атрад птушак. Вядомы з міяцэну (каля 17 млн.г. назад). 1 сям., 7 падсям., 69 родаў, 324 віды. Пашыраны пераважна ў трапічнай і субтрапічнай зонах. Жывуць на дрэвах; гнёзды ў дуплах, расколінах скал, норах. Трымаюцца статкамі. Многія віды здольныя пераймаць чалавечую гаворку (ара, жако, какаду і інш.). Добра пераносяць няволю, многія віды аматары трымаюць як дэкар. птушак (на Беларусі — да 30 відаў: неразлучнікі, амазоны, какаду, жако, хвалістыя папугайчыкі і інш.). 27 відаў у Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. ад 9,5 см (дзятлавыя П.) да 1 м (ара гіяцынтавы), маса адпаведна ад 10 г да 1 кг. Апярэнне пераважна яркае, стракатае. Галава вялікая, шыя кароткая. У многіх відаў на галаве чубок. Дзюба высокая, выгнутая, моцная; наддзюб’е рухома сучленена з лобнымі касцямі. Крылы закругленыя, дужыя. 1-ы і 4-ы пальцы на нагах павернуты назад. Пераважна расліннаедныя, часам спажываюць жывёльны корм. Манагамы. Нясуць 2—5 яец (зрэдку да 12). Гл. таксама Лоры, Нестары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Арара (папугаі) 1/409
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́АТ (Grooth),
нямецкія жывапісцы, браты. Нарадзіліся ў г. Штутгарт, Германія.
Георг Крыстаф (10 ці 21.1.1716—28.9.1749). З 1743 прыдворны мастак у Пецярбургу. Аўтар вытанчаных партрэтаў у стылі ракако (конны партрэт Елізаветы Пятроўны з арапчанём; вял.кн. Пятра Фёдаравіча; абодва 1743). Іаган Фрыдрых (Іван Фёдаравіч; 1717—18.2.1801), пераважна анімаліст. Выкладаў у Пецярбургскай АМ (акад. з 1765). Яго барочныя кампазіцыі вызначаюцца стрыманым каларытам, падрабязнай дэталізацыяй («Папугаі», 1766, «Кот і мёртвы заяц», 1777).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКЗО́ТЫ (ад грэч. exōtikos чужы, іншаземны),
віды раслін і жывёл, нязвычныя для мясц. флоры і фауны. Трапляюць у геаграфічна аддаленыя экасістэмы выпадкова ці ў выніку інтрадукцыі. Звычайна сустракаюцца ў бат. садах, аранжарэях, заапарках, экзатарыумах і інш. (напр., лімоны, ананасы, кактусы; малпы, страусы, папугаі і інш.), дзе ім ствараюцца штучныя экалагічныя ўмовы. Некат. Э. вельмі пашырыліся ў культуры і дзікай прыродзе, сталі звычайнымі відамі (напр., бульба, памідоры, лістоўніца сібірская; каларадскі жук і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́РЫ (Loriinae), шчоткаязычныя папугаі,
падсямейства птушак атр. папугаепадобных. 14 родаў, 62 віды. Пашыраны ад Філіпінскіх а-воў да Паўд. Аўстраліі і Тасманіі, у Палінезіі. Жывуць у лясах. Найб. вядомыя лорыкет вастрахвосты (Trichoglossus haematodus), Л. стракаты (T. novaehollandiae), Л. чырвоны (Eos squamata).
Даўж. да 40 см. Апярэнне яркае, пераважна чырв. і зялёнае. Хвост доўгі. Дзюба доўгая, вузкая. На канцы мясістага языка шчотачка, утвораная тонкімі шчацінкамі, што дапамагае збіраць з кветак пылок і нектар. Кормяцца таксама ягадамі, пладамі, сокам дрэў, часам дробнымі насякомымі. Нясуць 2—4 яйцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКАРАТЫ́ЎНЫЯ ПТУ́ШКІ,
птушкі, якіх трымаюць у няволі з эстэт. і пазнавальнымі мэтамі. Яны пераважна маюць яркую афарбоўку, прыгожа спяваюць або лётаюць; у няволі не трацяць здольнасці да размнажэння. Радзіма большасці Д.п. — тропікі і субтропікі. На Беларусі найб. пашыраны канарэйкі, папугаі, ткачы і дэкар. галубы (паўліны, дутышы, якабіны, турманы, чайкі). Як дэкар. трымаюць таксама некат. птушак мясц. фауны: аўсянак, берасцянак, валасянак, заранак, крыжадзюбаў, чыжоў, шчыглоў, драздоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РНЕМ-ЛЕНД (Arnhem Land),
паўвостраў на Пн Аўстраліі. Абмываецца Тыморскім і Арафурскім морамі, зал. Карпентарыя. Даўж. каля 320 км. Шыр. да 460 км. Паверхня — паката-ўзгорыстае плато (выш. ад 180 м на Пн да 400 м на Пд), складзенае з пясчанікаў і расчлянёнае рэкамі на астанцовыя масівы. На Пн акаймаваны шырокай раўнінай, якая крута абрываецца да мора. Берагі моцна парэзаныя. Радовішча уранарадыевых (Рам-Джанглі), жал. рудаў, баксітаў. Клімат субэкватарыяльны. Сярэдняя т-ра паветра на працягу года каля 25 °C, ападкаў ад 500 мм (зімой) да 2000 мм (летам) за год. У далінах рэк вільготныя субэкватарыяльныя лясы (пальмы, фікусы), на наветраных схілах гор і на вяршынях масіваў эўкаліптавыя лясы і саванны. Жывёльны свет: мядзведзь каала, кенгуру, вамбаты, кусты; з птушак — казуары, папугаі, лірахвосты. На ПнЗ — порт Дарвін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАНГАРЫ́РА (Tongariro),
нацыянальны парк у Новай Зеландыі, на вулканічным плато ў цэнтр.ч. в-ва Паўночны. Пл. 76,2 тыс.га. Створаны ў 1894. Горны раён (выш. 600—2979 м) з дзеючымі (Нгаўрухоэ, Руапеху, Тангарыра) і патухлымі вулканамі. Гарачыя азёры. Тэрмальныя крыніцы. Мяшаныя субтрапічныя лясы з эпіфітамі да выш. 850 м, вышэй (да 1600 м) лясы з серабрыстага і горнага букаў. На мяжы лесу — пояс хмызняку, пераважна са складанакветных і папарацей, участкамі злакоўнікі (тасек). У батанічным садзе Т. каля 450 відаў абарыгенных раслін. На Т. вял. колькасць абарыгенных птушак: белавочка, валасянкавыя, медасос, веерахвостка, мухалоўка, папугаі, у т. л. чырваналобы і зялёны нестар, новазеландскі сокал, паўночны ківі, пастушок уэка, лунь і інш. Сярод уселеных жывёл — высакародны алень, тары, серна, апосумы, зайцы, здзічэлыя каты і свінні; з птушак — зяблік, чорны дрозд, фазаны, курапаткі, вераб’і. Экзатычныя віды кустоў і траў. Турызм. Т. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны (1990).