Падсобныя прадпрыемствы (у сельскай гаспадарцы) 8/18—19

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПЧАЛЬНІ́К, пасека,

месца, дзе размешчаны вуллі з пчоламі меданоснымі і падсобныя пабудовы (зімоўнік, сотасховішчы і інш.). Бывае стацыянарны (знаходзіцца на адным месцы ўвесь пчолагадоўчы сезон), перасоўны (шматразова перавозіцца). Размяшчаюць П. каля масіваў меданосных раслін, на сухіх, ахаваных ад ветру мясцінах.

В.​І.​Сапега.

Пчальнік у садзе.

т. 13, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПТУ́ШНІК,

гаспадарчая пабудова для вырошчвання і ўтрымання с.-г. птушкі. Уключае асн. і падсобныя (салярый, склады і інш.) памяшканні. Будуюць П. з жалезабетонных блокаў, цэглы, дрэва. Бываюць П. падлогавага і клетачнага ўтрымання. Тып П. залежыць ад віду, узросту птушкі, кірунку яе гасп. выкарыстання. Пры падлогавым утрыманні П. падзяляюць метал. сеткай на асобныя секцыі (у кожнай секцыі размяшчаюць да 700—1000 птушак), агульная ўмяшчальнасць 2,5—20 тыс. Пры клетачным утрыманні П. падзяляюць на асобныя залы, дзе размяшчаюць клетачныя батарэі, іх агульная ўмяшчальнасць павялічваецца ў 2—3 разы.

М.​Ц.​Гарачка.

т. 13, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІ РАЁН.

Размешчаны ў цэнтры Віцебскай вобл. Утвораны 17.4.1924 (у сучасных межах з 1960). Пл. 3,2 тыс. км². Нас. 33,8 тыс. чал. (2000), гарадскога 8,6%. Сярэдняя шчыльн. 11 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Полацк. Уключае г. Наваполацк, г.п. Ветрына, 407 сельскіх населеных пунктаў, Ветрынскі пасялковы Савет, 19 сельсаветаў: Адамоўскі, Азінскі, Астроўшчынскі, Бабыніцкі, Баравухскі, Вароніцкі, Гаранскі, Гомельскі, Заазерскі, Зялёнкаўскі, Маласітнянскі, Нацкі, Палатоўскі, Салоніцкі, Трудаўскі, Фарынаўскі, Шпакоўшчынскі, Экіманскі, Юравіцкі.

Тэр. раёна ў межах Полацкай нізіны. Паверхня пераважна плоская, ускладнена марэннымі ўзгоркамі, рачнымі далінамі, камамі, азёрнымі катлавінамі, радзей озамі; 65% яе на вышыні 125—150 м, 28% — 150—170 м. Найвыш. пункт 180 м (за 2 км на Пд ад г.п. Ветрына). Глыб. расчлянення рэльефу на ўзгорыста-азёрных участках да 20 м/км². Карысныя выкапні: торф, гліны і суглінкі, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пясок, мінер. воды. Сярэдняя т-ра студз. — 7,2 °C, ліп. 17,7 °C. Ападкаў 601 мм за год. Вегетац. перыяд 184 сут. Найб. рака Зах. Дзвіна з прытокамі Сосніца, Палата, Тураўлянка, Ушача з Нежлеўкай, Нача. На ўліку 191 возера з пл. больш за 5 га (61 мае рыбапрамысл. значэнне), найб. Янова, Вядзета, Чарвятка, Наўліцкае, Гомель, Болныра, Усомля. Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя (43,4 %), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (32,8 %), тарфяна-балотныя (13,2 %). Пад лесам [61% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, яловыя, чорнаальховыя, ёсць асінавыя і шэраальховыя лясы. Штучныя насаджэнні (пераважна хваёвыя) — 7,1 %. Пад балотамі 5 % тэрыторыі, найб. балоты Сосніца — Дражбітка, Судзіна, Замошша, Ізмацкае, Чарвятка. На тэр. раёна заказнікі рэсп. значэння: ландшафтны Казьянскі (да 1999 біял), біял. Лонна, гідралагічныя Вялікае Астравіта і Глыбокае-Чарбамысла. Помнікі прыроды рэсп. значэння: валун каля в. Свяціца, скопішча валуноў «Янава» (в. Бікульнічы), пагорак камавы «Валатоўка». Ахоўныя тарфянікі: Нядружынскае і Кляшторна. Зоны адпачынку «Азёрная» і «Туроўля».

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 77,7 тыс. га, з іх асушаных 14,4 тыс. га. На 1.1.2000 у раёне 9 калгасаў, 13 саўгасаў, калектыўнае с.-r. прадпрыемства, 50 фермерскіх і 33 падсобныя гаспадаркі, птушкафабрыка. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых, бульбы, лёну, агародніны. Прадпрыемствы дрэваапр., першаснай апрацоўкі лёну (ільновалакно), буд. матэрыялаў; каап. прам-сці; лясгас. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Невель—Полацк—Маладзечна, Віцебск—Полацк—Даўгаўпілс; аўтадарогі Віцебск—Рыга, з Полацка на Віцебск, Лепель, Глыбокае, Міёры, Верхнядзвінск, Асвею, Апочку (Расія), Расоны; нафтаправоды Сургут—Полацк, «Дружба», прадуктаправод Полацк—Вентспілс (Латвія), адгалінаванне ад газаправода Таржок (Расія) — Івацэвічы. У раёне 17 сярэдніх, 10 базавых, 7 пачатковых школ, школа-інтэрнат, 2 муз., 3 школы мастацтваў, СПТВ, Дом дзіцячай творчасці, аздараўленчы лагер «Чайка», 27 дашкольных устаноў, 45 б-к, 25 дамоў культуры, 12 клубаў, 6 бальніц, паліклініка, 6 амбулаторый, 23 фельч.-ак. пункты. Помнікі архітэктуры: сядзіба і царква (пач. 20 ст.) у в. Бяздзедавічы, парк (2-я пал. 19 ст.) у в. Рудня. Гіст. помнікі: рэшткі земляных умацаванняў (17 ст.) каля в. Кушлікі, замчышча Сітна (1563—1579) каля в. Малое Сітна, замчышча Туроўля (1563—1579) каля в. Туроўля. Выдаецца газ. «Полацкі веснік».

Г.​А.​Сакалова, Г.​С.​Смалякоў.

т. 12, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)