Пармелія (лішайнік) 6/112—113 (укл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРМЕ́ЛІЯ (Parmelia),

род ліставатых лішайнікаў сям. пармеліевых. 10 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 2 віды П.: баразнаватая (P. sulcata) і скальная (P. saxatilis). Трапляюцца ў лясах на ствалах дрэў, валунах.

Слаявіна ліставатая. Зверху жаўтавата-зеленаватая, шэрая, цёмна-бурая з сарэдыямі, радзей з пладовымі целамі (апатэцыямі), знізу белая, карычневая ці чорная, прымацаваная да субстрату. Споры па 8 у сумцы, бясколерныя, аднаклетачныя. Фікабіёнт — водарасць з роду трэбуксія. Выкарыстоўваюць для атрымання антыбіётыкаў.

У.​У.​Галубкоў.

Пармелія: 1 — скальная; 2 — баразнаватая.

т. 12, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІША́ЙНІКІ (Lichenes),

група ніжэйшых раслін, утвораных сімбіёзам грыба (мікабіёнт) і водарасці (фікабіёнт). Больш за 400 родаў, каля 20 тыс. відаў. На Беларусі 38 сям., 114 родаў, каля 500 відаў. Найб. пашыраны: гіпагімнія, графіс, кладонія, ксанторыя, лабарыя, леканора, пармелія, пармеліёпсіс, пельтыгера, пертузарыя, рамаліна, стэрэакаўлан, уснея, фісцыя, цэтрарыя, эвернія, артонія, алекторыя, бацыдыя, буэлія, калаплака, калема, меланелія і інш. Растуць на дрэвах, камянях, глебе.

Шматгадовыя (узрост бывае да тысяч гадоў) расліны шэрага, бурага, аранжавага, чорнага і інш. колераў. Вегетатыўнае цела — слаявіна, або талом, утворана перапляценнем грыбных гіфаў і клеткамі водарасці. У складзе Л. часцей аднаклетачныя (26 родаў) і некалькі відаў ніткаватых водарасцей. Яны складаюць 10—15% ад усяго аб’ёму слаявіны, Па анат. будове вылучаюць гамеамерную слаявіну (водарасці ў ёй размешчаны амаль раўнамерна) і гетэрамерную (водарасці ўтвараюць 1—2 адасобленыя слаі пад верхняй коркай слаявіны). Па форме бываюць накіпныя, або коркавыя (аспіцылія, леканора), ліставатыя (ксанторыя, пельтыгера) і кусцістыя (кладонія, уснея). Размнажаюцца вегетатыўным спосабам і спорамі. Першымі засяляюць неўрадлівыя глебы і назапашваюць арган. рэчывы. На Пн ісландскі лішайнік, кладонія — асн. корм паўн. аленяў. Адчувальныя да забруджвання атмасферы (гл. Ліхенаіндыкацыя). З Л. атрымліваюць лішайнікавыя кіслоты, антыбіётыкі, лакмус, фарбы і інш. Вывучае Л. ліхеналогія.

Літ.:

Определитель лишайников СССР. Вып. 2. Л., 1974;

Van Haluwyn C., Lerond M. Guide des lichens: Lechevalier. Paris, 1993.

У.​У.​Галубкоў.

т. 9, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)