ГЛЕЯСПО́РЫЙ
(Gloeosporium),
род недасканалых грыбоў сям. меланконіевых. Вядома каля 70 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Паўн. Амерыцы, Індыі. На Беларусі глеяспорый парэчкавы (G. ribis) паразітуе на лісці парэчак, глеяспорый пладовы (G. fructigenum) — на семечкавых і костачкавых пладовых культурах, глеяспорый канюшынавы (G. trifoliorum) — на канюшыне.
Канідыяносцы кароткія, цыліндрычныя, палачкападобныя, аднаклетачныя, часта ад канічных да іголкападобных, сабраныя разам на плоскім або злёгку пукатым, светла- ці цёмна-бурым ложы (спляценне грыбных гіфаў). Канідыі бясколерныя, аднаклетачныя, выходзяць на паверхню склееныя сліззю. У цыкле развіцця адзначаны сумчатыя стадыі.
т. 5, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛАВЫЯ КЛЯШЧЫ́,
чатырохногія кляшчы (Eriophydae або Tetrapodili), падсямейства кляшчоў атр. акарыформных. Больш за 1500 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць на раслінах, высмоктваюць змесціва іх клетак, многія ўтвараюць галы (адсюль першая назва). На Беларусі вядомы: грушавы (Eriophyes piri), парэчкавы пупышкавы (Eriophyes ribis), альховы (Eriophyes laevis), ясянёвы (Eriophyes fraxinivorus), хваёвы (Eriophyes pini) і інш. кляшчы.
Даўж. 0,1—0,6 мм, цела чэрвепадобнае, малочна-белае, залаціста-жоўтае, белаватае, саламяна-жоўтае. 4 пяцічленікавыя нагі (адсюль другая назва). Ротавыя органы сысучыя. Органаў дыхання і вачэй няма. Кладуць яйцы, з якіх развіваюцца лічынкі. Шкодзяць пладовым дрэвам, палявым і агародным культурам, лесу. Некаторыя віды — пераносчыкі ўзбуджальнікаў вірусных хвароб раслін. Знішчаюць галавых кляшчэй акарыцыдамі.
т. 4, с. 445
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)