БІЯЦЫ́КЛ (ад бія... + цыкл),
1) самы вял. экалагічны падраздзел біясферы. Вылучаюць біяцыклы: суша, акіян і кантынентальныя вадаёмы. Кожны біяцыкл падзяляецца на біяхоры (сукупнасць падобных біятопаў); напр., біятопы пясчаных, гліністых, камяністых пустыняў аб’ядноўваюцца ў біяхор пустыняў, які разам з біяхорамі лясоў, стэпаў і інш. складае біяцыкл сушы.
2) Заканамерная змена фазаў або стадый развіцця арганізма.
т. 3, с. 182
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРШАСНАРО́ТЫЯ (Protostomia),
падраздзел двухбакова-сіметрычных беспазваночных жывёл, у якіх ротавая адтуліна ўтвараецца на месцы першаснага рота (бластапора) або яго пярэдняй часткі, анальная — на заднім канцы цела. Уключае імшанак, кольчатых чарвей, круглых чарвей, малюскаў, немертын, мечаногіх, плоскіх чарвей, фаранід, членістаногіх, аніхафор, калючагаловых. Проціпастаўляюцца другаснаротым, у якіх ротавая адтуліна ўтвараецца незалежна ад першаснага рота.
Шкілет вонкавы (кутыкула, хіцін ці ракавіна); пярэдняя і задняя кішкі развіваюцца праз прагінанне эктадэрмы; нерв. сістэма прадстаўлена нерв. ствалом і гангліямі (нерв. вузламі), выдзяляльная — нефрыдыямі. Драбленне яйца спіральнае (калі не зменена другасна).
А.М.Петрыкаў.
т. 12, с. 309
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)