ГІДРАЎЛІ́ЧНЫ ПРЭС,

машына статычнага (няўдарнага) дзеяння, рабочыя часткі якой прыводзяцца ў рух высокім (20—50 МПа) ціскам вадкасці. Прынцып дзеяння заснаваны на Паскаля законе.

Асн. часткі гідраўлічнага прэса: рабочыя цыліндры з поршнямі, рухомыя і нерухомыя траверсы (бэлькі), размеркавальнае прыстасаванне, сістэма кіравання. На гідраўлічным прэсе робяць коўку, штампоўку, гібку; прасаванне парашковых і інш. матэрыялаў, пакетаванне і брыкетаванне стружкі; атрымліваюць пластмасавыя і гумавыя вырабы, драўняна-стружкавыя пліты, фанеру, тэксталіт, сінт. алмазы і інш. Упершыню гідраўлічны прэс выкарыстаны ў канцы 18 — пач. 19 ст. для пакетавання сена, выціскання вінаграднага соку і інш., з сярэдзіны 19 ст. — для металаапрацоўкі. Унікальныя гідраўлічныя прэсы для аб’ёмнай штампоўкі (развіваюць намаганне да 750 МН) створаны ў СССР (1960-я г.).

Гідраўлічны прэс для аб’ёмнай штампоўкі (развівае намаганне 750 МН).

т. 5, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРМАТУ́РНЫЯ РАБО́ТЫ,

комплекс работ па вырабе, укладцы ў форму ці ўстаноўцы на месца бетанавання (мантаж) арматурных элементаў жалезабетонных канструкцый. Уключаюць нарыхтоўку арматурных стрыжняў, выраб арматурных сетак ці каркасаў, іх зборку і ўстаноўку ў форму ці апалубку.

Стрыжні робяць з арматурнай сталі на спец. станках, сеткі і каркасы — на станках з гібачнай бэлькай. Плоскія сеткі і каркасы шыр. да 1 м вырабляюць кантактнай зваркай на зварачных машынах і аўтаматызаваных паточных лініях, прасторавыя каркасы збіраюць у асн. на гарыз. і верт. кандуктарах-маніпулятарах. Арматуру для папярэдне напружаных канструкцый да ўкладкі ў форму расцягваюць гідраўл. дамкратамі ці падаўжаюць награваннем да 300—450 °C. Арматуру для маналітных канструкцый (напр., плацін) зварваюць з сетак, каркасаў і інш. элементаў, устаўляюць у формы або апалубку кранамі, маніпулятарамі і да т.п.

Да арт. Арматурныя работы. Тэхналагічная схема вырабу шырокіх арматурных сетак на аўтаматызаванай паточнай лініі: 1 — стыкавая зварка стрыжняў; 2 — праўка стрыжняў; 3 — зварка сетак; 4 — падоўжная рэзка сетак; 5 — папярочная рэзка сетак; 6 — пакетаванне сетак; 7 — змотванне сетак у рулон; 8 — транспартаванне кантэйнера з пакетам сетак.
Да арт. Арматурныя работы. Арматурны станок-аўтамат: 1 — прыёмнае прыстасаванне; 2 — праві́льны барабан; 3 — механізм падачы і рэзкі; 4 — пульт кіравання.

т. 1, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)