Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНТЫ́ЙСКІЯ ГО́РЫ (ад грэч. Pontos Чорнае мора),
паўночныя ўскраінныя горы ў складзе Малаазіяцкага нагор’я ў Турцыі. Даўж. каля 1000 км (уздоўж узбярэжжа Чорнага мора). Выш. да 3937 м (г. Качкар). Падзяляюцца на Зах. П.г. (сярэдневышынныя з выраўнаванымі вяршынямі, паступова паніжаюцца пры набліжэнні да прал. Басфор), горы Джанік і Усх. П.г. (маюць альпійскія формы рэльефу), падзеленыя глыбокімі далінамі і міжгорнымі катлавінамі. Сфарміраваны ў альпійскую складкаватасць, складзены з парод меза-кайназою, месцамі перарваных гранітнымі інтрузіямі. На З складзены пераважна з пясчанікаў, вапнякоў, на У — з гранітаў, гнейсаў, крышт. сланцаў, вулканічных парод. Моцная сейсмічнасць. Прарэзаны скразнымі далінамі рэк Кызыл-Ірмак, Ешыль-Ірмак і інш. Паўн. схілы П.г. укрыты шыракалістымі лясамі з бука, граба, каштана, ліпы з вечназялёным падлескам на горных чырваназёмах і жаўтазёмах. На выш. 600—700 м мяшаныя і хваёвыя лясы на горных буразёмах, вышэй субальпійскія хмызнякі і горныя лугі. На паўд. схілах — стэпы, паўпустыні, хмызнякі. Вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, тытунь, цукр. буракі, вінаград і садовыя культуры. Нац. паркі.
М.В.Лаўрыновіч.
т. 12, с. 52
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЕ-ПАНТЫ́ЙСКІЯ ГО́РЫ,
заходняя частка Пантыйскіх гор на Пн Турцыі паміж рэкамі Сакар’я і Кызыл-Ірмак. Даўж. 475 км. Выш. да 2600 м (г. Дэлітэпе). Хрыбты цягнуцца 2—3 паралельнымі радамі, якія размяжоўваюцца падоўжнымі далінамі і катлавінамі. Стромка абрываюцца да ўзбярэжжа Чорнага м. Складзены з пясчанікаў, вапнякоў, метамарфічных парод. Радовішчы каменнага вугалю (Зангулдакскі бас.). Вільготны клімат з боку Чорнага м. спрыяе развіццю горна-лясной расліннасці, вышэй за 2000 м альпійскія лугі. Паўд. хрыбты бязлесныя. У катлавінах, далінах і на нізінах вырошчваюць сады, вінаграднікі, кукурузу, рыс, тытунь і інш.
т. 7, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЫЗЫ́Л-ІРМА́К (тур. Kizilirmak чырвоная рака; ант. назва — Галіс),
рака на Пн Турцыі. Даўж. 1151 км, пл. басейна 77,1 тыс. км². Вытокі ў гарах Кызылдаг. Перасякае Анаталійскае пласкагор’е і Пантыйскія горы, упадае ў Чорнае м. Веснавое разводдзе, летняя межань, асеннія паводкі ад дажджоў. Сярэдні гадавы расход вады каля 170 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. У сярэднім цячэнні — гідравузел Хырфанлар (ГЭС, вадасховішча даўж. 75 км). У даліне К. гарады Сівас, Бафра.
т. 9, с. 69
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛААЗІЯ́ЦКАЕ НАГО́Р’Е.
На п-ве Малая Азія, у Турцыі. Даўж. каля 1200 км, шыр. каля 600 км, пераважаюць выш. 800—1500 м. Пл. каля 550 тыс. км². Унутр. ч. занята Анаталійскім пласкагор’ем, на Пн — Пантыйскія горы, на Пд — горы Таўр. Выш. да 3916 м (г. Эрджыяс). На У паступова пераходзіць у Армянскае нагор’е; на З — у сістэму шыротных хрыбтоў і ўпадзін. Ва ўнутр. раёнах пераважаюць паўпустыні і стэпы, на знешніх схілах гор — лясы і міжземнагорскія хмызнякі.
т. 9, с. 548
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛА́Я А́ЗІЯ,
паўвостраў на З Азіі, складае большую частку тэр. Турцыі. Пл. каля 400 тыс. км². Даўж. з 3 на У 1000 км, шыр. 400—600 км. Абмываецца Чорным, Мармуровым, Эгейскім і Міжземным морамі, пралівамі Басфор і Дарданелы. Паўн. і паўд. берагі стромкія, малапарэзаныя, зах. — моцна расчлянёны бухтамі і залівамі. Амаль увесь паўвостраў заняты Малаазіяцкім нагор’ем, у сярэдзіне якога Анаталійскае пласкагор’е з вулканічнымі конусамі (г. Эрджыяс, 3770 м). Па ўскраінах паўн. ч. паўвострава Пантыйскія горы, паўд. — горы Таўр. Па берагах мораў участкі нізін з міжземнаморскай расліннасцю. Частыя землетрасенні. Карысныя выкапні: каменны вугаль, нафта, храміты, жал., марганцавая і інш. руды, сера, каменная соль. Клімат субтрапічны. Рэкі горныя, малаводныя. Найб. воз. Туз. На прыморскіх схілах ускраінных гор шыракалістыя лясы вільготных субтропікаў калхідскага тыпу і цвердалістыя міжземнаморскія лясы і хмызнякі. На ўнутр. схілах гор і пласкагор’ях паўпустыні і нагорныя стэпы. Горныя і пустынна-стэпавыя віды фауны.
т. 10, с. 15
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬПІ́ЙСКАЯ СКЛА́ДКАВАСЦЬ,
эра тэктагенезу, што адбываўся з канца мелу і пераважна ў кайназоі. Выявілася ў межах геасінклінальных абласцей, якія развіваліся ў мезазоі і раннім палеагене, завяршылася ўзнікненнем маладых горных утварэнняў — альпідаў. Да вобласці альпійскай складкаватасці належаць складкавыя горы: у Еўропе Альпы, Пірэнеі, Андалускія, Апеніны, Карпаты, Дынарскае нагор’е, Стара-Планіна, Крымскія горы; у Азіі Каўказ, Пантыйскія, Таўр, Туркмена-Харасанскія, Эльбурс, Загрос, Сулейманавы горы, Гімалаі, складкавыя ланцугі Бірмы, Інданезіі, Камчаткі, Японскіх і Філіпінскіх а-воў; у Паўн. Амерыцы складкавыя хрыбты Ціхаакіянскага ўзбярэжжа Аляскі і Каліфорніі; у Паўд. Амерыцы Анды; таксама архіпелагі, якія акаймоўваюць Аўстралію з У, у т. л. а-вы Новая Гвінея і Новая Зеландыя. Альпійская складкаватасць месцамі закранула і суседнія платформы — Юрскія горы і частку Пірэнейскага п-ва ў Зах. Еўропе, паўд. ч. гор Атлас у Паўн. Афрыцы, Таджыкскую дэпрэсію і паўд.-зах. адгор’і Гісарскага хрыбта ў Сярэдняй Азіі, усх. ч. Скалістых гор у Паўн. Амерыцы, Антарктычны п-аў у Антарктыдзе і інш. На тэр. Альпійскай складкаватасці захоўваецца тэктанічная актыўнасць, што выяўляецца ў моцным расчляненні рэльефу, высокай сейсмічнасці, шматлікіх дзеючых вулканах.
т. 1, с. 281
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)