Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІФА́ГІ [ад палі... + ...фаг(і)],
арганізмы, якія выкарыстоўваюць (у адрозненне ад усёедных) разнастайны корм пэўнай групы (раслінны, жывёльны ці мяшаны). Напр., вусені лугавога матылька (Pyrausta sticticalis) кормяцца прыкладна на 160 відах раслін; рыжыя лясныя мурашкі (Formica rufa) паядаюць сотні відаў насякомых і інш. беспазваночных, а таксама некат. расліны. Мнагаедныя жабы, яшчаркі, некат. драпежныя птушкі (канюкі, каршуны), большасць млекакормячых. У П. пэўныя анат., фізіял. і біяхім. адаптацыі стрававальнай сістэмы (састаў стрававальных ферментаў значна шырэйшы, чым у стэнафагаў). П. могуць станавіцца стэнафагамі (манафагамі) пры адаптацыі да аднаго ці нямногіх відаў корму. У чалавека паліфагія выяўляецца пры празмерным спажыванні ежы. Можа быць абумоўлена павышанай патрэбнасцю здаровага арганізма ў энергіі і бялках (напр., пасля галадання, цяжкай фіз. працы) або пры некат захворваннях (напр., валляк дыфузны таксічны, дыябет цукровы) і інш.Гл. таксама Алігафагі, Пантафагі, Эўрыфагі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІГАФА́ГІ [ад аліга... + ...фаг(і)],
жывёлы, якія спажываюць вельмі абмежаваны набор кармоў. Да іх належаць многія членістаногія, чэрві, малюскі, рыбы, птушкі, млекакормячыя. Найб. пашыраны ў трапічных лясах. У фауне Беларусі алігафагі ёсць сярод насякомых (клубеньчыкавыя даўганосікі, каларадскі жук), павукоў, кляшчоў, чарвей, рыб, птушак (насякомаедныя — асаед звычайны, драпежнікі-рыбаеды — скапа, драпежнікі-арнітафагі — ястраб-перапёлачнік, ястраб-цецяроўнік), млекакормячых (траваедныя, пладаедныя і інш.). Гл. таксама Манафагі, Паліфагі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАЎРО́ТКІ (Rotatoria),
клас чарвей падтыпу першаснаполасцевых. 3 атр., каля 2000 відаў. Пашыраны па ўсім свеце ў вадзе. На Беларусі каля 100 відаў. Уваходзяць у склад бентасу і планктону.
Адзіночныя, каланіяльныя, рухомыя і прымацаваныя формы.
Даўж. 0,01—2,5 мм. Бясколерныя і каляровыя, двухбаковасіметрычныя. Цела выцягнутае ці шарападобнае, звычайна падзелена на галаву, тулава і нагу, укрыта кутыкулай або панцырам. На галаве калаўротны апарат — сістэма раснічак, з дапамогай якіх К. перамяшчаюцца і кормяцца. Большасць К. адкладвае яйцы, ёсць жывародныя. Размнажэнне аднаполае (партэнагенез) або спалучаецца з двухполым (гетэраганія). Пры неспрыяльных умовах К. ўпадаюць у анабіёз. Паліфагі, кормяцца водарасцямі, бактэрыямі, дэтрытам; ёсць драпежнікі і паразіты беспазваночных і раслін. Удзельнічаюць у ачышчэнні вадаёмаў; корм для планктонаедных малявак рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНІ́РУЮЧЫЯ МУ́ШКІ (Agromyzidae),
сямейства насякомых атр. двухкрылых. Каля 2000 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. трапляюцца М.м. (мінёры): шмат’едная (Phytomyza atricornis, або Ph. horticola), капусная (Ph. ruflpes), заразіхавая (Ph. orobanchia), злакавыя (з роду Agromyza), падкорнікі (з роду Phytobia).
Даўж. 0,9—4 мм. Цела і ногі кароткія, грудзі масіўныя, брушка шырокае. Крылы роўныя з целам або крыху даўжэйшыя. Спінка звычайна светлая, ногі і бакі грудзей жоўтыя. 1—2 генерацыі за год. Зімуюць у фазе кукалкі. Лічынкі расліннаедныя, выгрызаюць шчылінападобныя поласці — міны (адсюль назва) у парэнхіме лісця, радзей у сцёблах; у некат. развіваюцца ў камбіі маладых дрэў, у суквеццях ці насенні складанакветных, утвараюць галы. Большасць манафагі і алігафагі, некат. паліфагі. Каля 150 відаў — шкоднікі с.-г. культур.