Усерасійскі земскі саюз дапамогі хворым і параненым воінам, гл. Саюзы земстваў і гарадоў

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕ́МСКІ САЮ́З, Усерасійскі земскі саюз дапамогі хворым і параненым воінам,

агульнарасійскае грамадскае аб’яднанне з мэтай дапамогі ўраду ў арганізацыі тылу ў перыяд 1-й сусв. вайны. Засн. 30.7.1914 на з’ездзе ўпаўнаважаных губ. земстваў, які выбраў гал. к-т саюза на чале з кн. Г.Я.Львовым. Створаны пав., губ., франтавыя і абл. к-ты. Займаўся дапамогай хворым і параненым, выконваў заказы гал. інтэнданцтва на пастаўкі вопраткі і абутку для арміі, арганізоўваў дапамогу бежанцам.

З мэтай забеспячэння рас. арміі ўзбраеннем і амуніцыяй 10.7.1915 разам з Усерасійскім саюзам гарадоў стварыў аб’яднаны Земска-гарадскі саюз. Быў паліт. органам гандл.-прамысл. буржуазіі, адной з апор «Прагрэсіўнага блока», выступаў за абнаўленне царскага ўрада, чым выклікаў яго незадавальненне. У снеж. 1916 З.с. у Маскве разагнаны паліцыяй, аднак працягваў дзейнасць. Пасля Лют. рэвалюцыі кіраўнікі З.с. (Львоў і інш.) увайшлі ў склад Часовага ўрада. 4(17).1.1918 дэкрэтам СНК гал. к-т З.с. скасаваны.

т. 7, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЬВОЎ (Георгій Яўгенавіч) (2.11.1861—7.3.1925),

расійскі грамадскі і дзярж. дзеяч. Князь. Буйны землеўладальнік Тульскай губ. Старшыня Тульскай губ. земскай управы (1902—05), арганізатар агульназемскай дапамогі параненым у рус.-яп. вайну 1904—05. З канца 1905 прымыкаў да кадэтаў. Дэп. 1-й Дзярж. думы (1906). У 1-ю сусв. вайну старшыня Усерас. земскага саюза, адзін з кіраўнікоў Земска-гарадскога саюза. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 у сак.ліп. 1917 міністр-старшыня Часовага ўрада. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 эмігрыраваў. У 1918—20 узначальваў антыбальшавіцкую Рус. паліт. нараду ў Парыжы.

т. 9, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЫ́НСКІЯ,

муж і жонка, рэвалюцыянеры.

Сяргей Аляксеевіч (19.5.1874, г. Шчыгры Курскай вобл., Расія — ?). У 1894—98 вучыўся ў Маскоўскім ун-це. За рэв. дзейнасць выключаны і жыў у Курску пад наглядам паліцыі. Разам з жонкай арганізаваў гурток, наладзіў выпуск лістовак. З 1903 у Мінску, пам. юрысконсульта на Лібава-Роменскай чыгунцы. Далучыўся да Мінскай групы РСДРП і вёў агітацыю сярод чыгуначнікаў. З 1905 у складзе Мінскага кааліцыйнага савета. У 1905 арыштаваны, вызвалены ў 1906, ад рэв. дзейнасці адышоў. У 1917—20 уваходзіў у Маскоўскую арг-цыю меншавікоў. Да 1933 працаваў юрысконсультам у Маскоўскім саюзе металістаў.

Вера Ільінічна (13.2.1878, в. Гусарка Краснаградскага р-на Харкаўскай вобл., Украіна — ?). Скончыла Харкаўскую гімназію (1897). У рэв. дзейнасць уключылася ў Курску. У Мінскай групе РСДРП выконвала абавязкі сакратара і касіра, падтрымлівала сувязі з друкарняй. Пасля Курлоўскага расстрэлу арганізавала к-т дапамогі параненым. Наладзіла выпуск лістовак і іншых матэрыялаў, якія перадаваў ёй з турмы муж.

Н.В.Назарава.

т. 3, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ АБШЧЫ́НА СЯСЦЁР МІЛАСЭ́РНАСЦІ ЧЫРВО́НАГА КРЫ́ЖА.

Засн. ў 1889 Мінскім упраўленнем Расійскага т-ва Чырв. Крыжа. У абшчыну ўваходзілі 15 членаў. Пасведчанне сястры міласэрнасці атрымлівалі пасля гадавога выпрабавання і 2 гадоў працы ў абшчыне (праца не аплачвалася, абшчына давала інтэрнат, харчаванне, вопратку, абутак і невялікую грашовую дапамогу). У 1903 пры абшчыне адчынены гадавыя курсы, на якіх выкладалі фізіялогію, хірургію і дэсмургію, гігіену, анатомію, унутр. хваробы, псіхіятрыю, фармакалогію, догляд і пач. дапамогу і інш. Да 1915 падрыхтаваны 143 сястры міласэрнасці. Сёстры абшчыны ўдзельнічалі ў дапамозе параненым у рус.-яп. вайне 1904—05, у барацьбе з тыфам, шкарлятынай, воспай у Мінскай губ. (1900), з халерай у Мазырскім пав. (1908), дапамагалі галадаючым Акмолінскай, Табольскай, Закаспійскай губ. (1911). У 1910 абшчына адчыніла лячэбніцу на 14 ложкаў, у 1914 — на 40. З пач. 1-й сусв. вайны накіравала на фронт шпіталь на 200 ложкаў (пазней пашыраны да 800). З 1921 у складзе Т-ва Чырв. Крыжа Беларусі.

Літ.:

Хоров Г. К истории подготовки медицинских сестер в Белоруссии // Вопросы истории медицины и здравоохранения. Мн., 1968;

Крючок Г.Р. Очерки истории медицины Белоруссии. Мн., 1976.

Т.П.Разуменка.

т. 10, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)