ПАРО́НІМЫ (ад пара... + грэч. onyma імя),
словы, блізкія па гучанні і структуры, але розныя па значэнні. Гл. ў арт. Паранімія.
т. 12, с. 101
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАНІМІ́Я,
моўная з’ява, якая выяўляецца пры гукавым і марфемным падабенстве слоў, што адрозніваюцца сваімі значэннямі (паронімаў). Напр., «чарнець» — «чарніць», «царыца» — «царэўна», «абагульніць» — «абагуліць»). Паронімы — пераважна аднакарэнныя словы, якія маюць марфемнае і гукавое падабенства, але выражаюць розныя сэнсавыя паняцці: «адрасат» (той, каму адрасавана паштовае адпраўленне) — «адрасант» (той, хто пасылае паштовае адпраўленне). Паранімічныя адносіны найчасцей узнікаюць паміж назоўнікамі, прыметнікамі, радзей — дзеясловамі. Значэнні паронімаў не супадаюць. Кожны з паронімаў з’яўляецца функцыянальна самастойным, можа мець сінонімы і антонімы, ніколі не можа быць заменены ў тэксце інш. кампанентам паранімічнай пары без парушэння сэнсу выказвання. У шырокім значэнні паронімы — усе блізкія па гучанні словы незалежна ад іх значэння, марфал. будовы і інш. («амплуа» — «ампула», «камічны» — «касмічны»). П. трэба адрозніваць ад паранамазіі.
Літ.:
Шуба П.П. Міжмоўная беларуска-руская аманімія і паранімія // Пытанні білінгвізму і ўзаемадзеяння моў. Мн., 1982.
Л.П.Кунцэвіч.
т. 12, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРО́НІМАЎ СЛО́ЎНІК,
тып тлумачальнага слоўніка, які змяшчае аднакарэнныя словы, што маюць марфемнае і гукавое падабенства, але выражаюць розныя сэнсавыя паняцці (паронімы; гл. Паранімія). Напр., «Слоўнік паронімаў сучаснай рускай мовы» Ю.А.Бельчыкава і М.С.Панюшавай (1994). Паранімічны рад звычайна складаецца з 2 слоў, часам у яго ўваходзяць і 3—4 словы («давераны—даверлівы—даверны», «дублет—дуплет—дублікат—дубальт»). У бел. лексікаграфіі першая спроба стварэння П.с. — слоўнік «Цяжкія выпадкі ўжывання блізкіх па гучанні слоў; (Слоўнік паронімаў беларускай мовы)» С.М.Грабчыкава (1977; уключае больш за 1600 слоў). На аснове гэтага слоўніка ім жа складзены «Слоўнік паронімаў беларускай мовы» (1994; уключае больш за 3300 слоў). Міжмоўнае ўзаемапранікненне ў галіне аманіміі, параніміі і полісеміі адлюстравана ў слоўніку «Міжмоўныя амонімы і паронімы» Грабчыкава (1980; 550 рус.-бел. аманімічных і паранімічных пар).
Літ.:
Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1994.
Л.П.Кунцэвіч.
т. 12, с. 101
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЛЕКСІ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,
тып двухмоўнага слоўніка, які ўключае тоесныя па значэнні і блізкія па гучанні словы дзвюх блізкароднасных моў, што характарызуюцца нерэгулярнымі адрозненнямі ў фанетычнай і марфалагічнай структуры, слова- і формаўтварэнні, націску (т.зв. паралексы, гл. ў арт. Паралексія). Напр., бел. «шэры» — рус. «серый», «далонь» — «ладонь», «гусь» (ж.р.) — «гусь» (м.р.), «клопат» (адз. лік) — «хлопоты» (мн. лік) і інш. У П.с. падаюцца толькі тыя словы, якія могуць абумовіць парушэнне літ. нормы адной з блізкароднасных моў. У бел. лексікаграфіі першы слоўнік такога тыпу — «Беларуска-рускі паралексічны слоўнік-даведнік» (1985), які ўключае толькі паралексы (як дадатковы моўны матэрыял у слоўнік увайшлі міжмоўныя амонімы і паронімы).
Л.П.Кунцэвіч.
т. 12, с. 85
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМО́НІМАЎ СЛО́ЎНІК,
аспектны даведнік, які апісвае пары і групы амонімаў. У артыкулах амонімаў слоўніка падаюцца семантычныя, граматычныя, спалучальныя, стылістычныя і інш. адрозненні паміж словамі ў аднолькавых парах і групах амонімаў (у адрозненне ад інш. слоўнікаў, дзе загаловачнае слова-амонім толькі пазначаецца надрадковай арабскай лічбай). Напр., «Слоўнік амонімаў беларускай мовы» В.Дз.Старычонка (1991) змяшчае 1265 аманімічных пар і груп слоў у асн. частцы і больш як 750 у раздзеле «Субстантыўная аманімія». Для практычнага вырашэння праблем міжмоўнай аманіі (і параніміі) створаны спец. слоўнік дыферэнцыяльнага тыпу: «Кароткі дыферэнцыяльны руска-беларускі слоўнік» у кн. «Беларуская мова для небеларусаў» А.А.Крывіцкага, А.Я.Міхневіча і А.І.Падлужнага (3-е выд., 1990), «Міжмоўныя амонімы і паронімы. Спроба руска-беларускага слоўніка» С.М.Грабчыкава (1980), «Беларуска-рускі паралексічны слоўнік-даведнік» (1985) і інш.
В.К.Шчэрбін.
т. 1, с. 320
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)