Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Палуж (р.) 2/312; 6/103; 8/64
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЛУЖ,
рака ў Краснапольскім р-не Магілёўскай вобл. і Бранскай вобл. Расіі, правы прыток р. Беседзь (бас.р. Дняпро). Даўж. 46 км. Пл. вадазбору 343 км². Пачынаецца за 1 км на Пд ад в. Шалухоўка Краснапольскага р-на. Цячэ па паўд. частцы Аршанска-Магілёўскай раўніны. Вусце за 2 км на ПдУ ад в. Палужская Рудня Бранскай вобл.Даўж. ў межах Беларусі 30 км. Рэчышча каналізаванае ў вярхоўі на працягу 6,4 км (в. Мануйлы — в.Палуж 2-і), на астатнім працягу звілістае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЛУЖ 1-ы,
вёска ў Краснапольскім р-не Магілёўскай вобл., каля р.Палуж, на аўтадарозе Краснаполле—Касцюковічы. Цэнтр Высакаборскага с/с і калгаса. За 10 км на У ад г.п. Краснаполле, 120 км ад Магілёва, 35 км ад чыг. ст. Камунары. 273 ж., 95 двароў (2000). Сярэдняя школа-сад, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. На паўн.-ўсх. ускраіне вёскі курганны могільнік эпохі Кіеўскай Русі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РЫ,
вёска ў Краснапольскім р-не Магілёўскай вобл., на р.Палуж. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на ПдУ ад Краснаполля, 127 км ад Магілёва, 43 км ад чыг. ст. Камунары. 404 ж., 145 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЛУЖСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА У Краснапольскім р-не Магілёўскай вобл., паміж вёскамі Горы і Дуброўка. Створана на р.Палуж у 1986. Пл. 1,5 км², даўж. 7,9 км, найб.шыр. 600 м, найб.глыб. 7 м, аб’ём вады 2,8 млн.м³. Ваганні ўзроўню на працягу года 1,3 м. Выкарыстоўваецца для арашэння с.-г. угоддзяў, рыбагадоўлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСНАПО́ЛЬСКІ РАЁН.
На ПдУ Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,2 тыс.км². Нас. 13,6 тыс.чал. (1998), гарадскога 43,4%. Сярэдняя шчыльн. 11 чал. на 1 км². Цэнтр — г.п.Краснаполле. 102 сельскія нас. пункты. Краснапольскі пасялковы Савет і 6 сельсаветаў: Высакаборскі, Горскі, Мхініцкі, Сідараўскі, Тур’яўскі, Яноўскі. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. З 1986 у зоне радыяцыйнага кантролю, 10 вёсак пахаваны, 107 адселены.
Усх. ч. раёна ў межах Аршанска-Магілёўскай раўніны, астатняя — Чачорскай раўніны. Паверхня раўнінна-ўзгорыстая, 90% тэрыторыі на выш. 160—190 м, найвыш. пункт 192 м (на Пд раёна каля в Стайкі). Карысныя выкапні: торф, мел, буд. пяскі, гліны і суглінкі. Сярэдняя т-растудз. -7,6 °C, ліп. 18,5 °C. Ападкаў 625 мм за год. Вегетац. перыяд 187 сут. У раёне пачынаюцца і цякуць прытокі р. Сож — Галуба, Ельня, Жавуніца, Кляпінка, Покаць, Сянна (з Тур’яй), Якушоўка, прытокі р. Беседзь — Палуж (з прытокамі Куракоўка і Горанка), Каўпіта (з прытокамі Бярлянка і Казелька). На ПдУ — вадасх. Палужскае. Глебы дзярнова-падзолістыя (49,3%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (24,9%), дзярнова і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (13,4%). Пад лесам 53,3% тэр. раёна. Лясы ў асноўным на Пн, пераважна хваёвыя і бярозавыя, 19,8% з іх — штучныя насаджэнні. Балоты займаюць 4,4% тэрыторыі. Помнікі прыроды мясц. значэння: «Ясянёвы гай» у в. Горы і дэндрасад «Іванаў хутар» каля в.Палуж.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 44,5 тыс.га, з іх асушаных 12 тыс.га. На 1.1.1998 у раёне 8 калгасаў, 1 саўгас, 1 фермерская гаспадарка. Асн. галіны сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля, пашыраны пасевы збожжавых і кармавых культур, бульбы. Прадпрыемствы харч. (малочныя, хлебныя вырабы), дрэваапр. (піламатэрыялы) і буд. матэрыялаў (цэгла) прам-сці. Райцэнтр аўтадарогамі звязаны з гарадамі Касцюковічы, Магілёў, Чэрыкаў, Чачэрск. У раёне 8 сярэдніх, 4 базавыя, 5 пач., муз., дзіцяча-юнацкая спарт. школы, 13 дашкольных устаноў, 10 дамоў культуры, 13 клубаў, 22 б-кі, бальніца, паліклініка, 7 фельч.-ак. пунктаў. Помнік архітэктуры: царква Дзмітрыя Растоўскага ў в. Выдранка (канец 19 — пач. 20 ст.). Выдаецца газ. «Голас Краснапольшчыны».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МРЫЙ А. (сапр.Шашалевіч Андрэй Антонавіч; 1893, в.Палуж Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. — 8.10.1943),
бел. пісьменнік. Брат В.Шашалевіча. Скончыў духоўную семінарыю. З 1918 служыў у Чырв. Арміі, з 1921 настаўнічаў у Краснаполлі, з 1926 інспектар Цэнтр. бюро краязнаўства, стыльрэдактар у газ. «Звязда». У 1934 рэпрэсіраваны. У 1937 і 1940 зноў арыштаваны. Пакаранне адбываў у Карагандзе, Валагодскай і Мурманскай абл. Рэабілітаваны ў 1961. Друкаваўся з 1924. Аўтар нарысаў, апавяданняў («Пятрок», «Няпросты чалавек», «Камандзір», «Калектыў Яўмена», «Гармонія ў ружовым», «Моладзь», «Рабін» і інш.). Мешчаніна-выскачку, тупога казарменнага паслушэнца, духоўна спустошанае грамадства развенчвае ў сатыр. рамане «Запіскі Самсона Самасуя» (1929, поўнасцю апубл. 1988, тэлефільм «Пратарчака жыцця, або Запіскі Самсона Самасуя», 1990). Для твораў М. характэрны натуральнасць, складаныя жыццёвыя сітуацыі, рэальная праўда жыцця, паказ няпростых чалавечых характараў. Навелы, аповесці і раман з лагернага жыцця «Жывы дом», напісаныя ў ссылцы, у час арышту ў Мурманску канфіскаваны і пакуль не выяўлены.
Тв.:
Творы. Мн., 1993.
Літ.:
Чыгрын І. Андрэй Мрый: спроба сатыр. прозы // Чыгрын І. Крокі: проза «Узвышша». Мн., 1989;
Лецка Я. Празорлівасць мастака // Полымя. 1990. № 5.