ПАЛЕ́СТРА (грэч. palaistra ад palaiō змагаюся),
прыватная гімнастычная школа ў Стараж. Грэцыі. Звычайна ў П. займаліся хлопчыкі ва ўзросце 12—16 гадоў (на в. Самос была П. для дарослых мужчын). Праграма навучання ў П. ўключала бег, барацьбу, скачкі, кіданне кап’я і дыска (т.зв. сістэма пяцібор’я), гімнаст. практыкаванні, плаванне. П. мелі адкрытыя пляцоўкі, гімнаст. залы, басейны. Часам П. існавалі пры гімнасіях.
т. 11, с. 552
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФІ́НСКАЕ ВЫХАВА́ННЕ,
сістэма выхавання хлопчыкаў і юнакоў (дзяцей свабодных грамадзян) у Стараж. Афінах у 7—5 ст. да нашай эры. Мэта афінскага выхавання — дасягненне «гармоніі душы і цела» (інтэлектуальнага, маральнага, эстэт. і фіз. развіцця). Прадугледжвала выхаванне да 7 гадоў у сям’і пад кіраўніцтвам маці або мамкі, пазней — педагога; з 7 да 16 гадоў — навучанне ў прыватных мусічных школах чытанню, пісьму, лічэнню (школа граматыста), музыцы, спевам, дэкламацыі (школа кіфарыста), з 12 гадоў дадаткова — гімнастыцы (палестра); з 16 да 18 юнакі са знатных сем’яў вывучалі філасофію, л-ру, палітыку, фіз. ўдасканаленне праходзіла ў дзярж. гімназіі; з 18 да 20 праводзілася ваеннае навучанне і набывалася паліт. адукацыя ў эфебіі. Фізічная праца выключалася.
Г.В.Сегянюк.
т. 2, с. 133
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)