Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМЕ́СЦЕ,
форма феад. зямельнага ўладання ў Расіі, пры якім уладальнік абавязаны несці ваенную ці інш. службу дзяржаве. Пашырана ў 15 — пач. 18 ст. Масавая раздача П. феадалам пачата ў канцы 15 ст. ў Наўгародскай і інш. землях. Юрыд. статус П. вызначаны Судзебнікам 1497. Уладальнікі П. — памешчыкі, або дваране. У адрозненне ад вотчыны П. даваліся дваранам на пэўны час, уладальнік не мог яго прадаць, перадаць па спадчыне. З сярэдзіны 16 ст. памешчыкі атрымалі права перадаваць П. ў спадчыну і распараджацца імі. Пасля ўказа Пятра I аб адзінаспадчыннасці (1714) П. зліліся з вотчынамі ў адзіны від зямельнай уласнасці феадалаў — маёнтак. У 18 — пач. 20 ст. тэрмін «П.» ўжываўся як адна з назваў маёнткаў буйных землеўладальнікаў. Ліквідаваны Кастр. рэвалюцыяй 1917.
На Беларусі першыя звесткі пра раздачу зямлі пры ўмовах службы адносяцца да сярэдзіны 13 ст. Зямельныя ўладанні («имения»), якія феадалы-васалы атрымлівалі ад вял. князя ці паноў за ваен. і інш. службу, называліся «даніна» або «выслуга». Землі даваліся ў часовае («дачаснае») і ў пастаяннае («вячыстае») уладанне. З павелічэннем паліт. ролі шляхты і аслабленнем улады вял. князя ў 15—16 ст. адбываўся працэс пераўтварэння дачасных данін у вотчыны, якія сталі пануючай формай феад. зямельнай уласнасці. Да сярэдзіны 16 ст. большасць зямельнага фонду ВКЛ стала ўласнасцю шляхты. Неабмежаваныя правы шляхты на маёнткі замацаваны шэрагам прывілеяў, а таксама Статутамі ВКЛ 1529, 1566, 1588.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЁНТАК,
агульная назва землеўладання з панскай гаспадаркай (жылыя і гасп. будынкі, прадпрыемствы і г.д.) у феад. і капіталіст. грамадствах. Гл. таксама Вотчына, Памесце, Латыфундыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЬЕ́НДА (ісп. hacienda),
буйное памесце ў большасці лац.-амер. краін. Пачалі стварацца пасля захопу ісп. каланізатарамі зямель карэннага насельніцтва. У канцы 16 — пач. 17 ст. ператварыліся ў спадчынныя феад. памесці, да якіх былі прымацаваны індзейцы, абавязаныя працаваць на памешчыкаў. У цяперашні час асьенды — асн. тып буйнога зямельнага ўладання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБЕ́ЛА (Тодар Іванавіч) (сак. 1896, в. Чабусы Любанскага р-на Мінскай вобл. — 1935?),
бел. гісторык. Скончыў БДУ (1925). З 1925 вучыўся ў аспірантуры БДУ. З 1928 навук. супрацоўнік у Інбелкульце і Бел.АН, з 1929 у Магілёўскім дзярж. архіве. Даследаваў гісторыю сялянства і сельскай гаспадаркі, гарадоў Беларусі 16—18 ст., вывучаў феад.памесце і становішча прыгонных сялян. 24.7.1930 арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі», 10.4.1931 сасланы на 5 гадоў у г. Елабуга (Татарская АССР), дзе і памёр. Рэабілітаваны ў 1957.
Тв.:
Землеўласнік і земляроб па Статуту Літоўскаму 1588 г.Мн., 1928;
Панская гаспадарка на Беларусі і быт падданага сялянства ў другой палове XVIII ст.Мн., 1928;
Места Берасцейскае ў XVI ст.: (сац.-экан. нарыс). Мн., 1930.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМЕ́ШЧЫКІ,
дваране-землеўладальнікі ў Расіі ў канцы 15 — пач. 20 ст. Першапачаткова П. наз. дваран, якім вял. князь (з 1547 цар) даваў, пры ўмове службы яму, зямлю з сялянамі — памесце (гл.Памесная сістэма). Указ «аб адзінаспадчыннасці» (1714) зліў памесці з вотчынамі ў адзіны від дваранскай уласнасці — «нерухомыя маёмасці», або маёнткі. Тэрміны «памесце» і «П.» працягвалі ўжывацца як сінонімы слоў «маёнтак» і «дваране-землеўласнікі». Маніфест аб вольнасці дваранства 1762 дазволіў дваранам пакідаць службу і займацца гаспадаркай у маёнтках. Да адмены прыгоннага права (1861) паказчыкам багацця П. была колькасць «душ» прыгонных сялян, якімі яны валодалі. У 1860 103,2 тыс.рас. П. валодалі 10,7 млн. душ сялян. 43,7% прыгонных належалі 3,8% П. (1000 і болей душ у кожнага), дробнапамесныя П. (100 і менш душ) валодалі толькі 3,2% сялян, хоць самі складалі 41,6% усіх П. З адменай прыгоннага права паказчыкам дабрабыту П. стала валоданне зямлёй. Б.ч. іх поўнасцю або часткова здавала зямлю ў арэнду сялянам, іншыя здолелі наладзіць капіталіст. гаспадарку, якую вялі сіламі наёмных работнікаў. З прычыны разарэння многіх П. і набыцця зямлі прадстаўнікамі інш. саслоўяў працэнт дваранскіх зямель за 1861—1907 паменшыўся з 95% да 44%. У 1905 налічвалася каля 30 тыс. сем’яў П., большасць з якіх былі дробнапамеснымі. Да 1917 9—10% П. валодалі 70—73% усіх дваранскіх зямель. Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 ліквідавала П. як клас, іх землі нацыяналізаваны дэкрэтам аб зямлі (9.11.1917). У л-ры П. часам называюць буйных землеўласнікаў Рас. імперыі незалежна ад іх саслоўнай прыналежнасці, а таксама буйных землеўласнікаў феад. і паўфеад. тыпу ў інш. краінах.
На Беларусі паводле 10-й рэвізіі (1859) былі 9072 П., яны мелі 1 146 712 прыгонных сялян мужчынскага полу. З іх дробныя П. (да 100 душ на ўладальніка) складалі 73,3% і валодалі 16,5% прыгонных; буйныя П. (больш за 500 душ) складалі 4,2%, але мелі 44,4% прыгонных. У бел.-літ. губернях у канцы 1850-х г. паншчыну выконвалі 92,3% прыгонных. З сярэдзіны 19 ст. П. ўсё часцей закладалі ў крэдыт сялян сваіх маёнткаў, у 1856 на Беларусі было закладзена 56,5% сялян. Пасля адмены прыгону працэс памяншэння дваранскай зямлі ў бел. губернях адбываўся больш павольна, чым у астатніх губернях Расіі, бо з-за антырас. настроенасці шляхты царскі закон 1865 забараніў палякам набываць зямлю ў Зах. краі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛА (ад лац. villa сядзіба, маёнтак),
загарадны дом з садам ці паркам. У Стараж. Рыме вілай называлі загараднае памесце для адпачынку і забаў. Маляўніча размешчаныя пабудовы вілы групаваліся вакол адкрытага двара, жылыя памяшканні ўпрыгожвалі мазаікай і размалёўкай. Комплекс вілы іншы раз уключаў будынкі храма, т-ра, каналы, вадаёмы, дэкар. скульптуру (віла імператара Адрыяна ў Тывалі, 2 ст.). У эпоху Адраджэння склаўся тып вілы, які меў восевую кампазіцыю з гал. будынкам у цэнтры, яго лоджыя адкрывалася на тэрасныя сады (віла Мадама, цяпер у Рыме, пачата ў 1517, арх. Рафаэль, А. да Сангала Малодшы, віла «Ратонда» ў Вічэнцы, 1551 — 67, арх. А.Паладыо). Строгія і зграбныя ансамблі віл эпохі Адраджэння змяніла складаная і мудрагелістая кампазіцыя пышных барочных віл. У 19—20 ст. вілай называюць камфартабельны аднасямейны дом з садам ці паркам у прыгарадзе ці курортнай мясцовасці (віла Савой каля Парыжа, 1929—31, арх. Ле Карбюзье; «Дом над вадаспадам» у Пенсільваніі, 1936, арх. Ф.Л.Райт; загарадны дом у Каліфорніі, 1946, арх. Р.Нёйтра і інш.).
Віла Адрыяна ў Тывалі 125—135 н.э.Да арт.Віла. Загарадны дом у Каліфорніі. Арх. Р.Нёйтра. 1946.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ТЧЫНА,
галоўная форма зямельнай уласнасці ў сярэднявеччы. У гіст. л-ры тэрмінам «вотчына» абазначаюць комплекс зямельнай уласнасці феадалаў і звязаных з ёю правоў на залежных сялян. У сац.-эканам. значэнні вотчына — форма прысваення прыбавачнай працы сялян, аснова панавання феадалаў у сярэдневяковым грамадстве.
У краінах Еўропы склалася ў 8—9 ст. З фарміраваннем вотчыны ствараўся апарат прымусу (адміністрацыя, вотчынны суд). Сяляне, падначаленыя вотчыннай уладзе феадала, захоўвалі і абшчынную арганізацыю. Вотчына адрозніваліся эканам. структурай, памерамі, сац.-саслоўнай прыналежнасцю вотчыннікаў, юрыд. паходжаннем правоў. Аснова вытв. дзейнасці вотчыны — сял. гаспадарка. Для Зах. Еўропы тыповая вотчына напачатку з панскай гаспадаркай, у 16—17 ст. — без панскай гаспадаркі (чыстая вотчына). У краінах Цэнтр. і Усх. Еўропы з 14—15 ст. пашыралася паншчынная гаспадарка, разлічаная на збыт с.-г. прадукцыі на ўнутр. і знешнім рынках. На Русі вотчына пашырылася ў 11—15 ст. Для яе характэрна спадчыннасць правоў на зямлю. У адрозненне ад памесцяў, падараваных у часовае ўладанне, вотчыну можна было прадаць, падарыць, закласці, перадаць у спадчыну. Адрознівалі вотчыны радавыя, купленыя, падараваныя, княжацкія і інш. У 13—15 ст. вотчына — пераважная форма феад. зямельнай уласнасці. З сярэдзіны 14 ст. з умацаваннем велікакняжацкай улады і ўтварэннем Рус. цэнтраліз. дзяржавы правы вотчыннікаў абмяжоўваюцца. Указам 1714 юрыдычна аформлена зліццё вотчыны і памесця.
На Беларусі ў 14—16 ст. тэрмінам «вотчына» абазначалася зямельная ўласнасць, якая перайшла ў спадчыну ад бацькі дзецям. Таму вотчынай называлі ўладанні і феадалаў, і сялян. Прававы статус вотчыны феадалаў развіваўся ў 14—16 ст. і заканадаўча аформлены шэрагам велікакняжацкіх прывілеяў і статутамі ВКЛ 1529, 1566, 1588. З канца 16 ст. тэрмін «вотчына» выцясняецца раўназначнымі польск. тэрмінамі «dziedzictwo» (спадчына), «mienie ojczyste» (бацькоўская маёмасць) і інш., з канца 18 ст. — рус. тэрмінам «памесце», які абазначаў зямельную ўласнасць дваран незалежна ад спосабу яе набыцця.