Панкрэатыт 8/19, 82; 10/80
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНКРЭАТЫ́Т [ад грэч. pankreas (pankreatos) падстраўнікавая залоза],
запаленне падстраўнікавай залозы. Адрозніваюць П. востры і хранічны. Прыкметы вострага П. — моцны боль у верхняй палавіне жывата, які аддае ў паяснічную вобласць злева, моташнасць, ірвота і г.д. Ускладненні: перытаніт, абсцэс, кісты і інш. Пры хранічным П. паступова развіваецца недастатковасць вонкавай і ўнутр. сакрэцыі падстраўнікавай залозы. Лячэнне вострага П. — тэрапеўт. і хірург., хранічнага — дыета з абмежаваннем тлушчу, кансерватыўнае, хірургічнае.
т. 12, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАІМУ́ННЫЯ ХВАРО́БЫ,
захворванні, абумоўленыя рэакцыямі імунітэту, што накіраваны супраць уласных тканак і органаў арганізма. Да аўтаімунных хвароб належаць калагеноз, нефрыт, панкрэатыт, сістэмная склерадэрмія, набытая гемалітычная анемія; адна з найб. цяжкіх аўтаімунных хвароб — сіндром набытага імунадэфіцыту (СНІД). Механізм многіх аўтаімунных хвароб вывучаны недастаткова.
т. 2, с. 109
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛІКА [ад грэч. kōlikē (nosos) кішачная хвароба],
прыступ рэзкіх схваткападобных боляў у брушной поласці і забрушыннай прасторы. Адрозніваюць К. пячоначную і нырачную (найчасцей бывае пры камянях, гл. Жоўцекамянёвая хвароба), апендыкулярную (гл. Апендыцыт), кішачную (пры калавых камянях, некат. хваробах), панкрэатычную (гл. Панкрэатыт) і інш. Болі пры К. абумоўлены спазмам кругавых мышцаў сценак кішак, жоўцевых шляхоў, мачавых праток і інш. Бывае пры расцяжэнні ўчасткаў кішэчніка газамі. Суправаджаецца ірвотай, дрэнным агульным станам. У жывёл адрозніваюць К. сапраўдную (пры хваробах страўніка і кішак) і несапраўдную (пры некат. заразных хваробах, паталогіі печані, мачавога пузыра і інш.). Лячэнне: ліквідацыя прычыны асн. хваробы, што выклікае К., абязбольвальныя сродкі.
т. 8, с. 390
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСТРАЭНТЭРАЛО́ГІЯ (ад гастра... + энтэра... + ...логія),
раздзел медыцыны, які вывучае прычыны, механізмы і клінічныя формы захворванняў органаў стрававальнай сістэмы пераважна неінфекц. паходжання, распрацоўвае метады дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі гэтых захворванняў. Найб. актыўна вывучаюцца хранічны гастрыт, язвавая хвароба страўніка і дванаццаціперснай кішкі, гепатыты, цырозы печані, халецыстыт, жоўцекамянёвая хвароба, панкрэатыт, каліты і інш. хваробы органаў стрававання.
Гастраэнтэралогія як навука сфарміравалася ў 1-й пал. 19 ст. з узнікненнем сістэматычных апісанняў хвароб органаў стрававання. Навук. асновы расійскай гастраэнтэралогіі заклалі С.П.Боткін, А.А.Астравумаў, Р.А.Захар’ін, І.П.Паўлаў, А.М.Угалёў, У.Х.Васіленка. На Беларусі развіццю гастраэнтэралогіі спрыялі працы І.І.Ганчарыка, І.Н.Бранаўца, М.Я.Фёдарава, Ю.Х.Марахоўскага і інш. Даследаванні ў галіне гастраэнтэралогіі праводзяцца ў Рэспубліканскім навук. цэнтры (Мінск). Створана рэсп. асацыяцыя гастраэнтэролагаў.
М.Ф.Сарока.
т. 5, с. 85
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСКАРЫДО́З,
інвазійная хвароба свіней і чалавека, якая выклікаецца аскарыдамі. Пашкоджваецца тонкі кішэчнік (дарослыя паразіты) і парэнхіматозныя органы (лічынкі). Лічынкі ў кішэчніку выходзяць з яец аскарыдаў, якія заглынаюцца з вонкавага асяроддзя, з крывёй заносяцца ў печань, потым у лёгкія, ротавую поласць і зноў у кішэчнік. Праз 1,5—2 мес яны развіваюцца ў дарослых паразітаў.
У жывёл часцей хварэе маладняк да 6—7 месячнага ўзросту. Павышаецца т-ра цела, пагаршаецца апетыт, пачашчаецца дыханне, паяўляюцца кашаль, ірвота, панос, часам — сутаргі, на скуры можа быць высыпка. У чалавека адрозніваюць 2 стадыі: раннюю — міграцыйную і познюю — кішачную. Першая часцей праходзіць бессімптомна. Пры другой (кішачнай) адзначаюцца моташнасць, недамаганне, болі ў страўніку, слінацячэнне, пагаршэнне апетыту, галаўны боль, галавакружэнне, павышаная стамляльнасць. Пры множнай інвазіі дзеці ў сне скрыгочуць зубамі; у іх можа ўзнікаць бранхіт, астматычнае ўдушша, малакроўе, нервовасць, рассеянасць. Магчымы ўскладненні: гнойны халецыстыт, абсцэс печані, перытаніт, сепсіс, панкрэатыт, апендыцыт; закупорка клубком аскарыдаў прасвету кішэчніка можа выклікаць непраходнасць кішэчніка. Лячэнне праводзіць урач.
т. 2, с. 35
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)