НІ́ШКЕ, Нішке-паз, Верэпаз,

у мардоўскай (эрзя) міфалогіі вышэйшы бог, які стварыў неба і зямлю, запусціў у сусв. акіян трох рыб, на якіх трымаецца зямля, насадзіў лясы, стварыў чалавечы род (эрзю),’ загадаў мужчынам займацца земляробствам, а жанчынам — хатняй работай. Яго малілі аб ураджаі, здароўі людзей і жывёлы, паміналі ў замовах.

т. 11, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎСКІ ЗАВО́Д «АЎТАГІДРАЎЗМАЦНЯ́ЛЬНІК».

Пабудаваны ў 1967—71 у г. Барысаў як з-д гідрапомпаў і гідраўзмацняльнікаў рулёў. З 1971 з-д «Аўтагідраўзмацняльнік». Выпускае 37 найменняў гідравузлоў. Асн. прадукцыя (1995): механізмы рулявога кіравання грузавых аўтамабіляў КамАЗ, МАЗ, КрАЗ, Урал АЗ, ПАЗ, ЛАЗ, ЛІАЗ, ГАЗ, гідрацыліндры і помпы механізмаў перакульвання кабін аўтамабіляў МАЗ, гідраразмеркавальнікі для дарожных машын і інш. Выпускае таксама адбойныя малаткі, запасныя часткі для аўтамабіляў, аўтапрылады, прыстасаванні і інструмент, у т. л. бытавы. Пры з-дзе палітэхнікум, ПТУ металістаў.

т. 2, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАСЧЭ́ПКА,

1) прыстасаванне для аўтам. счаплення вагонаў і лакаматываў. Адрозніваюць аўтасчэпку жорсткую (у метрапалітэне) і няжорсткую (на чыг. транспарце). Складаецца з механізма счаплення расчэпнага прывода і цэнтравальнай прылады. Пры счэпцы вагонаў аўтасчэпкі цэнтруюцца, малы зуб і замок адной уваходзіць у паз другой, замкі зашчэпліваюцца. Удары і рыўкі памяншае вупражнае прыстасаванне з паглынальнай прыладай. Раз’ядноўваюць аўтасчэпку ўручную.

2) Прыстасаванне для аўтам. злучэння навяснога с.-г. абсталявання або машыны з механізмам навескі трактара. Складаецца з замка, што мацуюць на раме абсталявання ці машыны, рамкі, якую спалучаюць з цягамі навескі трактара.

т. 2, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́РМАНСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на ПнЗ еўрап. часткі Рас. Федэрацыі. Займае Кольскі п-аў і прылеглыя ўчасткі мацерыка. Абмываецца Баранцавым і Белым морамі. Мяжуе на З з Нарвегіяй і Фінляндыяй. Утворана 28.5.1938. Пл. 144,9 тыс. км². Нас. 1051 тыс. чал. (1997), гарадскога 91,8%. Цэнтр — г. Мурманск. Найб. гарады: Апатыты, Манчагорск, Севераморск, Кандалакша, Кіраўск. Прыроду гл. ў арт. Кольскі паўвостраў. Гал. галіны прам-сці — горназдабыўная, каляровая металургія, рыбная. Здабыча жал. (Аленягорск, Коўдар), апатыта-нефелінавых (Хібіны), медна-нікелевых (Печангскі р-н) руд, вермікуліту, мускавіту, пегматыту і інш. Вытв-сць першаснага алюмінію, рафінаванай медзі, нікелю. Лоўля рыбы і здабыча морапрадуктаў. Вытв-сць электраэнергіі на Кольскай АЭС, каскадах ГЭС (на рэках Ніва, Тулома, Паз, Коўда, Вароніна), ЦЭЦ, ДРЭС, Кіслагубскай прыліўнай эл. станцыі. Развіта хім. (апатытавы канцэнтрат, серная к-та), чорная металургія (жалезарудны канцэнтрат), маш.-буд., у т. л. суднабудаванне і суднарамонт, харч., лёгкая, дрэваапр. прам-сць. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (малочна-мяснога кірунку), паўн. аленяў, птушак, свіней. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 0,1% тэрыторыі. Вырошчваюць марозаўстойлівыя і скараспелыя гатункі бульбы, агародніны, кармавых культур. Развіта цяплічная гаспадарка. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі, паветраны. Даўж. чыгунак 903 км, аўтадарог 2,3 тыс. км. Гал. чыгунка Мурманск—Санкт-Пецярбург з адгалінаваннямі на Кіраўск, Коўдар, Алакурты і чыгунка Мурманск—Нікель з адгалінаваннем на Лінахамары. Асн. марскі порт — г. Мурманск.

Л.В.Лоўчая.

т. 11, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́НДАРСТВА,

рамяство, выраб драўлянага посуду з клёпак (гл. Бандарныя вырабы). Вядома са старажытнасці, у т. л. і на Беларусі. Клёпкі (падоўжаныя трапецападобныя ці круглаватыя планкі) апрацоўвалі на варштаце з дапамогай струга, гэбля і гэбліка; для надання ім увагнутага профілю выкарыстоўвалі скоблі і шархебель (від гэбліка). Бакавы авал круглаватай бандарнай клёпкі размячалі цыркулем (размер) і прымяралі ў спец. шаблоне (модла). Абручы рабілі на варштаце з дапамогай струга і нажа, гнулі на спец. калодзе — гбале, ці бабе. Днішча размячалі цыркулем, уторны паз для мацавання днішча выпілоўвалі заторам. Найб. стараж. спосаб — сцягванне бочак абручамі рознай велічыні з дапамогай нацягуша і чакухі; пазней выкарыстоўвалі таксама вяроўкі ці ланцугі, якія намотваліся на кола (па тыпу лябёдкі), кліны і лісічкі (драўляныя запіскі). Важным у бандарнай справе было выкарыстанне той ці інш. драўніны (дуб, сасна, елка, асіна, вольха). Абручы для посуду рабілі звычайна з ляшчыны і дубу; пры вырабе вёдзер, біклаг, барылак нярэдка карысталіся жал. абручамі, якія выкоўвалі мясц. кавалі. Параўнанне з археал. матэрыялам з раскопак стараж. гарадоў Беларусі (Бярэсця, Полацка, Мінска і Гродна) не выяўляе істотных адрозненняў у тэхналогіі бондарства і сведчыць аб трываласці і пераймальнасці вытв. традыцый. У 19 — пач. 20 ст. вылучаліся асобныя раёны, дзе бондарства было вельмі пашырана і як саматужны промысел з’яўлялася важнай падмогай у сялянскай гаспадарцы (Барысаўскі, Горацкі, Клімавіцкі, Сенненскі, Слуцкі пав.). Сваю прадукцыю бондары збывалі на месцы або везлі на кірмашы. Бандарную клёпку на Нёмане, Бугу і Зах. Дзвіне вывозілі за мяжу, адной з лепшых лічылася т.зв. «мемельская» дубовая клёпка, якую куплялі прамыслоўцы Германіі, Францыі і інш. З 1920-х г. у вытв-сці бандарнага посуду істотную ролю набылі саматужна-прамысл. арцелі. У наш час патрэбы ў бандарных вырабах задавальняе бандарная вытв-сць.

В.С.Цітоў.

т. 3, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁВА АБАРО́НА 1941,

абарончыя баі сав. войск і апалчэнцаў горада супраць ням.-фаш. захопнікаў 3—26 ліп. ў Вял. Айч. вайну. Праводзілася часцямі 61-га стралк. корпуса (ген.-маёр Ф.А.Бакунін) 13-й арміі Зах. фронту і апалчэнцамі згодна з планам абароны, які абмеркаваны і ўдакладнены 1 ліп. на нарадзе з удзелам прадстаўнікоў Стаўкі Вярх. Галоўнакамандавання Маршалаў Сав. Саюза К.Я.Варашылава і Б.М.Шапашнікава. Жыхары горада і навакольных вёсак разам з вайскоўцамі за кароткі тэрмін (штодзённа працавалі 30—40 тыс. чал.) выкапалі процітанкавы роў больш як на 25 км, будавалі траншэі, бліндажы і эскарпы; сапёры паставілі мінныя палі, на некат. вуліцах былі ўзведзены барыкады. Фарміравалася Магілёўскае народнае апалчэнне 1941. Абарона горада ўскладалася непасрэдна на 172-ю стралк. дывізію (ген.-маёр М.Ц.Раманаў) і прыдадзеныя ёй часці і падраздзяленні. На правым беразе Дняпра абарону трымалі 388-ы (палк. С.Ф.Куцепаў) і 514-ы (падпалк. С.А.Боніч) стралк. палкі, на левым — 747-ы полк (падпалк. А.В.Шчаглоў); потым 514-ы полк быў пераведзены ў рэзерв камандзіра корпуса, а на яго месца стаў 394-ы полк 110-й стралк. дывізіі. На паз шыях бліжэйшых да горада вёсак — Казіміраўка, Пашкава, Гаі, Мікалаеўка, Палыкавічы — стаяў зводны полк у складзе знішчальнага батальёна і батальёна супрацоўнікаў міліцыі. Развед. падраздзяленні дывізіі ў міжрэччы Бярэзіны і Дняпра (за 35—50 км ад Магілёва) 3 ліп. ўступілі ў бой з перадавымі часцямі ням. 46-га танк. корпуса 2-й танк. групы ген. Г.В.Гудэрыяна, а 6 ліп. пад націскам намнога большых сіл праціўніка адышлі ў глыб сваёй абароны.

На Магілёў наступалі 4 пяхотныя і танк. дывізіі са складу 2-й танк. групы ням.-фаш. войск: на Бабруйска-Магілёўскім напрамку палкі 23-й і 7-й пяхотных дывізій, на Мінска-Магілёўскім — 263-й і 15-й пяхотных дывізій, якія падтрымлівала 3-я танк. дывізія. Пазней, калі вораг фарсіраваў Дняпро, у тыл 172-й дывізіі сав. войск выйшлі 258-я і 78-я пяхотныя, а з 17 ліп. на штурм горада накіраваны часці 34-й і 10-й пяхотных ням. дывізій. Асабліва жорсткія баі адбыліся на Буйніцкім полі. Паводле звестак штаба 172-й дывізіі за 10 дзён баёў адбіта 27 атак, падбіта і спалена 179 танкаў і бронетранспарцёраў, захоплены 2 танкі, 12 мінамётаў, 25 кулямётаў. Аднак 14 ліп. дывізія апынулася ў акружэнні: спыніўся падвоз боепрыпасаў, харчоў, медыкаментаў. Немцы захапілі бліжэйшыя да горада вёскі. 24 ліп. праціўнік прарваўся на ўскраіны Магілёва. Камандаванне сав. войск адхіліла ультыматум захопнікаў аб капітуляцыі і вырашыла з баямі выходзіць з акружэння. У ноч на 26 ліп. 388-ы полк з прыдадзенымі часцямі і падраздзяленнямі прарваўся з горада на 3, 747-ы, 394-ы і зводны палкі — на У і за р. Сож злучыліся з часцямі 13-й арміі. Сав. воіны і апалчэнцы на працягу 23 дзён скоўвалі буйныя сілы ворага ў перыяд Смаленскай бітвы 1941, нанеслі адчувальныя страты ўдарным сілам групы армій «Цэнтр». На Буйніцкім полі пастаўлены помнік у гонар воінаў 388-га стралк. палка.

т. 9, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНІЦТВА,

1) спецыфічная фаза гісторыі сац.-рэв. руху ў Расіі паміж «хаджэннем у народ» (1872—74) і тэрарызмам (1878—81).

2) Сац. дактрына 2-й пал. 19 ст., заснаваная на ўпэўненасці ў тым, што Расія можа мінуць капіталіст. стадыю развіцця і праз арцель і абшчыну адразу перайсці да сацыялізму (некат. даследчыкі лічаць пачынальнікамі гэтай дактрыны А.І.Герцэна і М.Г.Чарнышэўскага і адносяць нараджэнне т. зв. «аграрнага сацыялізму» да 1840—60-х г.).

2) Шырокі спектр ідэй і падыходаў, звязаных з цікавасцю інтэлігенцыі да «народа», пераважна сялян і рабочых, іх мыслення, звычаяў, нораваў і г.д. Характэрная рыса Н. як ідэалогіі — перапляценне ідэй рэв. дэмакратыі з сял. утапічным сацыялізмам. Н. падзялялася на рэв. і ліберальную плыні. Рэв. Н. звязвала дасягненне сацыялізму з усерас. сял. паўстаннем; ліберальнае разлічвала на мірны, рэфармісцкі шлях. Філас.-метадалагічную аснову поглядаў Н. складалі пазітывізм (М.К.Міхайлоўскі, П.Л.Лаўроў) і матэрыялізм (П.М.Ткачоў); іх аб’ядноўвала мэта тэарэтычна абгрунтаваць права асобы на сац. актыўнасць, зацвердзіць вядучую ролю сац. ідэала ў пабудове вучэння аб грамадскім развіцці («тэорыя прагрэсу», суб’ектыўны метад у сацыялогіі). Адлюстраваннем прынцыпаў суб’ектыўнай сацыялогіі ў эканам. навуцы з’явіўся «эканамічны рамантызм» (В.П.Варанцоў, М.Ф.Даніэльсон), прадстаўнікі якога імкнуліся пацвердзіць ідэю некапіталіст. развіцця ў Расіі.

У 1860-я — сярэдзіне 1880-х г. у рас. Н. пануючай была рэв. плынь, прадстаўленая шматлікімі тайнымі арг-цыямі і гурткамі, большасць якіх з 1870-х г. знаходзілася пад уплывам «бунтарскіх» ідэй М.А.Бакуніна. Спробай рэалізаваць ва ўсерас. маштабе рэв.-дэмакр. ідэі Герцэна і Чарнышэўскага стала першая арг-цыя «Зямля і воля» (1861—64). Члены т-ва «ішуцінцаў» (1863—66, лідэры М.А.Ішуцін і І.А.Худзякоў) для прапаганды рэв. ідэй меркавалі стварыць вытв. арцелі і камуны. Адзін з іх, Дз.У.Каракозаў, у крас. 1866 ажыццявіў няўдалы замах на імператара Аляксандра II. Уцалелыя пасля арыштаў «ішуцінцы» ўвайшлі ў тайную змоўшчыцкую арг-цыю «Народная расправа» (1869), лідэр якой С.Г.Нячаеў лічыў магчымым для перамогі «мужыцкай рэвалюцыі» выкарыстоўваць любыя сродкі, у т. л. падман, шантаж, забойствы. «Вялікае таварыства прапаганды», або чайкоўцы (1869—74), лічыла неабходным пашырэнне прапаганды ідэй Н. сярод інтэлігенцыі, а потым у народзе з мэтай падрыхтоўкі рэвалюцыі. У 1872—73 у Пецярбургу і Маскве дзейнічаў гурток далгушынцаў (заснавальнік А.В.Далгушын), члены якога падзялялі бунтарскія ідэі Бакуніна. Вясной 1873 пачалося і дасягнула найб. размаху ў 1874 падрыхтаванае далгушынцамі, чайкоўцамі і інш. рэв. гурткамі масавае «хаджэнне ў народ» рэв. інтэлігенцыі з мэтай узняць сялян на сацыяліст. рэвалюцыю. Гал. формай работы. сярод сялян была «лятучая прапаганда». Аднак «хаджэнне ў народ» не прывяло і не магло прывесці да сял. рэвалюцыі, амаль усе яго ўдзельнікі (каля 4 тыс.) былі арыштаваны, найб. актыўныя асуджаны па «працэсе 193-х» (1877—78). У 1874 узнікла «Усерасійская сацыяльна-рэвалюцыйная арганізацыя», або группа «масквічоў» (1874—75); яе члены лічылі, што для дзейснай прапаганды на сяле трэба рыхтаваць пасрэднікаў паміж сялянамі і інтэлігенцыяй з ліку рабочых. Другая «Зямля і воля» (1876—79), зыходзячы з вопыту папярэднікаў, імкнулася стварыць цэнтралізаваную рэв. арг-цыю, з мэтай пастаяннай прапаганды рэв. ідэй стварала паселішчы народнікаў у сельскай мясцовасці, але і гэтая дзейнасць не мела поспеху. У 1879 «Зямля і воля» раскалолася на «Народную волю» (1879—86) і «Чорны перадзел» (1879—81). Пад уплывам ідэй Ткачова (рэв. змоўніцтва) «Народная воля» перайшла да паліт. барацьбы з мэтай захопу ўлады. Аднак гэтая барацьба звялася да індывід. тэрору з мэтай дэзарганізацыі ўлады і абуджэння народу. Забойства імператара Аляксандра II 13.3.1881 (ажыццявіў І.Я.Грынявіцкі) паказала безвыніковасць і згубнасць такой тактыкі. Да канца 1884 «Народная воля» разгромлена ўрадам. «Чорны перадзел», які адмаўляў непасрэдную паліт. барацьбу і рабіў упор на прапаганду сярод рабочых, да канца 1881 распаўся на асобныя гурткі. Яго б. лідэры Г.В.Пляханаў, Л.Р.Дэйч, В.І.Засуліч і інш. ў эміграцыі перайшлі на паз шыі марксізму і заснавалі ў 1883 у Жэневе с.-д. арг-цыю «Вызваленне працы».

На Беларусі ідэі Н. падзялялі К.С.Каліноўскі, В.Урублеўскі, З.І.Серакоўскі і інш. кіраўнікі і ўдзельнікі паўстання 1863—64. У канцы 1862 у склад «Зямлі і волі» 1860-х г. увайшоў ваенна-рэв. Камітэт рускіх афіцэраў у Польшчы, 40% членаў якога былі ўраджэнцамі бел.-літ. губерняў. У 1874—84 існавалі нелегальныя групы бел. студэнтаў у ВНУ Пецярбурга і інш. гарадоў краіны. У стварэнні адной з першых бел. груп «Народнай волі» ў Пецярбургу ўдзельнічаў Грынявіцкі. Пазней са студэнтаў-беларусаў Пецярбургскага ун-та створана бел. рэв. група «Гоман», якая наладзіла сувязі з Віцебскам, Мінскам і інш. бел. гарадамі, імкнулася стаць цэнтрам арг-цыі «Народнай волі» на Беларусі, у 1884 выдала 2 нумары час. «Гомон». У студз. 1882 створана Паўночна-Заходняя арганізацыя «Народнай волі», якая аб’яднала гурткі Віленскай, Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Гродзенскай, Ковенскай губ. У 1881—83 у Вільні, Мінску, Пінску, Віцебску, Гродне, Бабруйску, Оршы, Магілёве ўзніклі нарадавольцаў-афіцэраў гурткі, што падпарадкоўваліся непасрэдна ваенна-рэв. цэнтру «Народнай волі». Існавалі на Беларусі і народніцкія гурткі вучнёўскай моладзі. Групы бел. рэв. народнікаў нелегальна выдавалі адозвы, у т. л. «Да беларускай інтэлігенцыі» (1883), «Пасланне да землякоў-беларусаў Шчырага беларуса» (1.1.1884), ліберальныя народнікі — «Да беларускай моладзі» (1881), «Пісьмы пра Бсларусь. Пісьмо першае Данілы Баравіка» (16.12.1882). У выданнях бел. народнікаў былі абгрунтаваны ідэі нац.-дзярж. адраджэння Беларусі. Некаторыя ідэі ліберальнага Н. прапагандавала газ. «Минский листок». З дзейнасцю рэв. народнікаў звязаны пачатак распаўсюджвання на Беларусі асобных твораў К.Маркса і Ф.Энгельса, узнікненне першых рабочых гурткоў.

На фоне ідэйнага краху рэв. Н. з сярэдзіны 1880-х г. пануючай плынню ў народніцкім руху стала ліберальнае Н. (ідэолаг Міхайлоўскі), якое выступала за павелічэнне сял. надзелаў, аднаўленне сялян у грамадз. правах і інш. рэформы пры захаванні асноў дзярж. і грамадскага ладу. Пераемнікамі Н. сталі сацыялісты-рэвалюцыянеры, што аформіліся ў партыю ў 1902 у выніку аб’яднання народніцкіх груп і гурткоў.

Літ.:

Ткаченко П.С. О спорных проблемах истории народничества // История СССР. 1963. №6;

Троицкий Н.А. Большое общество пропаганды 1871—1874 гг. (т.н. «чайковцы»), Саратов, 1963;

Антонов В.Ф. Революционное народничество. М., 1965;

Самбук С.М. Революционные народники Белоруссии (70-е — начало 80-х гг. XIX в.). Мн., 1972;

Пантин И.К. Социалистическая мысль в России: переход от утопии к науке. М., 1973;

Лосинский Н.Б. Революционно-народническое движение в Белоруссии, 1870—1884 гг. Мн., 1983.

В.В.Сяргеенкава, М.В.Біч.

т. 11, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)