Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНДУ́НГСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1955,
канферэнцыя 29 краін Азіі і Афрыкі, якая адбылася 18—24 красавіка ў г. Бандунг (Інданезія). Яе ініцыятары Бірма, Індыя, Інданезія, Пакістан і Цэйлон. Канферэнцыя асудзіла каланіялізм, палітыку расавай дыскрымінацыі і сегрэгацыі; яе рашэнні замацаваны ў рэзалюцыях (аб праблемах залежных народаў, правах чалавека, аб самавызначэнні, эканам. і культ. супрацоўніцтве) і дэкларацыі аб садзейнічанні ўсеагульнаму міру і супрацоўніцтву, у аснову якой пакладзены пяць прынцыпаў мірнага суіснавання (Панча шыла). Ідэі Бандунгскай канферэнцыі леглі ў аснову Каірскай канферэнцыі салідарнасці краін Азіі і Афрыкі (1957—58) і Акрскіх канферэнцый краін Афрыкі (1958).
т. 2, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЬЯ
(Villa) Франсіска, Панча Вілья [сапр. Аранга (Arango) Даратэа; 4.10.1877, г. Рыо-Грандэ, Мексіка — 20.7.1923], дзеяч Мексіканскай рэвалюцыі 1910—17, нац. герой Мексікі. Удзельнічаў у звяржэнні дыктатуры П.Дыяса (1911),
задушэнні мяцяжу П.Ароска (1912). У 1913 сфарміраваў і ўзначаліў паўстанцкую Паўн. дывізію, якая дзейнічала ў штатах Чыўаўа і Кааўіла, дзе праводзілася раздача канфіскаваных зямель сялянам, канфіскацыя прамысл. прадпрыемстваў, адкрываліся школы. Разам з сял. арміяй Э .Сапаты атрады Вільі ў снеж. 1914 уступілі ў Мехіка, але ў студз. 1915 пасля паражэння пакінулі сталіцу. У 1916—17 змагаўся супраць інтэрвенцкіх войск ЗША. У 1916—19 вёў партыз. барацьбу супраць урада Карансы. У 1920 адышоў ад рэв. руху. Забіты.
т. 4, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)