ПАЛІ́ТЫКА З ПАЗІ́ЦЫІ СІ́ЛЫ,

палітычны курс дзяржавы, ваенна-паліт. саюзу або міжнар. супольнасці, пры якім выкарыстанне сілы ў розных формах становіцца гал. сродкам дасягнення паліт. мэт. Найб. актыўна выкарыстоўваецца ў перадваенны перыяд і ў ходзе вайны. Узнікла ў стараж. часы ў выглядзе агрэсіўных памкненняў адной дзяржавы супраць другой (гл. Агрэсія). Мела пашырэнне і ў славян, у т. л. ва ўзаемаадносінах княстваў і гарадоў Полацкай зямлі з суседзямі і паміж сабой. Такая палітыка прывяла да шматлікіх войнаў у Еўропе, у т. л. паміж Рэччу Паспалітай і Рус. дзяржавай, у час якіх адбываліся вял. разбурэнні і страты насельніцтва Беларусі. Яна стала адной з прычын 1-й і 2-й сусв. войнаў, амаль усіх ваен.-паліт. канфліктаў у пасляваен. перыяд. Формы і метады такой палітыкі: пагроза скарыстання ваен. сілы, эканам. націск, рэжым блакады, інфарм.-псіхал. ўздзеянне, паліт. шантаж, «палітыка кананерак» і інш. У адпаведнасці са Статутам ААН Савет Бяспекі ўпаўнаважаны выкарыстоўваць ваен. сілу для прадухілення пагрозы міру (парушэння міру) і актаў агрэсіі; можа ўключаць таксама дэманстрацыі, блакады, інш. аперацыі. Унутры краіны такая палітыка можа выкарыстоўвацца ўрадам як сродак сілавога задушэння сепаратысцкіх тэндэнцый (напр., падзеі ў Паўн. Ірландыі, Турцыі, Расіі), а таксама паліт. суб’ектамі ў працэсе іх барацьбы за ўладу.

Літ.:

Военная политология. Мн., 1993;

Игнатов В.А., Шульгин В.В. Организация Объединенных Наций: Краткий справ. 2 изд. М., 1975.

М.​І.​Кітаеў.

т. 12, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЦЯ́НКА (Андрэй Антонавіч) (23.2.1906, в. Дубраўка Крупскага р-на Мінскай вобл. — 29.1.1945),

Герой Сав. Саюза (1945). У Вял. Айч. вайну з 1941 на фронце, паранены трапіў у палон, уцёк, потым у партызанах. Са жн. 1944 на 1-м Прыбалт. фронце, кулямётчык. Вызначыўся ў баі ў студз. 1945 на тэр. Усх. Прусіі; адзін з першых пераправіўся цераз Куршскі заліў, удзельнічаў у адбіцці 6 контратак. Застаўшыся з разліку адзін, з адкрытай пазіцыі садзейнічаў утрыманню пазіцыі; загінуў у баі. У в. Дубраўка яго барэльеф на адной са стэл помніка землякам, што загінулі ў Вял. Айч. вайну.

А.А.Парцянка.

т. 12, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПО́РНЫ ПУНКТ,

1) у ваеннай справе — найбольш умацаваная і насычаная агнявымі сродкамі частка абарончага раёна (участка, пазіцыі), прыстасаваная для працяглай кругавой абароны ўзвода або роты. Ствараецца на ўчастках мясцовасці, зручных для назірання і вядзення эфектыўнага агню па праціўніку. Апорны пункт мае акопы, траншэі, укрыцці, загароды, хады зносін, пазіцыі для агнявых сродкаў штатных (узвода, роты) і прыдадзеных падраздзяленняў. Прамежкі паміж апорнымі пунктамі прыкрываюцца інж. збудаваннямі і агнём з усіх відаў зброі.

2) У геадэзіі і тапаграфіі — замацаваны на мясцовасці пункт у адзінай сістэме каардынат з планавым размяшчэннем і вышынёй, якая выкарыстоўваецца ў час правядзення геад. і тапагр. здымак (гл. Апорная геадэзічная сетка).

т. 1, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РСУНЬСКАЯ БІ́ТВА 1648.

Адбылася 15—16 мая каля г. Корсунь (цяпер г. Корсунь-Шаўчэнкаўскі, Украіна) паміж укр. казакамі пад камандаваннем Б.Хмяльніцкага (15—17 тыс. казакоў і 4 тыс. крымскіх татар) і польск. войскамі пад камандаваннем гетманаў М.​Патоцкага і М.​Каліноўскага (20 тыс. чал.). Пасля паражэння польск. авангарда каля г. Жоўтыя Воды гал. сілы польск. войск занялі абарону пад Корсунем. 15 мая татары беспаспяхова атакавалі польск. абарончыя пазіцыі паміж Корсунем і Сцяблёвам. Хуткім і ўмелым манеўраваннем Хмяльніцкі прымусіў Патоцкага пакінуць пазіцыі і ісці праз лес, дзе яго чакаў у засадзе 6-тысячны атрад М.Крываноса. Польскія войскі былі акружаны і разгромлены.

т. 8, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НГЛА-ГЕРМА́НСКАЯ ДЭКЛАРА́ЦЫЯ 1938 аб ненападзенні.

Падпісана 30 вер. ў Мюнхене брыт. прэм’ер-міністрам Н.​Чэмберленам і А.​Гітлерам адразу пасля заключэння Мюнхенскага пагаднення 1938. Фактычна ўзмацніла пазіцыі фаш. Германіі, давала ёй поўную свабоду дзеянняў, чым садзейнічала развязванню 2-й сусв. вайны.

т. 1, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСТЭ́БЛІШМЕНТ (ад англ. establishment устанаўленне, заснаванне; установа),

1) дзяржаўныя, эканам., грамадска-паліт. ін-ты і арг-цыі, якія валодаюць уладай і ўплывам у грамадстве, а таксама групы і асобы, якія займаюць асн. пазіцыі ў гэтых ін-тах і арг-цыях.

2) Трывалае, устойлівае становішча ў грамадстве.

т. 7, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́НАВІЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1916, Скробава-Гарадзішчанская аперацыя 1916,

наступальная аперацыя рус. войскаў Зах. фронту (галоўнакамандуючы ген. А.​Е.​Эверт) 2—29.7.1916, у пазіцыйны перыяд 1-й сусв. вайны. Ажыццёўлена, каб падтрымаць наступленне рус. войскаў на Паўд.-Зах. фронце (Брусілаўскі прарыў 1916). Аперацыю праводзіла 4-я армія (камандуючы ген. А.​Ф.​Рагоза), дзе сканцэнтравана 340 тыс. Чал. У ходзе наступальных баёў рас. войскам не ўдалося пераадолець добра абсталяваную абарончую паласу праціўніка. 14 ліп. аўстра-герм. дывізіі ажыццявілі контрнаступленне каля в. Скробава і занялі пакінутыя раней пазіцыі. Спробы рус. войскаў аднавіць страчаныя пазіцыі ў ходзе атак 25—29 ліп. скончыліся няўдала. Страты рус. войскаў у час аперацыі забітымі, параненымі і ўзятымі ў палон склалі каля 80 тыс. чал., страты праціўніка — каля 25 тыс. чал. У ліку прычын няўдачы Баранавіцкай аперацыі — недахоп артылерыі, снарадаў, вінтовак, дрэннае кіраўніцтва войскамі ў час прарыву.

А.​М.​Бабкоў.

т. 2, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕД (Guesde) Жуль [сапр. Базіль

(Basile) Мацьё; 11.11.1845, Парыж — 28.7.1922], дзеяч франц. і міжнар. сацыяліст. руху, адзін з лідэраў 2-га Інтэрнацыянала. Паліт. кар’еру пачынаў як радыкальны журналіст-рэспубліканец. За падтрымку ў прэсе Парыжскай камуны асуджаны на 5 гадоў, але паспеў эмігрыраваць. Кантакты з К.​Марксам, Ф.​Энгельсам, П.​Лафаргам спрыялі пераходу Геда на пазіцыі навук. сацыялізму. Для прапаганды марксізму ў рабочым руху засн. у 1877 газ. «L’Égalité» («Роўнасць»). Адзін з заснавальнікаў (1879) і кіраўнік (у 1880—1901) Рабочай партыі Францыі. Гед і яго прыхільнікі (гедысты) змагаліся з рознымі плынямі ў рабочым руху (пруданізмам, анархізмам, пасібілізмам),

пазней занялі цэнтрысцкія пазіцыі. Гед — адзін з заснавальнікаў (1901) і кіраўнікоў Сацыяліст. партыі Францыі, а пасля яе аб’яднання (1905) з Франц. сацыяліст. партыяй (засн. ў 1902) у адзіную сацыяліст. партыю — адзін з яе лідэраў. У 1893—98 і 1906—22 дэпутат парламента, лідэр сацыяліст. фракцыі. У 1914—15 дзярж. міністр.

Ж.Гед.

т. 5, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́МПЕН (ад ням. Lumpen лахманы),

дэкласаваны слой насельніцтва без пэўных заняткаў і сталай працы, які знаходзіцца на мяжы злачыннага свету (бадзягі, жабракі і інш.). Л. характарызуецца станам хранічнай галечы, адсутнасцю уласнай паліт. пазіцыі і арганізацыі, маральным заняпадам. Тэрмін уведзены К.​Марксам (азначаў ніжэйшыя слаі пралетарыяту). «Люмпенізацыя грамадства» — распаўсюджанне псіхалогіі Л., павелічэнне іх долі ў насельніцтве ва ўмовах сац. крызісаў.

т. 9, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕМАРА́НДУМ (лац. memorandum літар. тое, пра што трэба помніць),

1) дыпламатычны дакумент, у якім падрабязна выкладаецца фактычны бок міжнар. пытання, даецца аналіз тых або інш. палажэнняў, прыводзіцца абгрунтаванне пазіцыі дзяржавы.

2) У гандлі — пісьмо з напамінкам пра што-н.

3) Дакладная запіска, службовая даведка па якім-н. пытанні.

4) Пералічэнне ў полісах небяспек, страхаванне ад якіх не праводзіцца.

т. 10, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)