ПАРА́ДКАВЫ НУ́МАР хімічнага элемента,
тое, што атамны нумар.
т. 12, с. 82
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ТАМНЫ НУ́МАР, парадкавы нумар,
нумар хімічнага элемента ў перыядычнай сістэме элементаў Мендзялеева. Роўны ліку пратонаў у атамным ядры. Вызначае фіз. і хім. ўласцівасці атама.
т. 2, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛОНЛІ́ЧБА (ад франц. colonne слупок + лічба),
парадкавы нумар старонкі выдання (кнігі, часопіса, газеты), які змяшчаецца звычайна ў верхняй ці ніжняй ч. старонкі, найчасцей на вонкавым рагу.
т. 7, с. 481
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫКТЫЁН (лац. indictio абвяшчэнне, падаткі),
у Рымскай імперыі прамежак часу ў 15 гадоў, пасля якога праводзіўся перапіс маёмасці для вызначэння памераў падаткаў. У 312 імператар Канстанцін Вялікі ўвёў афіц. летазлічэнне па І. Парадкавы нумар года ў І. называецца індыктам.
т. 7, с. 245
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫ́КТ,
парадкавы нумар года ў 15-гадовым цыкле — індыктыёне. Летазлічэнне па І. існавала ў Рымскай імперыі, у краінах Еўропы ўжывалася поруч з інш. сістэмамі да 19 ст. На Беларусі выкарыстоўвалася ў 15—17 ст. разам з пазначэннем гадоў «ад нараджэння Хрыста».
т. 7, с. 245
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІГНАТУ́РА (позналац. signatura ад лац. signare абазначаць, указваць),
1) частка рэцэпта з указаннем спосабу прыёму лякарства; таксама копія рэцэпта ўрача, якая прыкладаецца да выдадзенага аптэкай лякарства.
2) Парадкавы нумар кожнага друкаванага аркуша ў кнізе, часопісе, які друкуецца на 1-й і 3-й яго старонках злева ўнізе з мэтай кантролю за правільнасцю фальцоўкі і брашуравання.
т. 14, с. 367
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУ́МАР (ад лац. numerus лік),
1) парадкавы лік прадмета ў радзе яму падобных.
2) Прадмет, абазначаны пэўным лікам па парадку.
3) Жэтон, планка, ярлык і да т.п. з адбіткам або малюнкам лічбы.
4) Размер адзення, абутку і інш. 5) Асобны пакой у гасцініцы, лазні і да т.п.
6) Асобнае закончанае выступленне артыстаў (у тэатры, на канцэрце і да т.п.).
7) Баец гарматнага, кулямётнага і да т.п. разліку.
т. 11, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛОНТЫ́ТУЛ (ад франц. colonne слупок + лац. titulus надпіс, загаловак),
загаловачныя звесткі (назва твора, часткі, раздзела, параграфа), якія змяшчаюцца звычайна над тэкстам старонкі (кнігі, часопіса, газеты). У энцыклапедычных выданнях і слоўніках, навук. і навуч. л-ры са складанай будовай тэксту К. замяняе змест (пералік падзагалоўкаў, раздзелаў), аблягчае пошук патрэбнага матэрыялу. У часопісах у К. звычайна пазначаюць прозвішча аўтара і назву твора, у газетах — загаловак, дату выпуску і парадкавы нумар газеты.
т. 7, с. 481
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖА́РНЫ КРАН,
камплект для тушэння пажараў вадой. Складаецца з запорнага вентыля, устаноўленага на пажарным водаправодзе, пажарнага рукава (гібкі трубаправод са спец. хутказлучальнымі галоўкамі на канцах, які служыць для падачы вады) і ствала (прыстасаванне для атрымання кампактнага ці распыленага струменя вады). П.к. размяшчаюцца на вышыні 1,35 м над падлогай у спец. шафах, дзе ўстанаўліваюць таксама ручныя вогнетушыцелі. На дзверцах пазначаецца парадкавы нумар П.к. і нумар тэлефона бліжэйшай пажарнай часці. Колькасць і тып П.к. у будынку залежаць ад яго прызначэння, памераў і пажарнай небяспекі.
В.І.Якаўчук.
т. 11, с. 514
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЧЭ́БНІК,
часціна мовы, якая абазначае абстрактны лік, пэўную і няпэўную колькасць прадметаў або парадак пры іх лічэнні. Паводле значэння Л. падзяляюцца на колькасныя, зборныя і парадкавыя. Да колькасных адносяцца пэўнаколькасныя — указваюць на дакладную колькасць прадметаў («два вучні») ці на пэўны лік безадносна да прадметаў («два і сем — дзевяць»), няпэўнаколькасныя — маюць недакладнае лікавае значэнне («многа»), дробавыя — называюць пэўную частку цэлага прадмета («трэць чалавецтва»). Зборныя абазначаюць колькасць прадметаў як адно цэлае («чацвёра сутак»). Парадкавыя ўказваюць на парадкавы нумар прадметаў пры пералічэнні («трэці дом»), Паводле граматычных адзнак Л. неаднародныя: адны з іх змяняюцца па родах, ліках і склонах («адзін», «тысяча», «мільён»), другія — па родах і склонах («два», «абодва») ці толькі па склонах («тры», «чатыры» і інш.). Паводле марфал. складу падзяляюцца на простыя («адзін»), складаныя («адзінаццаць») і састаўныя («дваццаць пяць»). Л. не ўтвараюць адзінага тыпу скланенняў і могуць нагадваць па канчатках скланенне розных іменных часцін мовы. Спалучаюцца толькі з назоўнікамі.
Літ.:
Вярхоў П.В. Лічэбнік у беларускай мове [параўнальна з рускай і ўкраінскай мовамі]. Мн., 1961;
Чабярук А.І. Лічэбнік у беларускіх гаворках. Мн., 1977;
Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;
Сямешка Л.І., Шкраба І.Р., Бадзевіч З.І. Курс беларускай мовы Мн., 1996.
А.І.Наркевіч.
т. 9, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)