«ПАРНІКО́ВЫЯ ГА́ЗЫ»,

газы, якія выдзяляюцца ў парніках пры гніенні арганічных угнаенняў. Іх выдзяленне залежыць ад т-ры, вільготнасці і мікраарганізмаў. Пры аэробным (кіслародным) гніенні ўтвараецца вуглякіслы газ, пры анаэробным (бескіслародным) — метан, вадарод, часткова вуглякіслы газ, злучэнні серы і інш. Для прадухілення атручэння раслін «П.г.» сяўбу насення і пасадку расады ў парніках праводзяць праз 2—4 дні пасля ўнясення гною ў глебу, перыядычна праветрываюць.

У.​П.​Пярэднеў.

т. 12, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТ (ад лац. matta цыноўка, рагожа),

1) цыноўкі, пляцёнкі з саломы, чароту, рагозу і інш. Выкарыстоўваюцца для аховы ад холаду раслін у парніках (парніковыя М., напр., з жытняй саломы).

2) У спорце — матрацы, мяккі подсціл. Складаюцца з абалонкі, чахла (трывалая тканіна) і набіўкі (порыстая пластмаса, шарсцяныя ці баваўняныя ачоскі, футравыя адходы, конскі волас і інш.), бываюць прашытыя шпагатам. Выкарыстоўваюцца ў барацьбе, акрабатыцы, гімнастыцы і інш. для змякчэння ўдараў і прадухілення траўмаў.

т. 10, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)