А́НГЛА-ЕГІ́ПЕЦКІ ДАГАВО́Р 1936 аб дружбе і саюзе.
Падпісаны 26 жн. ў Лондане. Пашыраў самастойнасць Егіпта ва ўнутр. і знешніх справах: скасоўваўся інстытут англ. саветнікаў пры ўрадзе Егіпта, павялічвалася егіп. армія, Англія абавязвалася падтрымаць хадайніцтва Егіпта аб уступленні ў Лігу Нацый, фармальна спынялася акупацыя Егіпта англ. войскамі. Адначасова дагавор захоўваў асн. ваен. пазіцыі англічан (у зоне Суэцкага канала ёй дазвалялася трымаць да 10 тыс. войска). Дэнансаваны Егіптам у 1951. Англія прызнала яго адмену па Англа-егіпецкім пагадненні 1954.
т. 1, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. appellatio зварот, скарга),
у праве многіх краін абскарджанне прыгавораў ці інш. суд. рашэнняў па крымін. і цывільных справах, якія не набылі законнай сілы. Апеляцыйны суд нанава даследуе сабраныя доказы па справе і мае права або зацвердзіць раней прынятае рашэнне, або вынесці новае. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь не прадугледжвае апеляцыі, а перагляд суд. рашэнняў (прыгавораў), якія не набылі законнай сілы, адбываецца ў касацыйным парадку (гл. Касацыя).
2) У пераносным сэнсе — просьба падтрымаць у чым-н.
т. 1, с. 422
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЯ ДЫРЭКТО́РЫЯ,
часовы орган улады ў Гомелі ў снеж. 1918 — студз. 1919. Утворана 17.12.1918 на пасяджэнні гар. думы на ўзор Укр. дырэкторыі. Бальшавіцкая арг-цыя адмовілася падтрымаць Гомельскую дырэкторыю і стварыла Ваенна-рэв. к-т (ВРК). У склад Гомельскай дырэкторыі ўвайшлі прадстаўнікі меншавікоў, Гомельскага с.-д. к-та Бунда, сацыялістаў-сіяністаў, гар. думы, Цэнтр. бюро прафсаюзаў і інш. Яе падтрымлівалі герм. акупац. ўлады. Пасля перагавораў сав. боку з герм. камандаваннем улада ў Гомелі 6.1.1919 перададзена ВРК. Гомельская дырэкторыя самаліквідавалася.
В.М.Лебедзева.
т. 5, с. 341
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАЗА́НСКАЯ ЗМО́ВА»,
спроба ўзняць ваенна-сялянскае паўстанне ў Паволжы, каб падтрымаць паўстанне 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі. Акрамя польскіх і літ.-бел. паўстанцкіх цэнтраў у «К.з.» ўдзельнічалі або мелі намер да яе дачыніцца пецярбургская, маскоўская, казанская арг-цыі «Зямлі і волі», афіцэрскія і студэнцкія гурткі ў гарадах Расіі. У крас. 1863 «К.з.» раскрыта. Адзін з гал. кіраўнікоў І.Кеневіч, члены рэв. арг-цыі афіцэры Н.Іваніцкі, А.Мрочак, Р.Станкевіч, М.Чарняк расстраляны ў Казані. Астатнія ўдзельнікі «К.з.» прыгавораны да турэмнага зняволення і катаржных работ.
Г.В.Кісялёў.
т. 7, с. 414
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЙ VII [свецкае К’ярамонці (Chiaramonti) Грэгорыо Луіджы Барнаба; 14.8.1740, г. Чэзена, Італія — 20.8.1823],
папа рымскі з 1800. З 1796 епіскап Імалы, потым кардынал. Сцвярджаў, што дэмакр. прынцыпы не супярэчаць Евангеллю. У 1801 заключыў канкардат з напалеонаўскай Францыяй, у 1804 каранаваў Напалеона імператарскай каронай. З-за супраціўлення некат. патрабаванням Напалеона, у т. л. падтрымаць кантынентальную блакаду, у 1809 арыштаваны, да 1814 у франц. палоне. Адноўлены Венскім кангрэсам 1814—15 у правах свецкага гасудара Папскай вобл., П. VII ажыццяўляў палітыку асветнага абсалютызму; заключыў з шэрагам еўрап. краін канкардаты, выгадныя для каталіцкай царквы. У 1814 аднавіў ордэн езуітаў.
т. 12, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЕРАДСМЯРО́ТНЫ РАЗГАВО́Р ПУСТЭ́ЛЬНІКА ПЯТРА́»,
«Перэдсьмертный розговор Пустэльніка Петра, каторый жыў у пушчы дзевецьдзесят лет, а памёр маючы сто сорок лет», бел. агітацыйная брашура. Надрукавана лацінкай на бел. мове ў невядомай падп. друкарні напярэдадні паўстання 1863—64. Мае памету: «Друкавана ў Кіеве». Складаецца з 16 старонак невял. фармату; уяўляе сабой празаічную гутарку — зварот выдуманага пустэльніка Пятра да шляхты і мужыкоў падтрымаць паўстанне «палякаў» супраць царызму. Ідэйнай накіраванасцю блізкая да «Гутаркі старога дзеда». У канцы надрукаваны бел. пераклад-пераробка патрыят. гімна «Божа, што Польшчы...». Мяркуючы па рэаліях гімна (Тураў, Петрыкаў), брашура прызначалася для распаўсюджвання ў паўд. частцы Беларусі.
Літ.:
Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Мн., 1963;
Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971.
Г.В.Кісялёў.
т. 12, с. 274
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСПА́НА-АМЕРЫКА́НСКАЯ ВАЙНА́ 1898,
вайна паміж Іспаніяй і ЗША за ўплыў на Кубе, Філіпінах і інш. астраўных тэрыторыях. Адбылася ва ўмовах уздыму нац.-вызв. руху на Кубе (з 1895) і Філіпінах (з 1896), аслаблення тут калан. улады Іспаніі і ўзмацнення пазіцый ЗША (кантралявалі тытунёвую прам-сць, вытв-сць і экспарт цукру-сырцу на Кубе, абяцалі падтрымаць кубінскіх і філіпінскіх паўстанцаў у іх барацьбе за незалежнасць ад Іспаніі). Фактычна інспіравана ЗША, якія пасля ўзрыву 15.2.1898 на рэйдзе порта Гавана (Куба) амер. браняносца «Мейн» (загінулі ўсе 260 маракоў) абвінавацілі ў гэтым Іспанію і 25 крас. абвясцілі ёй вайну. У крас.—маі 2 амер. эскадры (17 і 6 караблёў) блакіравалі паўн.-ўсх. ўзбярэжжа Кубы, дзе знаходзіліся 200 тыс. ісп. вайскоўцаў, 3 ліп. каля порта Сант’яга-дэ-Куба патапілі эскадру, што прыбыла з Іспаніі (7 караблёў). Амер. дэсант (18 тыс. чал.) і кубінскія паўстанцы 16 ліп. занялі Сант’яга-дэ-Куба, у пач. жн. поўнасцю разбілі ісп. войскі на Кубе. У ліп.—жн. амерыканцы занялі зах. частку Пуэрта-Рыка. У ходзе баёў на Філіпінах амер. эскадра (6 караблёў) 1 мая знішчыла ў бухце Манілы ісп. флот (10 устарэлых караблёў). Амер. дэсант (15 тыс. чал.) і мясц. паўстанцы пасля аблогі 13 жн. ўзялі г. Маніла. Пазбаўленая флоту і магчымасці падтрымаць свае войскі на Кубе і Філіпінах, 13 жн. Іспанія капітулявала. Паводле Парыжскага міру (падпісаны 10.12.1898, ратыфікаваны 6.2.1899) Іспанія ўступіла ЗША Пуэрта-Рыка, в-аў Гуам і (за 20 млн. дол.) Філіпіны (сталі калоніяй ЗША у выніку амерыкана-філіпінскай вайны 1899—1901). Фармальна атрымаўшы незалежнасць, Куба была акупіравана амер. войскамі і стала пратэктаратам ЗША.
Літ.:
Фонер Ф.С. Испано-кубино-американская война и рождение американского империализма, 1895—1902: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1977.
У.Я.Калаткоў.
т. 7, с. 335
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НАВІЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1916, Скробава-Гарадзішчанская аперацыя 1916,
наступальная аперацыя рус. войскаў Зах. фронту (галоўнакамандуючы ген. А.Е.Эверт) 2—29.7.1916, у пазіцыйны перыяд 1-й сусв. вайны. Ажыццёўлена, каб падтрымаць наступленне рус. войскаў на Паўд.-Зах. фронце (Брусілаўскі прарыў 1916). Аперацыю праводзіла 4-я армія (камандуючы ген. А.Ф.Рагоза), дзе сканцэнтравана 340 тыс. Чал. У ходзе наступальных баёў рас. войскам не ўдалося пераадолець добра абсталяваную абарончую паласу праціўніка. 14 ліп. аўстра-герм. дывізіі ажыццявілі контрнаступленне каля в. Скробава і занялі пакінутыя раней пазіцыі. Спробы рус. войскаў аднавіць страчаныя пазіцыі ў ходзе атак 25—29 ліп. скончыліся няўдала. Страты рус. войскаў у час аперацыі забітымі, параненымі і ўзятымі ў палон склалі каля 80 тыс. чал., страты праціўніка — каля 25 тыс. чал. У ліку прычын няўдачы Баранавіцкай аперацыі — недахоп артылерыі, снарадаў, вінтовак, дрэннае кіраўніцтва войскамі ў час прарыву.
А.М.Бабкоў.
т. 2, с. 293
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МИ́НСКИЙ КУРЬЕ́Р»,
штодзённая «беспартыйная» газета ліберальна-бурж. антысав. кірунку. Выдавалася з 26.8.1919 да ліп. 1920 у Мінску на рус. мове з дазволу польск. акупац. улад. Арыентавалася на дапамогу польск. легіёнаў у вызваленні Расіі ад бальшавіцкай улады. Заклікала падтрымаць Польшчу, Калчака, Дзянікіна ў іх барацьбе супраць Сав. Расіі, асуджала тэрор бальшавікоў супраць сваіх паліт. праціўнікаў, крытыкавала краіны Антанты за курс на прымірэнне з бальшавіцкім рэжымам. Шмат увагі аддавала мясц. сац.-эканам. праблемам, змяшчала інфармацыю пра тэатр. спектаклі, арганізацыю бел. школ, падтрымлівала кантакты з лідэрамі правых плыней бел. нац. руху (П.Алексюком і інш.). Апублікавала зварот Ю.Пілсудскага «Да жыхароў былога Вялікага княства Літоўскага» і каментарыі да яго ген. камісара Усх. зямель Г.Асмалоўскага, раман А.Юнашы (Гзоўскага) «Аляксандр Мяснікянц» (пра сав. камісара А.Мяснікова), друкавала нарысы Д.Бохана, вершы З.Гіпіус, артыкулы і нарысы інш. мясц. журналістаў і літаратараў.
У.М.Конан.
т. 10, с. 455
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБУ́ТАК АРТАПЕДЫ́ЧНЫ,
спецыяльны абутак для людзей з дэфармаванымі ступнямі і ступнямі з функцыянальным дэфектам. Дапамагае выправіць пач. няўстойлівую дэфармацыю ступні, кампенсаваць пакарачэнне канечнасці, павялічыць плошчу апоры, падтрымаць звод ступні, вызваліць балючыя месцы ад нагрузкі, зрабіць канечнасць апорнай, калі дэфармацыю нельга ліквідаваць хірург. метадамі. Паказанні для нашэння: плоскаступнёвасць, пакарачэнне ступні і канечнасці; касалапасць, паралітычныя дэфармацыі ступняў, аплікозы галёнкаступнёвага сустава; хранічныя ацёкі і інш. Артапедычны абутак носяць таксама на артапедычных апаратах, гіпсавых павязках і пратэзах. Вырабляецца ён індывідуальна пад кантролем урача.
Просты артапедычны абутак мала адрозніваецца ад звычайнага; складаны мае спец. канструкцыю верху і нізу. Адной з гал. частак артапедычнага абутку з’яўляецца пластычная вусцілка (супінатар), якую вырабляюць па злепку са ступні. Верх. Артапедычнага абутку ўмацоўваюць «падтрымкамі» або цвёрдымі паўгарсэтамі. Вышыню верху пры паралічы мышцаў галёнкі павялічваюць да палавіны лыткі. На Беларусі вырабляюць і рамантуюць артапедычны абутак на Мінскім пратэзным з-дзе і ў пратэзных майстэрнях абл. цэнтраў.
А.У.Руцкі.
т. 1, с. 49
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)