ПАЛО́НКАЎСКАЯ БІ́ТВА 1660.

Адбылася каля в. Палонка (паміж Слонімам і Ляхавічамі) 28 чэрв. ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Пасля заключэння 3.5.1660 Аліўскага міру 1660 са Швецыяй войска Рэчы Паспалітай на чале з П.​Я.​Сапегам і С.​Чарнецкім перайшло ў наступленне: з Брэста праз Слонім яны рушылі на дапамогу гарнізону Ляхавіцкага замка, які быў абложаны рас. войскамі І.​А.​Хаванскага. Даведаўшыся пра гэта, Хаванскі з большай часткай сваёй арміі выступіў ім насустрач. Пад Палонкай яны сустрэліся. Хаванскі з конніцай стаў на правым флангу, на левым — кн. В.​Шчарбаты, пасярэдзіне — рэйтары і пяхота. У цэнтры баявога пастраення войска Рэчы Паспалітай размясцілася дывізія Чарнецкага (4 тыс. чал.), па флангах — харугвы Сапегі, А.​Г.​Палубінскага і С.​Кміціча (6 тыс. чал.). Атака гусараў Рэчы Паспалітай была такой імклівай, што рас. пяхота паспела зрабіць толькі адзін залп і была змята. Паспяховай была атака гусараў і панцырных на рас. конніцу. Пасля гэтага быў нанесены супольны ўдар па астатняй рас. пяхоце. Бітва скончылася поўным разгромам войск Хаванскага: загінула каля 2 тыс. чал. пяхоты, яшчэ больш коннікаў; мноства ратнікаў, у т. л. Шчарбаты, трапіла ў палон. Хаванскі з рэшткамі войска адступіў да мяст. Ляхавічы, зняў аблогу яго замка і пачаў імклівы адыход на Полацк. Войску Рэчы Паспалітай дасталіся вял. трафеі. П.б. — першая буйная перамога войска Рэчы Паспалітай, якая засведчыла пераход да яго стратэгічнай ініцыятывы.

Літ.:

Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995. С. 96—97.

т. 12, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛО́НКА,

вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе г. Слонім — в. Новая Мыш. Цэнтр сельсавета. За 20 км на З ад г. Баранавічы, 217 км ад Брэста, 4 км ад чыг. ст. Палонка. 781 ж., 293 двары (2000). Аддз. «Палонка» птушкафабрыкі «Дружба», лясніцтва. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Касцёл. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Свята-Мікалаеўская царква (пач. 20 ст.).

Вядома з пач. 16 ст. як сяло ў Слонімскім пав. Навагрудскага ваяв. Належала Сапегам. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 каля вёскі адбылася Палонкаўская бітва 1660. У 1680 заснаваны дамініканскі кляштар (існаваў да 1830). З 1793 П. ў складзе Рас. імперыі, мястэчка Навамышскай вол. Навагрудскага пав. У пач. 20 ст. 500 ж., 56 двароў, земскае нар. вучылішча. З 1921 у складзе Польшчы, мястэчка Навамышскай гміны Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у складзе БССР, з 1940 вёска, цэнтр сельсавета ў Навамышскім р-не Баранавіцкай вобл., з 1957 — у Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл.

т. 12, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)