ПАЛМ-БІЧ (Palm Beach),
прыморскі кліматычны курорт на Атлантычным узбярэжжы ЗША (штат Фларыда). Вядомы з канца 19 ст. Размешчаны на вузкім пясчаным востраве (даўж. каля 29 км). Адзін з найб. фешэнебельных у ЗША курортаў, т. зв. амер. Рыўера. Цэнтр турызму і воднага спорту.
т. 12, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ЙТРА, Нёйтра (Neutra) Рыхард Іозеф (8.4.1892, Вена — 16.4.1970), амерыканскі архітэктар і тэарэтык архітэктуры. Скончыў Вышэйшыя тэхн. школы ў Вене (1917), вучыўся ў Цюрыху (1918—23). У 1921—22 супрацоўнічаў з Э.Мендэльзонам у Берліне. З 1923 жыў у ЗША, працаваў з Ф.Л.Райтам. Асэнсоўваючы вопыт еўрап. функцыяналізму і амер. арганічнай архітэктуры, вял. значэнне надаваў сувязі збудаванняў з наваколлем, будаваў свабодныя паводле аб’ёмнай кампазіцыі дамы з выкарыстаннем жалезабетону, шкла і стальнога каркаса. Асн. работы: Жардынет-апартментс (1927), Лоўэл-хаўс (1927—29) у Лос-Анджэлесе, дом Каўфлана, т.зв. асабняк у пустыні (1946—47) у Палм-Спрынгсе; школы павільённага тыпу, пасёлкі з ізаляванымі трансп. патокамі.
т. 11, с. 375
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМАТЫ́ЧНЫЯ КУРО́РТЫ,
курорты, на якіх асн. метадам прафілактыкі і лячэння з’яўляецца клімататэрапія. Паводле вызначальных рыс ландшафтаў і клімату як асн. лячэбна-прафілакт. фактару ўмоўна падзяляюцца на раўнінныя, прыморскія, нізка-, сярэдне- і высакагорныя, а ў іх межах — з умераным, кантынент., марскім, трапічным, субтрапічным і інш. кліматам. Умовы кліматалячэння і правядзення лячэбна-аздараўленчых працэдур прадугледжваюць абсталяванне К.к. спец. месцамі і збудаваннямі: кліматапавільёнамі, верандамі і галерэямі для дзённага ці кругласутачнага знаходжання на свежым паветры, аэрарыямі, салярыямі, пляжамі, месцамі для купанняў, маршрутамі для тэрэнкураў і інш. Курорты Беларусі маюць уласцівасці кліматычных. З замежных К.к. найб. вядомыя Паланга (Літва), Юрмала (Латвія), Ленінградская група курортаў, Анапа, Бярдзянск, Сочы, Самацвет і інш. (Расія), Ялта і іншыя курорты Крыма (Украіна), Бакурыяні, Тэберда і іншыя курорты Грузіі, Рыўера (Францыя), Спліт (Харватыя), Борнмут, Брайтан (Вялікабрытанія), Албена, Залатыя Пяскі (Балгарыя), Давос, Лезен (Швейцарыя), Закапанэ (Польшча), Есенік (Чэхія), Атлантык-Сіці, Палм-Біч, Тусон (ЗША) і інш.
Я.В.Малашэвіч.
т. 8, с. 340
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)