ПАСА́ТНЫ КЛІ́МАТ,
клімат абласцей зямнога шара, якія знаходзяцца пад уздзеяннем пасатаў. Вызначаецца ўстойлівасцю напрамкаў і сілы ветру, малой воблачнасцю і малой колькасцю атмасферных ападкаў (каля 500 мм за год). Сярэдняя т-ра паветра летніх месяцаў 20—27 °C, у зімовыя месяцы — да 10—15 °C. У раёнах з П.к. на сушы пераважаюць ландшафты трапічных пустынь і паўпустынь (акрамя ўсх. ч. мацерыкоў, якім уласцівы мусонны клімат).
т. 12, с. 160
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫ́ГУА (Antigua),
каралавы востраў у Вест-Індыі, у групе Наветраных а-воў (архіпелаг М.Антыльскія а-вы). Тэр. дзяржавы Антыгуа і Барбуда. Пл. 280 км². Выш. да 402 м. Клімат трапічны, пасатны, гарачы. Ападкаў каля 1300 мм за год. Адкрыты Х.Калумбам (1493).
т. 1, с. 396
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАНГАТА́ПУ (Tongatapu), Тангатабу,
каралавы востраў у Ціхім ак., найб. ў архіпелагу Тонга, у складзе дзяржавы Тонга. Пл. 257 км². Нас. каля 50 тыс. чал. (2000). Выш. да 61 м. Клімат трапічны пасатны. Плантацыі какосавых пальмаў, бананаў, цытрусавых. На Т. — г. Нукуалофа — сталіца і гал. порт краіны.
т. 15, с. 417
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭНЕРЫ́ФЕ (Tenerife),
вулканічны востраў у Атлантычным ак., у групе Канарскіх астравоў; тэр. Іспаніі. Пл. 1946 км². Выш. да 3718 м (дзеючы вулкан Тэйдэ). Клімат трапічны, пасатны. Вечназялёныя хмызнякі і лясы. Трапічнае земляробства (бананы, цытрусавыя, тытунь, вінаград і інш.). Рыбалоўства. Гал. горад і марскі порт — Санта-Крус-дэ-Тэнерыфе. Нац. парк Тэйдэ. Кліматычныя курорты.
т. 16, с. 127
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АА́ХУ (Oahu),
востраў у Ціхім ак., у складзе Гавайскіх астравоў. Тэр. ЗША. Пл. 1574 км². Нас. 836,2 тыс. Чал. (1990). Паверхня гарыстая (выш. да 1228 м), складзена з лавы. Клімат пасатны. Найб. населены і эканам. развіты востраў архіпелага. Важны трансп. вузел. Плантацыі ананасаў, цукр. трыснягу. Турызм. Гал. горад і адм. ц. штата Гаваі—Ганалулу. На востраве ваенна-марская база ЗША Пёрл-Харбар.
т. 1, с. 9
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКІ́ЗСКІЯ АСТРАВЫ́ (Îles Marquises),
архіпелаг у цэнтр. ч. Ціхага ак., у Палінезіі. Уладанне Францыі. Пл. 1274 км². Нас. 7,5 тыс. чал. (1988) — палінезійцы. Найб. буйныя а-вы — Нуку-Хіва і Хіва-Аа, вулканічнага паходжання, складзены з базальтаў, туфаў. Выш. да 1259 м. Клімат трапічны пасатны. Ападкаў каля 1000 мм за год на падветраных схілах і да 2500 мм на наветраных. Вільготныя трапічныя лясы, хмызняковыя саванны. Вырошчваюць какосавыя пальмы, бавоўнік, бананы, каву. Рыбалоўства, лоўля жэмчугу. Турызм. Адм. цэнтр — г. Таіохаэ.
т. 10, с. 119
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКАРЭ́НСКІЯ АСТРАВЫ́ (англ. Mascarene Islands),
група астравоў у Індыйскім ак., на У ад в-ва Мадагаскар. Нас. больш за 1,76 млн. ж. (1996). Складаецца з 3 вял. а-воў: Рэюньён (франц. ўладанне), Маўрыкій і Радрыгес (у складзе дзяржавы Маўрыкій). Складзены з вулканічных парод. Выш. да 3069 м (на в-ве Рэюньён). Ёсць дзеючыя вулканы. Клімат трапічны, пасатны, вільготны. На наветраных схілах гор участкі вечназялёных трапічных лясоў, на падветраных — саванна. Плантацыі цукр. трыснягу, какосавай пальмы, чаю, алоэ, кавы, ванілі. Першы з еўрапейцаў дасягнуў астравоў партугалец П. ды Машкарэньяш (Маскарэньяс) у 1507.
т. 10, с. 169
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУАМО́ТУ (Tuamotu), Паўмоту,
архіпелаг з 78 каралавых астравоў і рыфаў у Ціхім ак.; у складзе Палінезіі Французскай. Пл. (з а-вамі Гамб’е) 810 км². Нас. каля 10 тыс. чал. (2000). Найб. а-вы Ранпроа і Факарава. Клімат трапічны пасатны. Ападкаў 1500—2000 мм за год. Глебы пясчаныя. Расліннасць бедная. На вял. астравах растуць панданусы, баньяны, на малых — пераважна хмызнякі. Плантацыі какосавай пальмы, хлебнага дрэва, бананаў. Жывёлагадоўля. Штучнае развядзенне малюскаў-жамчужніц. Гал. горад — Ратаава (в-ваў Факарава). Біясферны рэзерват Атол-Таяра. Архіпелаг адкрыты ў 1606 ісп. мараплаўцам П.Кіросам.
т. 16, с. 19
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСА́ТЫ (ням. Passat, галанд. passaat, верагодна, ад ісп. viento de pasade вецер, які спрыяе пераезду),
устойлівыя на працягу года паветраныя цячэнні ў трапічных і экватарыяльных шыротах (ад 25—30° паўн. ш. і паўд. ш. амаль да экватара) пераважна над акіянамі. Паблізу зямной паверхні ў выніку трэння і дзейнасці Карыяліса сілы ў Паўн. паўшар’і вятры маюць паўн.-ўсх. напрамак, у Паўд. — паўд.-ўсходні. Паміж П. Паўн. і Паўд. паўшар’яў — унутры-трапічная зона канвергенцыі; над П. дзьмуць антыпасаты. П. маюць важнае значэнне ў агульнай цыркуляцыі атмасферы, абумоўліваюць узнікненне пасатных цячэнняў, на сушы садзейнічаюць утварэнню і захоўванню трапічных пустынь (гл. Пасатны клімат).
т. 12, с. 160
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАПІ́ЧНЫ КЛІ́МАТ,
клімат трапічных шырот у Паўн. і Паўд. паўшар’ях Зямлі, як правіла, сухі і гарачы. Фарміруецца на працягу года пад уплывам абласцей павышанага ціску субтрапічных паясоў, пасатнай цыркуляцыі над акіянамі і дэпрэсіямі тэрмічнага паходжання над мацерыкамі. Адрозніваецца ўстойлівай перавагай малавоблачнага надвор’я, малой колькасцю ападкаў (звычайна менш за 200 мм за год), высокімі т-рамі паветра (ад 10 °C зімой да 35 °C летам). Тут знаходзяцца полюсы цяпла. Пераважаюць ландшафты пустынь і паўпустынь. У некат. класіфікацыях да Т.к. адносяць таксама клімат саваннаў (з рэзка выяўленым сухім зімовым і вільготным летнім сезонамі). Гл. таксама Пасатны клімат.
т. 15, с. 516
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)