у старажытна-рым. міфалогіі багіня перамогі. Асн. яе сімвалы — пераможны вянок і крылы. У Рыме Вікторыі былі прысвечаны храм на ўзгорку Палацін і алтар у курыі сената, узведзеныя ў часы праўлення Аўгуста. У надпісах і на манетах эпохі імперыі Вікторыя — увасабленне перамогі імператара ў вайне. У стараж.-грэч. міфалогіі ёй адпавядае Ніка.
Вікторыя. Рэльеф аркі імператара Дыяклетыяна. Канец 3 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕПТЫМО́НЦЫУМ (лац. Septimontium ад septem сем + mons узгорак),
7 узгоркаў на левым беразе р. Тыбр (Авенцін, Вімінал, Квірынал, Капітолій, Палацін, Эсквілін, Цэлій), на якіх узнік Рым. Напачатку горад склаўся на Капітоліі і Палаціне (6 ст. да. н. э.), потым пашырыўся на суседнія ўзгоркі, нізіну да лукавіны р. Тыбр (Марсава поле) і перакінуўся на яе правы бераг (3 ст. да н. э.). Яго грамадскімі цэнтрамі былі Капітолій і комплексы Рымскага форума. У сучасным Рыме ўзгоркі С. адзначаюць гіст. цэнтр горада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́МСКІ ФО́РУМ,
ансамбль цэнтр. плошчы ў Рыме Старажытным. Склаўся ў 6—2 ст. да н.э. як паліт., гандл. і культ. цэнтр горада (цяпер у руінах). Размяшчаўся ў нізіне паміж узгоркамі Капітолій, Палацін і Квірынал. З боку Капітолія замкнёны порцікам 12 багоў (367 да н.э.) і Табуларыем (дзярж. архіў; 79 да н.э., рэшткі ўвайшлі ў Палацца дэі Сенаторы). Р ф. акаймаваны храмамі і базілікамі (адм.-судовымі будынкамі). У ансамбль уваходзілі: сенацкая курыя (з царскай эпохі, перабудавана каля 300 н.э.), «Дом вясталак» з храмам Весты (з 6 ст. да н.э., перабудаваны ў 1 ст.н.э.), храмы Сатурна (з 497 да н.э., перабудаваны ў 42 да н.э. і ў 3 н.э.), Кастара і Палукса (з 484 да н.э.), Канкордыі (з 367 да н.э., перабудаваны ў 10 н.э.), Юлія Цэзара (29 да н.э.), Веспасіяна (79—96 н.э.), Антаніна і Фаўсціны (141 н.э.), базілікі Эмілія (179 да н.э.), Юлія (54—44 да н.э.) і Максенцыя (Канстанціна; каля 315 н.э.), трыумфальныя аркі Ціта (81 н.э.) і Септымія Севера (203 н.э.). На плошчы ўзвышалася ростра (трыбуна для аратараў). На Р ф. ў розныя часы ўстанаўлівалі помнікі, калоны, скульптуры, порцікі, аркады. Кожнае збудаванне адметнае вытанчанымі прапорцыямі з уласнай эстэт. характарыстыкай. Праз тэр. форума праходзіла Свяшчэнная дарога (Вія Сакра), на якой адбываліся трыумфальныя шэсці. Р.ф. уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.