманістычныя погляды, натхняць на асабістую і грамадскую актыўнасць, дасканаласць, на спасціжэнне высокіх сэнсаў зямнога быцця і боскіх запаветаў. Звяртаючыся ў сваіх кнігах да ўсяго народа, С. заснаваў у бел. л-ры навук.-асветніцкую, маральна-дыдактычную, філас. публіцыстыку. Асн. метадам публіцыст. актуалізацыі біблейскай праблематыкі стала яе гуманіст. інтэрпрэтацыя, накіраваная на ўдасканаленне сац паліт., прававых і маральна-бытавых ін-таў грамадства. На думку С., кніга «Іоў» — люстэрка жыцця, лекі для збалелай душы. Аповесць пра подзвіг Юдзіфі — узор патрыятызму, самаахвярнасці, бескарыслівага служэння грамадскаму дабру. Любоў да Радзімы — самае першае і высокае духоўнае пачуццё: «Понеже от прирожения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя; птици, летающие по воздуху, ведають гнезда своя; рибы, плывающие по морю и в реках, чують виры своя; пчелы и тым подобная боронять ульев своих, — тако ж и люди, игде зродилися и ускормлены суть по бозе, к тому месту великую ласку имають». Важнае месца ў творчасці С. займала сцвярджэнне духоўнай каштоўнасці роднай мовы. Каб надаць сваёй публіцыстыцы пераканаўчасць, ён карыстаўся рознымі выяўл. сродкамі красамоўства, стыліст. фігурамі, паўторамі, рытарычнымі воклічамі, пытаннямі. У яго прозе спалучаны асаблівасці пісьмовай і гутарковай мовы.

Літ.-эстэт. погляды С. адметныя кампрамісам паміж хрысціянскім этычным ідэалізмам з характэрным для яго маральным рыгарызмам і рэнесансавым гуманізмам, арыентаваным на зямную гармонію і красу. Паняцце прыгожага ўжывалася С. у эстэт., этычных, утылітарна-практычных значэннях. Сінтэз фалькл. і хрысц. разумення гэтага паняцця выявіўся ў трактоўцы прыгажосці як жыватворнага пачатку зямнога быцця. Літаратурны, свецкі аспекты прыгажосці падкрэсліваецца ім у вызначэнні стараж. грэкаў як мудралюбцаў і красамоўцаў. Паняцце агіднага С. абазначаў тэрмінамі «прыкрость», «неуставичность», «мерзость». Катэгорыя ўзнёслага азначае ў яго не толькі атрыбут Бога, але і духоўную ці грамадзянскую веліч чалавека (узнёсла-гераічны вобраз Юдзіфі). Грамадзянска-патрыятычны аспект узнёслага — у скарынаўскіх тытулах «вялікіх», «вялікаслаўных» гарадоў Полацка, Вільні і Прагі. У прадмовах і анатацыях С. развіваў традыц. хрысц. і фалькл. дыялектыку ўзаемапераходу нізкага і высокага: не толькі Бог «возводить смиренныя на высокость и немощные приводить къ полному здравию» (кн. «Іоў»), але і мудрасць, духоўны подзвіг «узносіць паніжанага», паказваючы «высокость свою и славу» (анатацыя да кн «Ісус Сірахаў»). Катэгорыю трагічнага С. раскрывае тэрмінамі «беды і немоци». Разуменне трагічнасці жыцця, паводле яго канцэпцыі, уваходзіць у паняцце чалавечай мудрасці. У творах С. сінтэзаваліся ант. і сярэдневяковыя традыцыі з ідэалогіяй еўрап. Адраджэння, хрысц. гуманізм з рэнесансава-гуманістычнымі ўяўленнямі. Яго канфесіянальныя погляды вызначаюцца талерантнасцю.

С. высока ацэньваў выдатных дзеячаў ант. свету, знакамітых біблейскіх герояў, пазітыўна ставіўся да сучаснага яму караля польскага і вял. князя ВКЛ Жыгімонта I. Як абгрунтаванне саслоўна-манархічнага ладу, удасканалення земскага заканадаўства ўспрымалася сучаснікамі С. яго апісанне стараж. правоў і статутаў, заключаных у біблейскіх кнігах: права паспалітае, язычніцкае, царскае, рыцарскае, гарадское, марское, купецкае і інш. Паліт. і сац. погляды С. складваліся пад уздзеяннем рэальных працэсаў, што адбываліся ў ВКЛ, Польшчы, інш. еўрап. краінах. Паліт. ідэалам С. была, відаць, моцная і асвечаная манархічная ўлада, якая падтрымлівае хрысц. справядлівасць, законнасць, правасуддзе, мірныя зносіны з суседзямі, спрыяе развіццю духоўнай культуры, гандлю, рамяства. Увасабленне свайго ідэалу С. бачыў у дзейнасці стараж.-грэч. і рым. цароў і заканадаўцаў: Салона, Нумы Пампілія, Лікурга, егіпецкага цара Пталамея IV Філапатара і інш. Значная ўвага С. да пытанняў права, ролі народаў у выпрацоўцы законаў, ідэй справядлівасці, роўнасці ўсіх людзей перад законам сведчыць пра тое, што ён быў занепакоены рэальным станам спраў на сваёй Радзіме, з’явамі сац. дыскрымінацыі, феад. анархіі, свавольства. Духоўная спадчына С. асэнсавана і ў значнай ступені ўспрынята і развіта наступнымі пакаленнямі выдатных бел. мысліцеляў, гуманістаў-асветнікаў.

Жыццё і дзейнасць С. вывучае комплексная навук. дысцыпліна — скарыназнаўства. Імем С. названы праспект у Мінску, вуліцы ў Полацку, Віцебску, Нясвіжы, Оршы, Слуцку і інш., Гомельскі ун-т, Помнікі С. пастаўлены ў Полацку, Лідзе, Мінску, Вільнюсе. Уведзены дзярж. ўзнагароды Беларусі — медаль С. (1989) і ордэн С. (1995).

Тв.:

Творы;

Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія. Мн., 1990;

Біблія. Т. 1—3. Мн., 1990—91.

Літ.:

Владимиров П.В. Доктор Франциск Скорина. Его переводы, печатные издания и язык. СПб., 1888;

Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925. Мн., 1926;

Флоровский А.В. Чехи и восточные славяне;

Очерки по истории чеш.-рус. отношений. Т. 2. Прага, 1947;

Алексютовіч М.А. Скарына, яго дзейнасць і светапогляд. Мн., 1958;

450 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1968;

Подокшин С.А. Скорина и Будный. Мн., 1974;

Яго ж. Франциск Скорина. М., 1981;

Яго ж. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мн., 1990;

Конон В.М. От Ренессанса к классицизму: (Становление эстет. мысли Белоруссии в XVI—XVIII вв). Мн., 1978;

Яго ж. Боская і людская мудрасць: (Францішак Скарына: жыццё, творчасць, светапогляд). Мн., 1990;

Анічэнка У.В. Слоўнік мовы Скарыны. Т. 1—3. Мн., 1977—94;

Белорусский просветитель Франциск Скорина и начало книгопечатания в Белоруссии и Литве. М., 1979;

Мальдзіс А. Францыск Скарына як прыхільнік збліжэння і ўзаемаразумення людзей і народаў. Мн., 1988;

Францыск Скарына і яго час: Энцыкл. давед. Мн., 1988;

Францыск Скарына: Зб дак и матэрыялаў. Мн., 1988;

Анічэнна У.В., Жураўскі А.І. Беларуска-іншаславянскі сінкрэтызм мовы выданняў Францыска Скарыны. Мн., 1988;

Спадчына Скарыны;

Зб. матэрыялаў першых Скарынаўскіх чытанняў (1986). Мн., 1989;

Франциск Скорина — белорусский гуманист, просветитель, первопечатник. Мн., 1989;

Каўка А. Тут мой народ: Францішак Скарына і бел. літ. XVI—пач. XX стст. Мн., 1989;

Тумаш В Пяць стагодзьдзяў Скарыніяны, XVI—XX: [Бібліягр.]. Нью-Ёрк, 1989;

Франциск Скорина и его время: Энцикл. справ. Мн., 1990;

Лойка А. Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае. Мн., 1990;

Яго ж. Скарына на Градчанах. Мн., 1990;

Яго ж. Старабеларуская літаратура. Мн., 2001;

Франциск Скорина и традиции гуманизма в славянской культуре: Тез. докл. и сообщений на науч. конф., посвяш. 500-летию со дня рождения Ф.​Скорины. Мн., 1990;

Булыка А.М., Жураўскі А.І., Свяжынскі У.М. Мова выданняў Францыска Скарыны. Мн., 1990;

Лабынцаў Ю. Пачатае Скарынам: Бел. друкаваная літ. эпохі Рэнесансу. Мн., 1990;

Яго ж. Скарынаўскі каляндар: (Да 500-годдзя з дня нараджэння Ф.​Скарыны). 2 выд. Мн., 1990;

Немировский Е.Л. Франциск Скорина: Жизнь и деятельность бел. просветителя. Мн., 1990;

Скарына і яго эпоха. Мн., 1990;

Чамярыцкі В.А. Беларускі тытан эпохі Адраджэння. Мн., 1990;

Шматов В.Ф. Искусство книги Франциска Скорины. М., 1990;

Дварчанін І. Францішак Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай ніве: Пер. з чэш. Мн., 1991;

Франциск Скорина и Вильнюс: Сб. материалов Респ. науч. конф. Вильнюс, 1991;

Галенчанка Г.Я. Францыск Скарына — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар. Мн., 1993;

Запісы Бел. Ін-та навукі і мастацтва. Нью-Ёрк. 1994. Кн. 21;

Яскевіч А.А. Творы Ф.​Скарыны: Жанравая структура. Філас. погляды. Мастацтва слова. Мн., 1995;

480 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1998;

Агіевіч У.У. Сімволіка гравюры Скарыны. Мн., 1999. Гл. таксама да арт. Скарыназнаўства.

Г.​Я.​Галенчапка, У.​М.​Конан.

Ф.Скарына.
Ф.Скарына. Гравіраваны партрэт з кнігі «Быццё». Прага.
Да арт. Скарына Ф. Тытульны ліст «Псалтыра». Прага. 1517.
Да арт. Скарына Ф. Тытульны ліст «Бібліі» з кнігі «Быццё». Прага. 1519.
Да арт. Скарына Ф. Пасляслоўе да «Малой падарожнай кніжкі». Вільня. Каля 1522.
Да арт. Скарына Ф. Тытульны ліст «Апостала». Вільня. 1525.

т. 14, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)