АЎСЯ́НКА,
вярхоўка (Leucaspius delineatus), рыба атр. карпападобных. Пашырана ў басейнах Чорнага, Каспійскага мораў. У рэках паўд. ч. Балтыйскага м., на Беларусі ў рэках басейнаў Дняпра, Прыпяці, Нёмана, Зах. Дзвіны, Зах. Буга, у поймавых старыцах і азёрах Палесся. Чародная, жыве ў паверхневых слаях вады.
Даўж. 4—5, часам да 9 см. Палавая спеласць на 2-м годзе жыцця. Нераст парцыённы, пачынаецца ў 2-й пал. мая—чэрвені. Корміцца зоапланктонам, насякомымі, ікрой рыб. Жыве да 4 гадоў. Выкарыстоўваецца як прынада пры лоўлі драпежных відаў рыб.
т. 2, с. 106
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬЯ́НЫ
(Phoxinus),
род рыб сям. карпавых атр. карпападобных. Каля 10 відаў. Пашыраны ў прэсных водах Еўропы, Паўн. Азіі і Паўн. Амерыкі. Большасць гальянаў жыве ў ручаях, невял. рэчках з чыстай, празрыстай вадой. На Беларусі 2 віды: гальян звычайны (нар. назвы красаўка, гаркуша, маляўка, скамарох, залатаўка, крумела, фарэлька і інш.; Р. phoxinus) і гальян азёрны (нар. назвы аўдотка, сняток, лінёк; Р. percnurus). 1 паўн.-амер. від у Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. да 20 см, маса да 100 г. Зрэдку ярка-афарбаваныя, на баках яркія плямкі або вял. расплыўчатыя плямы. У малявак уздоўж цела чорная палоска. Луска дробная, на бруху адсутнічае. Кормяцца водарасцямі, воднымі беспазваночнымі і насякомымі. Маюць шлюбнае ўбранне. Нераст парцыённы на быстрай плыні. Некаторыя прамысловыя.
т. 5, с. 7
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)