Палюцыі 8/484

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЮ́ЦЫІ (лац. polluo, pollutio пэцканне, забрудненне),

міжвольнае семявывяржэнне, не звязанае з палавым актам. Бывае ў начны і дзённы час. Начныя П. — нармальная фізіял. з’ява, у падлеткаў сведчаць пра дасягненне імі пэўнага этапу палавога выспявання. У дарослых мужчын бываюць пры палавым устрыманні. Дзённыя П. падзяляюцца на адэкватныя і неадэкватныя. Адэкватныя бываюць пад уздзеяннем сексуальна-эратычнага ўзбуджэння (напр., ласкі, пацалункі), неадэкватныя ўзнікаюць пад уплывам несексуальных раздражняльнікаў станоўчага і адмоўнага характару (весялосць, хваляванне, страх і інш.). Дзённыя неадэкватныя П. патрабуюць спец. лячэння.

І.​У.​Дуда.

т. 12, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЗІКУЛІ́Т (ад лац. vesicula пузырок + ...іт),

сперматацыстыт, запаленне семявага пузырка ў чалавека і жывёл. У мужчын назіраецца часцей разам з прастатытам, урэтрытам, эпідыдымітам. Праяўляецца адчуваннем цяжару і болем у вобласці прамежнасці і ў прамой кішцы, які аддае ў паясніцу і машонку. Адзначаецца пачашчанае мочаспусканне, што суправаджаецца пачуццём пякоты. Характэрны павышаная палавая ўзбуджальнасць, частыя эрэкцыі і палюцыі, болі пры эякуляцыі з ірадыяцыяй у галоўку палавога члена. Пры хранічным везікуліце развіваецца бясплоднасць. Лячэнне: фізіятэрапія, антыбіётыкі. З жывёл на везікуліт найчасцей хварэюць быкі, бараны, кныры. Працякае ў катаральнай або гнойнай форме. Хворых жывёл звычайна выбракоўваюць.

т. 4, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)