Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Выправанне пасеваў 3/198—199
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫДЗІМА́ННЕ ПАСЕ́ВАЎ,
выветрыванне верхняга слоя глебы разам з пасеяным насеннем, іншы раз і з усходамі. Часцей выдзімаюцца вясной палі, засеяныя яравымі збожжавымі, шматгадовымі і аднагадовымі травамі, радзей — пасевы азімых увосень. На Беларусі адзначаецца часам на тарфяных і пясчаных глебах. Гл. таксама Эрозія глебы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫПРАВА́ННЕ ПАСЕ́ВАЎ,
частковая або поўная гібель азімых збожжавых культур і інш. раслін, якія зімуюць, ад знясілення ў выніку доўгага знаходжання пад глыбокім снегавым покрывам. Бывае, калі ўвосень рана выпадае снег на незамёрзлую зямлю або доўга не сыходзіць вясной. На Беларусі найб. пашкоджваюцца перарослыя і загусцелыя пасевы азімых (жыта менш устойлівае, чым пшаніца), асабліва пры адначасовым іх падмаканні пры працяглых адлігах і напярэдадні інтэнсіўнага раставання снегу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫМАКА́ННЕ ПАСЕ́ВАЎ,
гібель азімых культур ад парушэння дыхання пры застоі вады на паверхні глебы. У кліматычных умовах Беларусі найчасцей бывае ўвосень і вясной, радзей пры працяглых адлігах зімой, на слабаводапранікальных глебах у паніжаных месцах, летам пры вял. колькасці ападкаў і выхадзе рэк з берагоў. Залітыя вадой расліны жаўцеюць, назапашваюць у клетках этылавы спірт і інш. рэчывы, якія выклікаюць іх атручэнне і гібель. З азімых культур найчасцей вымакае жыта. Меры барацьбы: вырошчванне ўстойлівых да вымакання сартоў, добрая апрацоўка глебы, ранняя падкормка раслін мінер. ўгнаеннямі і інш. агратэхн. мерапрыемствы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫМЯРЗА́ННЕ РАСЛІ́Н,
гібель раслін або адміранне іх частак у выніку ўтварэння лёду ў тканках пад дзеяннем нізкіх тэмператур. Вада ў раслінных клетках і міжклетніках пачынае замярзаць пры т-ры ніжэй за -1 °C, што паступова прыводзіць да гібелі клеткі. Ступень пашкоджання пасеваў залежыць ад віду, сорту і фізіял. стану раслін. Сярод азімых найб. устойлівае да нізкіх т-р жыта. На Беларусі вымярзанне раслін назіраецца ў маласнежныя зімы пры т-ры паветра ніжэй за -22 °C. У асабліва халодныя зімы вымярзаюць азімыя збожжавыя культуры, пладовыя дрэвы і кусты. Бульба, памідоры, фасоля, агуркі, гарбузы вымярзаюць пры т-ры -2 °C. Лёгка вымярзае большасць інтрадукаваных раслін. Каб папярэдзіць вымярзанне пасеваў, выводзяць марозаўстойлівыя сарты, выкарыстоўваюць правільную агратэхніку, рэгулююць водны і паветраны рэжым глебы на меліяраваных аб’ектах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАПО́ЛКА,
выдаленне пустазелля з пасеваўс.-г. і лясных культур. Бывае мех., хім. і ручная. Механічная П. — падразанне, вырыванне ці інш. пашкоджванні пустазелля пры баранаванні ці культывацыі. Хімічная П. — знішчэнне пустазелля гербіцыдамі. Ручную П. праводзяць на невял. плошчах, напр., на насенняводчых дзялянках, пасевах каштоўных культур. Каб пазбегнуць прыгнечання культ. раслін, зніжэння ўраджаю, П. праводзяць у найб. раннія фазы развіцця пустазелля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОПС,
у старажытнарымскай міфалогіі багіня ўрадлівасці, багатага жніва і пасеваў. Яе эпітэт Кансівія (Сейбітка), магчыма, звязаны з блізкасцю культу О. да культу агр. бога Конса. У гонар О. наладжваліся святы і ахвярапрынашэнні (25 жн. і 19 снеж.). У 3 ст. да н.э. яна атаясамлена з Рэяй і лічылася жонкай Сатурна, апякункай Рыма, дзе ў яе гонар на Капітоліі і на форуме былі пабудаваны храмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУКЕЦІРО́ЎКА,
механічнае прарэджванне шыракарадных пасеваў, калі ў радку на аднолькавай адлегласці застаюцца «букеты» з некалькіх раслін; агратэхн. прыём Выкарыстоўваюць пры апрацоўцы прапашных культур (цукр. буракоў, кукурузы і інш.).
Букеціроўку звычайна праводзяць лапчастым культыватарам упоперак радкоў. Букеціроўку цукр. буракоў пачынаюць у перыяд утварэння першай пары сапраўдных лістоў, кукурузы — 3—4-га ліста, выконваюць на працягу 6—8 дзён. Найб. пашырана схема, калі выраз роўны 27 см, а даўж. «букета» 18 см.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБЫ́ЛКІ,
нястаткавыя саранчовыя, насякомыя падсямейства саранчовых, падатр. караткавусых прастакрылых. Пашыраны ва ўсім свеце. На Беларусі 7 родаў. Шкоднікі пасеваў, пашы і сенажацей.
Даўж. да 3 см. Ротавыя органы грызучыя, вусікі кароткія, заднія ногі скакальныя. 2 пары крылаў. Яйцы кладуць у глебу, кучкамі. Развіццё з няпоўным ператварэннем. Зімуюць у фазе яйца ці лічынкі. Адно пакаленне за год. Расліннаедныя.