«ДАКУМЕ́НТЫ ПА́ПСКІХ НУ́НЦЫЯЎ ПА ГІСТО́РЫІ УКРАІ́НЫ І БЕЛАРУ́СІ»
[«Litterae nuntiorum Apostolicorum (in Polonia, Austria, Venetiis etc.) historiam Ucrainae et Bielarussjae illustrantes», vol 1—13 (1550—1683)],
серыйнае рымскае выданне дакумент. матэрыялаў, складзеных папскімі нунцыямі (пасламі) у Польшчы (з 1569 — Рэчы Паспалітай). Распачаў яго ў 1959 (1-ы том ахоплівае матэрыялы 1550—93) укр. археограф, протаархімандрыт ордэна базыльян Анастасій (Грыгорый) Вялікі, працягваюць інш. ватыканскія гісторыкі; выйшла 14 тамоў. Большая частка дакументаў на лац. і італьянскай мовах. Змяшчае справаздачы і пасланні нунцыяў у Рым, іх перапіску з царк. дзеячамі і інш. дакументы з Ватыканскага архіва.
З’яўляецца важнай крыніцай для вывучэння гісторыі каталіцкай царквы на землях Польшчы, Літвы, Беларусі, Украіны, Брэсцкай уніі 1596.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́КТЫ КАНГРЭГА́ЦЫІ ПРАПАГА́НДЫ ВЕ́РЫ,
«Acta S.C. de propaganda fide ecclesiam catholicam Ucrainae et Bielarusiae spectantia», серыя публікацый дакументаў па гісторыі царквы на тэр. Беларусі і Украіны. Выдаецца ў Рыме з 1953 базыльянскім ордэнам. Змяшчае акты (пратаколы) пасяджэнняў кангрэгацыі (створана ў 1622 рымскім папам для каардынацыі місіянерскай дзейнасці; распараджалася уніяцкай царквой, кантралявала місіянерскую дзейнасць каталіцкіх ордэнаў на тэр. Беларусі і Украіны), а таксама пасланні да папскіх нунцыяў, пратаколы «партыкулярных» кангрэгацый, на якіх прымаліся рашэнні аб дзейнасці уніяцкай царквы ў ВКЛ. Крыніца для вывучэння палітыкі рымскай курыі ў ВКЛ, сац.-паліт.эканам., ідэалаг. дзейнасці уніяцкай царквы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́КЦЫЯ КАТАЛІ́ЦКАЯ,
сукупнасць свецкіх арг-цый вернікаў-католікаў, дзейнасць якіх каардынуе Ватыкан. Пачалі стварацца ў 19 ст. дзеля захавання ўплыву каталіцкай царквы і магчымасці непасрэднай паліт. дзейнасці духавенства. Арганізацыйна аформілася пасля 1922 па ініцыятыве папы Пія XI, які вызначыў яе паліт. мэты: спрыяць укараненню ў грамадстве асн. ідэй каталіцкай сац. праграмы, папскіх энцыклік (пасланняў), пашыраць грамадскую базу каталіцкай царквы, актыўна ўплываць на паліт. асяроддзе. У час парламенцкіх выбараў арг-цыі акцый каталіцкіх вядуць агітацыю пераважна за прадстаўнікоў каталіцкіх партый. Некаторыя з гэтых партый (ХДП у Італіі, ХДС/ХСС у Германіі, СХП у Бельгіі, АНП у Аўстрыі і інш.) прыходзілі да дзярж. улады. У залежнасці ад рэгіёна і гіст. умоў дзейнасць акцый каталіцкіх набывае спецыфічныя рысы: у 1929—43 у Італіі ў адпаведнасці з Латэранскімі пагадненнямі яна падпарадкоўвалася рэжыму Мусаліні; у Германіі дзейнічае пры епархіях як сістэма камісій па наглядзе за выхаваннем у школе, а праз сродкі масавай інфармацыі — за «маральным станам нацыі». У 1925—39 акцыя каталіцкая (пераважна суполкі пры касцёлах) дзейнічала ў Зах. Беларусі. Старшыні і сакратары гэтых суполак падпарадкоўваліся Віленскаму епархіяльнаму «Інстытуту акцыі каталіцкай», які ў сваю чаргу нёс адказнасць перад Ватыканам. Члены акцыі каталіцкай спалучалі прапаганду каталіцкіх ідэй з культ.-асв. работай. Пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР (1939) арг-цыі акцыі каталіцкай як антысав., а іх арганізатары і кіраўнікі ў 1949—52 рэпрэсіраваны.
Літ.:
Ковальский Н.А. Международные католические организации. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТЭСТАНТЫ́ЗМ [ад лац. protestans (protestantis) які публічна даказвае],
адзін з асн. кірункаў (разам з каталіцызмам і праваслаўем) у хрысціянстве. Узнік у Еўропе ў перыяд Рэфармацыі.
Першапачаткова звязваўся з вучэннем М.Лютэра, пазней Ж.Кальвіна, У.Цвінглі і інш. рэфармацыйных плыней. Да сярэдзіны 16 ст. распаўсюдзіўся па ўсёй Еўропе, у 17 ст. пашырыўся за яе межы. У выніку ўзніклі і арганізацыйна аформіліся пратэстанцкія цэрквы: лютэранская, кальвінісцкая, англіканская, ад якіх утварыўся шэраг рэліг. груповак і аб’яднанняў. Для П. характэрна адсутнасць супрацьпастаўлення духавенства міранам, адмова ад складанай царк. іерархіі, спрошчаны культ, адсутнасць манаства і бясшлюбнасці духавенства. У П. няма культу Багародзіцы, святых, анёлаў, абразоў, таінствы зведзены да хрышчэння і прычашчэння. Пратэстанты адмаўляюць аўтарытэт папскіх дэкрэтаў і пасланняў, рашэнні сабораў, прызнаюць толькі Біблію, для разумення якой непатрэбны пасрэднікі і традыцыі, а патрэбна толькі вера ва ўсё тое, што ў ёй напісана. Адказнасць чалавека за сваё выратаванне залежыць ад яго асабістай веры, ніякая арг-цыя (царква як сац.ін-т) не здольная ўзяць Яе на сябе. Існуюць разнавіднасці арганізац. форм П.: баптысты, метадысты, адвентысты, пяцідзесятнікі, сведкі Іеговы (больш за 400 млн. у свеце).
На Беларусі пратэстанцкія погляды пачалі распаўсюджвацца з сярэдзіны 16 ст., што спрыяла эвалюцыі грамадскага ладу, фарміраванню шляхецкай дэмакратыі, развіццю рэнесансна-гуманіст. і рацыяналістычных тэндэнцый у духоўным жыцці, станаўленню новых форм культуры, пашырэнню міжнар.культ. сувязей. Рэфармацыю падтрымлівалі Радзівілы, Тышкевічы, Сапегі, Кішкі, адукаваная частка грамадства і інш. П. пашырыўся ў выглядзе кальвінізму, лютэранства, арыянства і інш., у 19—20 ст. з’явіліся баптысты, евангельскія хрысціяне, пяцідзесятнікі, сведкі Іеговы і інш.
Літ.:
Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (Вторая половина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНКВІЗІ́ЦЫЯ (ад лац. inquisitio расследаванне),
трыбунал каталіцкай царквы, створаны для барацьбы з ерасямі, вальнадумствам, антыцарк. і антыфеад. рухам. Існавала ў 12—19 ст. ва ўсіх каталіцкіх краінах. Вызначалася жорсткасцю і фанатызмам. Рост у 12—13 ст.царк. і рэліг. апазіцыі (катары, альбігойцы, вальдэнсы) выклікаў узмацненне рэпрэсій з боку царквы. У 1184 на сінодзе ў Вероне папа Луцый III выдаў дэкрэт, у якім вызначаны юрыд. нормы І., а кіраванне ёю ўскладзена на епіскапаў. Стварэнне І. зацвердзілі 4-ы латэранскі (1215) і тулузскі (1229) саборы. Для ўдасканалення дзейнасці І., а таксама з мэтай прадухіліць злоўжыванні ўлад папа Грыгорый IX у 1223 увёў пасады папскіх інквізітараў для асобных краін і дыяцэзій (займалі пераважна дамініканцы і францысканцы). У 1232—35 інквізітарскія трыбуналы створаны ў Германіі, Арагоне, Аўстрыі, Ламбардыі, паўд. Францыі і Італіі. У 1252 пры папе Інакенцію IV афіцыйна ўведзена катаванне як сродак для атрымання паказанняў. Першапачаткова інквізіц. трыбуналы разглядалі толькі рэліг. справы, пазней (14—15 ст.) справы пра чараўніцтва, сувязь з д’яблам і інш. Асабліва жорсткі характар мела іспанская І., дзе ў 14—15 ст. вяліся масавыя рэпрэсіі супраць магаметан і яўрэяў, якія прынялі каталіцтва (гл.Мараны), іх абвінавачвалі ў патаемным вызнанні даўнейшай веры. З 1478, калі кароль Іспаніі атрымаў права прызначаць інквізітараў, І. цалкам падпарадкавана ўладзе і выкарыстоўвалася для яе ўзмацнення. Гал.ісп. інквізітар Т.Тарквемада асабіста адправіў на касцёр каля 9 тыс. чалавек. Быў уведзены звычай публічнага і ўрачыстага спальвання асуджаных (гл.Аўтадафэ). З Іспаніі І. была перанесена ў Партугалію, амер. правінцыі, Нідэрланды. У 1542 створаны вярх. інквізітарскі трыбунал у Рыме на ўзор ісп. І., які стаў адным з асн. сродкаў Контррэфармацыі. Ахвярамі І. ў 17 ст. сталі перш за ўсё выдатныя вучоныя і мысліцелі (Дж.Бруна, Дж.Ваніні, Г.Галілей і інш.). У 1543 выдадзены «Індэкс Забароненых кніг» і ўведзена жорсткая цэнзура.
У слав. краінах І. не адыграла значнай ролі. У большасці еўрап. краін яна скасавана да 18 ст. і толькі ў некаторых захавалася да сярэдзіны 19 ст. (у Партугаліі да 1820; у Іспаніі да 1835; у Італіі канчаткова скасавана ў 1859).
Літ.:
Ли Г.Ч. История инквизиции в средние века: Пер. с фр.Т. 1—2. СПб., 1911—12;
Льоренте Х.А. Критическая история испанской инквизиции: Пер. с фр.Т. 1—2. М., 1936;
Шпренгер Я., Инститорис Г. Молот ведьм. М., 1992;
Григулевич И.Р. Инквизиция. 2 изд, М., 1976;
Hayward F. The Inquisition. New York, 1966;
Baranowski B. Procesy czarownic w Polsce w XVII i XVIII wieku. Lodź, 1952.