ПАРА́ГРАФ (лац. paragraphus ад грэч. parāgraphos),
частка тэксту ўнутры раздзела, якая мае самаст. значэнне і пазначана звычайна знакам § і парадкавым нумарам, а таксама сам гэты знак.
т. 12, с. 81
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУНКТ (ад лац. punctum кропка),
1) месца, якое прызначана для пэўных мэт, напр., населены П., камандны П. (гл. Пункт камандны).
2) Асобны раздзел, параграф якога-н. тэксту, які абазначаецца лічбай або літарай.
3) Момант, перыяд у развіцці падзей, дзеяння, напр., кульмінацыйны П.
4) Тэмпературная мяжа, пры якой рэчыва змяняе свой стан, напр., П. кіпення, П. плаўлення.
т. 13, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТЫ́КУЛ ВО́ІНСКІ,
першы вайскова-крымінальны і вайскова-працэсуальны кодэкс Расіі. Распрацаваны ў перыяд стварэння Пятром I рэгулярнай арміі. Выдадзены ў 1715. Нормы артыкула воінскага выкарыстоўваліся ў агульнацывільных судах. Дзейнічаў да выдання ў 1839 вайскова-крымінальнага статута.
Паводле артыкула воінскага найб. цяжкімі злачынствамі лічыліся здрада, замах на воінскіх начальнікаў, невыкананне загаду, дзеянні супраць дзяржавы, арміі і інш. Артыкул воінскі прадугледжваў меры пакарання: біццё бізунамі, шпіцрутэнамі, клеймаванне жалезам, высылку на катаргу, пакаранне смерцю і інш. Артыкул воінскі змяшчаў таксама артыкулы аб вартаўнічай ахове, у яго была ўнесена воінская прысяга і інш. У 18—19 ст. артыкулам называлі, акрамя таго, параграф статута, а таксама ружэйныя прыёмы.
т. 1, с. 507
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ВА-ПАСРЭ́ДНІЦА,
1) мова міжнацыянальных (міжэтнічных) і міждзяржаўных зносін (гл. Міжнародныя мовы).
2) У больш вузкім значэнні — мова, праз якую адбылося запазычанне (гл. Запазычанні ў мове) асобных слоў або канструкцый іншамоўнага паходжання. У сучаснай бел. мове вылучаецца значная колькасць лексічных адзінак, у розны час запазычаных з інш. моў. Запазычанне большасці слоў адбывалася праз пасрэдніцтва ў першую чаргу польск. і рус. моў. Напр., праз рус. мову з замежных моў (асабліва з грэч. і лац.) у лексіку бел. мовы прыйшлі словы «аўдыторыя», «варыянт», «ідэя», «кампанент», «мелодыя», «орган», «параграф», «піраміда», «сейф», «трамвай», «утопія» і інш., праз польск. — лац. «колер», ням. «дах», венг. «палаш», італьян. «палац», франц. «пісталет» і інш. У сваю чаргу бел. мова была пасрэдніцай пры запазычанні ў рус. мову слоў з польск. і ням. моў.
т. 10, с. 506
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)