РАКА́Ў (Віктар Афанасьевіч) (22.1.1935, в. Целяшы Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. — 10.6.2000),
бел. паэт. Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1958), Мінскую вышэйшую парт. школу (1971). Працаваў настаўнікам, у шклоўскай раённай газеце, у газ. «Звязда», з 1975 у час. «Полымя», з 1982 адказны сакратар. Друкаваўся з 1956. У зб-ках вершаў і паэм «Вернасць» (1968), «Акно ў зялёны сад» (1972), «Пазыўныя» (1975), «Песня і памяць» (1979), «І сноп, і птах, і я...» (1983), «Жыць — палоць» (1995) тэмы любві да радзімы, ваен. дзяцінства, пераемнасць пакаленняў, праблемы сучаснай вёскі. Аўтар нарысаў, крытычных артыкулаў, рэцэнзій.
Л.С.Савік.
т. 13, с. 279
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫКЛАДНА́Я МУ́ЗЫКА, функцыянальная музыка,
разнавіднасць муз. культуры, якая выконвае акрэсленыя жыццёвыя, практычныя, не ўласна маст. функцыі. У стараж. культурах музыка суправаджала грамадз. і культавыя абрады і рытуалы, працоўныя і быт. працэсы. Адзін з яе стараж. відаў — сігнальная музыка (пастухоўскія, паляўнічыя, апавяшчальныя і інш. сігналы). У еўрап. традыц. культуры адбылася дыферэнцыяцыя П.м. на вытв., цырыманіяльную, ваен. і інш. З 19 ст. ў гар. культуры дамінавалі забаўляльныя жанры, звязаныя з масавай муз. культурай (салонная, танцавальная музыка, шлягер, «жорсткі» раманс і інш.). Сучасная П.м. шматлікая і разнастайная; забаўляльная танцавальная музыка, сігнальная музыка (пазыўныя радыё- і тэлестанцый, прывітальныя сігналы нар. свят і міжнар. цырыманіялу, спарт. і інш.), асобныя віды музыкі ў драм. тэатры і кінамузыка.
А.А.Карпілава.
т. 13, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́СЛІК (Навум Зіноўевіч) (26.9.1925, Масква — 27.12.1998),
бел. паэт, перакладчык. Скончыў БДУ (1950). Настаўнічаў. Працаваў у газ. «Літаратура і мастацтва» (1952—58), час. «Полымя» (1958—59). Друкаваўся з 1944. Пісаў на рус. мове. У кнігах паэзіі «Размова з сябрамі» (1956), «Пошук» (1959), «Пазыўныя зямлі» (1961), «Свята снегападу» (1972), «Успаміны пра вакзалы» (1976), «Першаснежжа» (1980), «Зімовы свет» (1985) і інш. лірычнае асэнсаванне лёсу, духоўных набыткаў ваен. пакалення. У перакладзе К. на рус. мове выдадзены кнігі Р.Барадуліна, А.Вялюгіна, А.Карпюка, А.Куляшова, Я.Купалы, І.Мележа, П.Панчанкі, асобныя творы Я.Коласа, М.Багдановіча, П.Броўкі, Я.Брыля, А.Бялевіча, А.Вялюгіна, С.Гаўрусёва, С.Грахоўскага, С.Дзяргая, У.Караткевіча, А.Пысіна, А.Русецкага, М.Стральцова, М.Танка, Ю.Таўбіна і інш. Аўтар кнігі перакладаў «Спелы бор» (1982).
Л.М.Гарэлік.
т. 8, с. 292
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКСІ́МАЎ (Уладзімір Емяльянавіч) (сапр. Самсонаў Леў Аляксандравіч; 27.11.1930, Масква — 26.3.1995),
расійскі пісьменнік, публіцыст. З 1974 у эміграцыі. Жыў у Парыжы, Бруселі. Гал. рэдактар час. «Континент» (1974—92). Друкаваўся з 1952. Аповесць «Жывы чалавек» (1962; інсцэніроўка 1965) пра падлетка, які апынуўся пасля арышту бацькі па-за грамадствам. У раманах «Сем дзён тварэння» (1971), «Каранцін» (1973) драматызм штодзённага жыцця ва ўмовах сав. рэчаіснасці, зварот да хрысціянскага ідэалу. Раманы «Зазірнуць у бездань» пра адмірала Калчака, «И аз воздам» (абодва 1986) пра лёс казакоў і Расіі. Аўтар зб-ка вершаў і паэм «Пакаленне на варце» (1956), апавяданняў і аповесцей «Мы абжываем зямлю» (1961), «Як у садзе пры даліне» (1993), раманаў «Каўчэг для няпрошаных» (1976), «Качаванне да смерці» (1994), п’есы «Пазыўныя тваіх паралелей» (1964), аўтабіягр. кн. «Развітанне з ніадкуль» (кн. 1—2, 1974—82), літ.-крытычных і публіцыстычных артыкулаў і інш.
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—9. М., 1991—93;
Избранное. М., 1994.
С.Ф.Кузьміна.
т. 9, с. 546
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)