ПАЕ́ЎСКІ (Леў Сямёнавіч) (1850—1919),
бел. гісторык Бацька Мелхіседэка. Скончыў Люблінскую духоўную семінарыю. Служыў святаром у прыходах Холмска-Варшаўскай, потым Гродзенскай епархій. Удзельнік 7-га (1890), 9.-га (1893) і 10-га (1896) археал. з’ездаў. З 1903 чл. Гродзенскага губ. стат. к-та. Даследаваў царк. гісторыю 18—19 ст., гісторыю гарадоў і мястэчак Беларусі, пытанні археалогіі. Аўтар прац, змешчаных у перыяд. царк. і свецкіх выданнях Гродна, Вільні, Холма, Масквы.
Тв.:
Город Брест-Литовск и его древние храмы. Гродно, 1894.
Літ.:
Чарапіца В.М. Са скарбніцы кніжных паліц. Мн., 1994.
В.М.Чарапіца.
т. 11, с. 510
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЮ́З БЕЛАРУ́СКАГА ПРАВАСЛА́ЎНАГА ДУХАВЕ́НСТВА (СБПД),
арганізацыя нацыянальна арыентаванай часткі бел. правасл. святароў Віленскай і Гродзенскай губ., якія знаходзіліся ў эвакуацыі. Створаны напярэдадні Лют. рэвалюцыі 1917 у Маскве. У СБПД уваходзілі протаіерэі І.У.Карчынскі, С.І.Кульчыцкі, святары Л.С.Паеўскі, Рапнін, Усякоўскі і інш. Саюз далучыўся да бел. нац. руху з цэнтрам у Маскве. Летам 1917 правёў з’езд правасл. святароў-беларусаў, на якім прынята рэзалюцыя ў нац. духу. Члены саюза супрацоўнічалі з арг-цыяй бел. каталіцкага духавенства «Хрысціянская дэмакратычная злучнасць» (пазней — Беларуская хрысціянская дэмакратыя), імкнуліся да беларусізацыі царк. жыцця, праводзілі пропаведзі на бел. мове. Спыніў дзейнасць у пач. 1918. Актыўныя члены СБПД былі арыштаваны.
А.І.Валахановіч.
т. 14, с. 222
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛХІСЕДЭ́К (у свеце Паеўскі Міхаіл Львовіч; вер. 1878, с. Вітулін Люблінскага ваяв., Польшча — 17.5.1931),
бел. праваслаўны царкоўны дзеяч. Скончыў Казанскую духоўную акадэмію (1904). Выкладаў у Магілёўскай духоўнай семінарыі (1904—05). Настаяцель Магілёўскага Богаяўленскага манастыра (1905—07) і інш. манастыроў. З 1914 епіскап таўрычаскі, архіепіскап астраханскі. З 1919 вікарны епіскап слуцкі, епіскап мінскі і тураўскі. З ліп. 1922 мітрапаліт мінскі і беларускі.
Выступаў супраць абнаўленцаў, якія стварылі Беларускую аўтаномную праваслаўную царкву, прыхільнік абвяшчэння Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. У 1925 прыгавораны да 3 гадоў зняволення ўмоўна па абвінавачванні ў «раскраданні царк. маёмасці» і «контррэв. прапагандзе». У тым жа годзе пасля арышту ў Маскве сасланы ў Краснаярскі край. З 1927 архіепіскап краснаярскі. З 1930 у Маскве, абраны ў Сінод Рус. правасл. царквы. Раптоўна памёр у Дарагамілаўскім саборы.
Літ.:
Процька Т. Пакутнік за веру і бацькаўшчыну. Мн., 1996;
Шэйкін Г. Мінская епархія // Беларускі праваслаўны каляндар, 1997. Мн., 1996.
Т.С.Процька.
т. 10, с. 276
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХОДНЕРУСІ́ЗМ,
кірунак грамадска-паліт. думкі ў 19 — пач. 20 ст. Быў пашыраны сярод гар. насельніцтва (інтэлігенцыя, дзярж. служачыя, правасл. духавенства і інш.), пераважна на У Беларусі. Прадстаўнікі кансерватыўнага кірунку З. (К.Гаворскі) лічылі этнічныя асаблівасці беларусаў вынікам польска-каталіцкага ўплыву, які перашкаджаў аднаўленню «спрадвечна-рускага характару краю». Прыхільнікі ліберальна-памяркоўнага кірунку З. (М.Каяловіч, А.Пшчолка) прызнавалі гісторыка-этнічную адметнасць Беларусі, але адмаўлялі магчымасць яе нац.-культ. і дзярж. самавызначэння. За беларусамі прызнавалася толькі права на этнаграфічнае развіццё — на «мясцовы дыялект, на народную песню, і, наогул, на вясковы быт». Найб. сістэматызаванае абгрунтаванне З. атрымаў у працах М. Каяловіча «Лекцыі па гісторыі Заходняй Расіі» (1864), «Гісторыя рускай самасвядомасці» (1884). Арыентацыі на З. ў пытаннях нац.-культ. развіцця Беларусі, неабходнасці яе «больш цеснага яднання з астатняй Руссю» прытрымліваліся Л. і І.Саланевічы, І.Бажэлка, Л.Паеўскі, часткова А.Сапуноў, Я.Карскі, Е.Раманаў і інш. Праваднікамі З. былі час. «Вестник Западной России», газеты «День», «Минское русское слово» (1912—13) і інш. Ідэалогія З. была пакладзена ў аснову практычнай дзейнасці такіх грамадскіх аб’яднанняў, як «Селянін», «Беларускае таварыства», «Саюз беларускай дэмакратыі», «Беларускі народны камітэт», «Рускае ўскраіннае таварыства» і інш., а таксама мясц. арг-цый «Саюза рускага народа» і «Саюза 17 кастрычніка», дзейнасць якіх была накіравана супраць бел. нац.-вызв. руху. У сваіх друкаваных органах — час. «Крестьянин», газеты «Окраины России» (1906—12), Масква, «Белорусский вестник» — яны імкнуліся паказаць неаддзельнасць гісторыка-культ. лёсу Беларусі ад лёсу Расіі.
Літ.:
Цьвікевіч А. «Западно-руссизм». Нарысы з гісторыі грамадзскай мысьлі на Беларусі ў XIX і пач. XX в. 2 выд. Мн., 1993;
Самбук С.М. Общественно-политическая мысль Белоруссии во второй половине XIX в. Мн., 1976.
т. 7, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)