Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Паскаля закон 3/474; 8/300, 301
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСКА́ЛЯ ТЭАРЭ́МА,
адна з асн. тэарэм праектыўнай геаметрыі, паводле якой ва ўсякім шасцівугольніку, які ўпісаны ў канічнае сячэнне (эліпс, гіпербалу, парабалу), пункты перасячэння 3 пар процілеглых старон (ці іх прадаўжэнняў) ляжаць на адной прамой, якая наз. прамой Паскаля. Сфармулявана Б.Паскалем (1639) і разам з Брыяншона тэарэмай устанаўлівае важныя праектыўныя ўласцівасці канічных сячэнняў.
Да арт.Паскаля тэарэма: A1A2...A6 — зоркападобны шасцівугольнік, упісаны ў эліпс; PP′ — прамая Паскаля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСКА́ЛЯ ЗАВІ́ТКА,
плоская алгебраічная крывая, утвораная зменай радыус-вектара кожнага пункта акружнасці радыуса r на пастаянную даўжыню l; канхоіда гэтай акружнасці. Ураўненне П.з. ў палярнай сістэме каардынат: ρ = 2rcos φ + l. Пры l = 2r П.з. ператвараецца ў кардыёіду. Разгледжана франц. вучоным Э.Паскалем — бацькам Б.Паскаля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСКА́ЛЯ ЗАКО́Н,
асноўны закон гідрастатыкі, паводле якога ціск, што аказваюць знешнія сілы на паверхню вадкасці, перадаецца вадкасцю аднолькава па ўсіх напрамках. Адкрыты Б.Паскалем у 1653 (апубл. 1663). На П.з. заснавана дзеянне гідраўлічнага прэса і іншых гідрастатычных машын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫЯНШО́НА ТЭАРЭ́МА,
тэарэма праектыўнай геаметрыі, якая сцвярджае, што ў кожным шасцівугольніку, акрэсленым вакол канічнага сячэння — эліпса (у прыватнасці, акружнасці), гіпербалы, парабалы, прамыя, якія злучаюць 3 пары процілеглых вяршыняў, праходзяць цераз адзін пункт. Даказана франц. матэматыкам Ш.Брыяншонам (1806). Цесна звязана з Паскаля тэарэмай, разам з якой устанаўлівае асн. праектыўныя ўласцівасці канічных сячэнняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНХО́ІДА (ад грэч. konchoeidēs падобны на ракавіну) лініі, плоская крывая, якая атрымліваецца пры павелічэнні ці памяншэнні даўжыні радыус-вектара кожнага пункта дадзенай лініі L на пастаянны адрэзак d. Калі ўраўненне лініі ў палярных каардынатах ρ=f|φ|, то ўраўненне яе К. мае выгляд ρ=f|φ| ± d. К. прамой наз. К. Нікамеда; яна складаецца з дзвюх галін, яе форма залежыць ад суадносін паміж параметрамі d і l, дзе l — адлегласць ад прамой да пачатку каардынат. К. акружнасці, што праходзіць праз пачатак каардынат, з’яўляецца Паскаля завітка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСКА́ЛЬ ((Pascal) Блез) (19.6.1623, г. Клермон-Феран, Францыя — 19.8.1662),
французскі матэматык, фізік і філосаф, адзін з заснавальнікаў гідрастатыкі. Атрымаў дамашнюю адукацыю, з дзяцінства выявіў выдатныя матэм. здольнасці. Навук. працы па арыфметыцы, тэорыі лікаў, алгебры, тэорыі імавернасцей, механіцы, філасофіі. Сфармуляваў метад поўнай матэм. індукцыі, знайшоў агульную прыкмету падзельнасці цэлых лікаў. Прапанаваў спосаб вылічэння бінаміяльных каэфіцыентаў (трохвугольнік П.), сфармуляваў адну з асн. тэарэм праектыўнай геаметрыі (гл.Паскаля тэарэма). Сканструяваў першую лічыльную машыну (1641 або 1642). Адкрыў адзін з асн. законаў гідрастатыкі (гл.Паскаля закон), эксперыментальна пацвердзіў існаванне атм. ціску (1648) і даказаў, што ён памяншаецца з вышынёй, выявіў гідрастатычны парадокс. З 1655 жыў у манастыры янсеністаў у Пор-Раялі. Аўтар філас. трактатаў і сатырычных твораў. Ў філас. творах развіваў думкі аб трагічнасці і кволасці чалавека, які знаходзіцца паміж двума бяздоннямі — бясконцасцю і мізэрнасцю (чалавек — «чарацінка, якая мысліць»). Шлях спасціжэння таямніц быцця і выратавання чалавека ад адчаю бачыў у хрысціянстве. Адыграў значную ролю ў фарміраванні франц. класічнай прозы. Яго імем названа мова праграмавання — паскаль і адзінка ціску — паскаль.
Тв.:
Рус.пер. — Трактат о равновесии жидкостей // Начала гидростатики. 2 изд. М.; Л., 1933;
Из мыслей // Ларошфуко Фр. де, Паскаль Б., Лабрюйер Ж. де. Суждения и афоризмы. М., 1990.
французскі паэт, адзін з заснавальнікаў сімвалізму. У зб. вершаў у прозе «Песні Мальдарора» (1868—69) увасоблены абсурдна-фантасмагарычныя сітуацыі ў выглядзе своеасаблівых парадыйных імітацый, якія сімвалізуюць сусв. злую волю і нясуць у сабе філасофію багаборніцтва. Паэтыцы ўласціва спалучэнне гратэску і алагізму з лірызмам, рамант. тэндэнцый з сімвалізмам. У кн. «Вершы. Прадмова да будучай кнігі» (1870) — пародыі на афарызмы філосафаў і паэтаў Б.Паскаля, Ф.Ларошфуко, В.Гюго і інш.
Тв.:
Рус.пер. — у кн.: Поэзия французского символизма: Лотреамон. Песни Мальдорора. М., 1993.
Літ.:
Обломиевский Д.Д. Французский символизм. М., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАСТА́ТЫКА (ад гідра... + статыка),
раздзел, гідрамеханікі, які вывучае ўмовы і заканамернасці раўнавагі вадкасці і сілавое ўздзеянне на сценкі пасудзін ці апушчаныя ў яе целы. Законы гідрастатыкі выкарыстоўваюцца ў тэхніцы пры разліках гідратэхн. збудаванняў, гідраўл. машын і інш.
Асн. задача гідрастатыкі — вывучэнне законаў размеркавання гідрастатычнага ціску ў вадкасці. На аснове іх можна вызначыць умовы плавання цел (гл.Архімеда закон), сілы, што дзейнічаюць на розныя элементы паверхні апушчаных у вадкасць цел, дно і сцены пасудзіны і інш. (гл.Паскаля закон), пабудаваць гідрастатычныя машыны і прылады (гідраўл. прэс, гідраўл. акумулятар, вадкасны манометр, сіфон і інш.). Законы гідрастатыкі пры адносным спакоі выкарыстоўваюць пры вырашэнні пытанняў пра фігуры раўнавагі вадкіх мас (напр., Зямля) пры вярчэнні.