ПАРЦЫЯ́ЛЬНЫ ЦІСК,

ціск газу, які ўваходзіць у склад газавай сумесі, пры ўмове, што ён адзін займае ўвесь аб’ём сумесі і мае т-ру сумесі. Выкарыстоўваецца для разлікаў параметраў сумесей ідэальных газаў (гл. Дальтана законы).

т. 12, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАКУУММЕ́ТРЫЯ,

сукупнасць метадаў вымярэння ціску разрэджаных газаў. Вымярэнні грунтуюцца на фіз. заканамернасцях, абумоўленых залежнасцю пэўнай фіз. велічыні (напр., цеплаправоднасці) ад ціску або шчыльнасці газаў. Поўны ціск газаў вымяраюць вакуумметрамі, парцыяльны ціск кампанентаў газавых сумесяў — мас-спектрометрамі.

т. 3, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАУ́ЛЯ ЗАКО́НЫ,

колькасныя залежнасці, якія звязваюць канцэнтрацыю раствору з ціскам насычанай пары растваральніку над растворам ці са зменай т-ры кіпення (замярзання) раствору. Сфармуляваныя Ф.​М.​Раулем у 1882—88 пры даследаванні ўласцівасцей разбаўленых раствораў.

Паводле аднаго з Р.з. адноснае паніжэнне парцыяльнага ціску пары растваральніку над растворам роўнае малярнай долі растворанага рэчыва (xB) : (pA0 − pA)/pA0 = xB, дзе рАпарцыяльны ціск растваральніку, pA0 — ціск насычанай пары чыстага растваральніку. Растворы, для якіх гэты закон выконваецца пры ўсіх канцэнтрацыях для абодвух кампанентаў, наз. ідэальнымі. Паводле 2 інш. Р.з. павышэнне т-ры кіпення ці паніжэнне т-ры замярзання раствору ў параўнанні з адпаведнымі т-рамі для чыстага растваральніку прама прапарцыянальна канцэнтрацыі растворанага рэчыва (гл. Эбуліяскапія, Крыяскапія). Растворы электралітаў не падпарадкоўваюцца Р.з., што абумоўлена электралітычнай дысацыяцыяй.

т. 13, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЗЫ КРЫВІ́,

газы, якія ўтрымліваюцца ў крыві чалавека і жывёл у раствораным стане і ў хімічна звязаным выглядзе.

У чалавека складаюцца з газаў, якія паступаюць з навакольнага асяроддзя, і тых, што ўтвараюцца ў арганізме. Найб. важныя — кісларод, вуглякіслы газ, азот. Кісларод і азот паступаюць у кроў з атм. паветра, вуглякіслы газ прадуцыруецца ў клетках арганізма. Кісларод звязваецца з гемаглабінам эрытрацытаў і ўтварае аксігемаглабін, потым пераходзіць з крыві ў тканкі і ўключаецца ў цыкл метабалічных працэсаў; вуглякіслы газ узаемадзейнічае з вадой, асновамі і бялкамі крыві. У выніку газаабмену колькасць газаў у вянознай і артэрыяльнай крыві розная і залежыць ад парцыяльнага ціску ў альвеалярным паветры і каэфіцыента іх растваральнасці ў крыві. Пры значным змяненні ціску паветра (напр., у гарах, кесонах) парцыяльны ціск кіслароду і азоту рэзка мяняецца, што выклікае вышынную і дэкампрэсійныя хваробы і інш. парушэнні. Акрамя пастаянных газаў крыві ў кроў могуць паступаць наркатычныя і інш. газы. Гл. таксама Газаабмен.

Літ.:

Общий курс физиологии человека и животных. Кн. 2. М., 1991;

Эккерт Р., Рэндэлл Д., Огастин Дж. Физиология животных: Механизмы и адаптация: Пер. с англ. Т. 2. М., 1992.

Н.​М.​Петрашэўская.

т. 4, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСТЫЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. distillatio сцяканне кроплямі),

перагонка, раздзяленне вадкіх сумесей на фракцыі рознага саставу. Засн. на адрозненні саставу вадкасці і пары, што ўтвараецца з яе. Ажыццяўляюць частковым выпарэннем вадкасці з наступнай кандэнсацыяй пары.

Пры Д. атрымліваюць кандэнсат (дыстылят) — вадкасць, якая мае большую колькасць, адносна зыходнай сумесі, нізкакіпячых (больш лятучых) кампанентаў, і неадагнаную вадкасць (кубавая астача), у якой больш высокакіпячых рэчываў. Д. наз. фракцыйнай (дробнай), калі з зыходнай сумесі адганяюць некалькі фракцый. У залежнасці ад умоў працэсу (ціск, т-ра) адрозніваюць Д. простую і малекулярную, якую ажыццяўляюць пры т-рах, ніжэйшых за т-ры кіпення вадкасці, і нізкім ціску (менш за 0,13 Па). Простую Д. робяць пры паступовым ці аднаразовым выпарэнні. Пры паступовым выпарэнні пара, што ўтвараецца над вадкасцю, бесперапынна адводзіцца з апарата, пры аднаразовым — увесь час награвання да вызначанай т-ры застаецца ў сістэме ў кантакце з вадкасцю (пара-вадкасную сумесь раздзяляюць у сепаратары). Прысутнасць пары зніжае парцыяльны ціск высокакіпячых фракцый у сістэме і дазваляе весці перагонку пры больш нізкай т-ры (параўнальна з т-рай Д. пры паступовым выпарэнні). Пры неабходнасці зніжэння т-ры працэсу робяць Д. з вадзяной парай ці інертным газам. Выкарыстоўваюць у хім., нафтаперапрацоўчай, фармацэўтычнай прам-сці, у лабараторнай практыцы. Гл. таксама Рэктыфікацыя, Перагонка нафты.

Я.​І.​Шчарбіна.

т. 6, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)