ПРАПО́ЛКА,

выдаленне пустазелля з пасеваў с.-г. і лясных культур. Бывае мех., хім. і ручная. Механічная П. — падразанне, вырыванне ці інш. пашкоджванні пустазелля пры баранаванні ці культывацыі. Хімічная П. — знішчэнне пустазелля гербіцыдамі. Ручную П. праводзяць на невял. плошчах, напр., на насенняводчых дзялянках, пасевах каштоўных культур. Каб пазбегнуць прыгнечання культ. раслін, зніжэння ўраджаю, П. праводзяць у найб. раннія фазы развіцця пустазелля.

т. 13, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖРАДКО́ВАЯ АПРАЦО́ЎКА ГЛЕ́БЫ,

агратэхнічны прыём догляду за раслінамі ў перыяд іх вегетацыі — рыхленне глебы і падразанне пустазелля ў міжрадкоўях прапашных культур, пладова-ягадных і інш. насаджэнняў. Звычайна праводзяць культыватарамі. Колькасць, глыбіня і характар апрацовак залежаць ад біял. асаблівасцей культуры, забруджанасці пасеваў, глебава-кліматычных і метэаралагічных умоў. Можа спалучацца з акучваннем, падкормкай раслін, наразаннем барознаў для паліву, унясеннем пестыцыдаў, пасевам аднагадовых культур, сідэратаў і інш. у міжрадкоўях шматгадовых раслін. Паляпшае паветр. і водны рэжымы глебы, актывізуе карысную мікрафлору глебы і жыўленне раслін, садзейнічае барацьбе з пустазеллем, шкоднікамі, хваробамі.

т. 10, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́РЫВА,

асноўны прыём мех. апрацоўкі глебы адвальнымі плугамі. Падтрымлівае рыхласць ворнага слоя, садзейнічае рэгуляванню паветранага, воднага, цеплавога і пажыўнага рэжымаў глебы, знішчэнню шкоднікаў культурных раслін, узбуджальнікаў хвароб і пустазелля. Пры ворыве адбываецца падразанне пласта, яго пераварочванне, крышэнне, рыхленне, перамешванне, зараўноўванне, паскарэнне мінералізацыі раслінных рэшткаў, арган. і мінер. угнаенняў, меліярантаў.

Ворыва робяць плугамі рознага тыпу суцэльным (гладкім) або загонным спосабам. Від і глыбіня ворыва залежаць ад глебава-кліматычных умоў, тыпу глебы і яе грануламетрычнага складу, магутнасці перагнойнага гарызонта, эрадзіраванасці глебы, біял. асаблівасцей с.-г. культур, апрацоўкі глебы для папярэдніка, фітасанітарнага стану і інш. Рэкамендуюцца таксама безадвальная апрацоўка глебы і глыбокае падворыўнае рыхленне — спосабы, якія садзейнічаюць прыродаахоўным і энергазберагальным тэхналогіям. Адрозніваюць віды ворыва: культурнае — плугам з перадплужнікам або камбінаванымі адваламі; адваротам пласта — абгортванне на 180°; плантажнае — на глыб. больш за 40 см; яруснае (паслойнае) — па гарызонтах (слаях) на глыб. 0—15, 15—30 см і болей з вынясеннем або без вынясення ніжніх падворыўных слаёў. Ва ўмовах Беларусі час ворыва ў сістэме зяблевай апрацоўкі — восень.

Л.​В.​Круглоў.

т. 4, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)