МА́ННА,

1) застылы сок некаторых раслін (ясеня маннага, грабеншчыка і інш.), што выцякае з ранак на кары.

2) Некалькі відаў вандроўных лішайнікаў сям. леканоравых (засушлівыя вобласці ў Паўд.-Усх. Еўропе, Паўд.-Зах. Азіі і Паўн. Афрыцы). Маюць выгляд камячкоў дыям. да 4 см гліністага ці папяліста-шэрага колеру, якія да глебы не прымацоўваюцца. Лёгка пераносяцца ветрам на вял. адлегласці. Ядомыя (магчыма, адсюль і легенда пра М., якая «падае з неба»).

т. 10, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВІТУ́ХІ, рапухі-павітухі (Alytes),

род бясхвостых земнаводных сям. круглаязычных. 2 віды: П. звычайная (A. obstetricans), якая пашырана ў Сярэдняй Еўропе і ўсх. ч. Пірэнейскага п-ва, і П. іберыйская, або іспанская (A. cisternasii), — у Іспаніі і Партугаліі. Жывуць ва ўзгорыстых і гарыстых мясцовасцях. Актыўныя ўначы. Пракопваюць доўгія хады ў глебе.

Даўж. да 5 см. Скура бародаўчатая, папяліста-шэрая Кормяцца беспазваночнымі Самка адкладвае (на сушы) ікру 2 слізістымі шнурамі даўж. да 1,7 м (у кожным да 75 яец), самец намотвае іх на свае сцёгны (адсюль назва) і носіць да вылуплівання апалонікаў.

Павітуха.

т. 11, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЗО́ЛІСТЫЯ ГЛЕ́БЫ,

тып глеб, якія фарміруюцца пад хвойнымі і мяшанымі лясамі з мохавым, мохава-кусцікавым і мохава-травяным покрывам ва ўмовах прамыўнога воднага рэжыму і перыяд. ўвільгатнення. Належаць да аўтаморфных глеб. Пашыраны ў паўн. раёнах умераных шырот Еўропы, Зах. Сібіры, Д. Усходу, Паўн. Амерыкі. На Беларусі трапляюцца па ўсёй тэрыторыі, найб. плошчы ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях. Вылучаюць уласна падзолістыя глебы ў лясах і акультураны падтып на ворных землях. Марфал. глебавы профіль складаецца з некалькіх гарызонтаў: пад спрадвечнымі лясамі вылучаюць лясны подсціл таўшчынёй да 10 см, далей падзолісты гарызонт папяліста-бялявага колеру (да 7 см), падзоліста-ілювіяльны гарызонт жаўтавата-бялявага колеру (15—20 см) і ілювіяльны гарызонт бурага, палевага, светла-жоўтага колераў, які пераходзіць у глебаўтваральную (мацярынскую) пароду. П.г. характарызуюцца кіслай рэакцыяй асяроддзя, невял. колькасцю гумусу і пажыўных элементаў, вільгаці. Для павышэння ўрадлівасці П.г. праводзяць арашэнне, вапнаванне глебы, уносяць арган. і мінер. ўгнаенні. Гл. таксама Глеба.

т. 11, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)