МАША́РА (Міхась) (Міхаіл Антонавіч; 18.11.1902, хутар Падсосна Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл. — 7.6.1976),
бел. пісьменнік. Удзельнік нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. Быў інструктарам Бел. сялянска-рабочай грамады, рэдагаваў газ. «Наша воля». Зняволены ў віленскую турму на Лукішках. У 1945—49 працаваў у час. «Полымя», «Настаўніцкай газеце». Друкаваўся з 1927. У Вільні выдаў зб-кі вершаў «Малюнкі» (1928), «На сонечны бераг!» (1934), «Напрадвесні» (1935), «З-пад стрэх саламяных» (1937, канфіскаваны), паэм «Вяселле», «Смерць Кастуся Каліноўскага» (абедзве 1934), «Мамчына горка» (1936), п’есы «Вось тут і зразумей...» (1934), «Чорт з падпечча» (1935), «Лёгкі хлеб» (1936). Асн. пафас творчасці — пратэст супраць сац. і нац. ўціску, вера ў свабодалюбівыя сілы народа. Для творчасці 1920—30-х г. характэрна летуценнасць, маральны максімалізм, чуллівасць. Творы ваен. і пасляваен. гадоў склалі зб-кі «Беларусі» (1944), «Праз навальніцы» (1948), «Урачыстасць» (1952), «Мая азёрная краіна» (1962). Аўтар казак у вершах «Зязюльчыны слёзы» (1961), «Зелянушка і Кракатушка» (1964). У 1960—70-я г. працаваў пераважна як празаік: цыкл раманаў пра вызв. барацьбу ў Зах. Беларусі («Крэсы змагаюцца», 1966; «Сонца за кратамі», 1968; «Лукішкі», 1970; «Ішоў дваццаты год», 1973; «І прыйдзе час...», 1975), у якіх шырока выкарыстаў факты з аўтабіяграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЧхатняя,
глінабітнае або мураванае збудаванне для ацяплення памяшкання, гатавання ежы, выпечкі хлеба; важны элемент абсталявання і арх. вырашэння інтэр’ера жылля.
Вядома са старажытнасці. У Стараж. Рыме выкарыстоўвалі перасоўныя, звычайна метал., багата аздобленыя П. У сярэднявеччы пашыраны стацыянарныя П. купальнага тыпу, вылепленыя з гліны. У 13—14 ст. з’явіліся П. з кафлі, напачатку прамавугольныя, пазней і круглыя. У 18 — пач. 20 ст. П. рабілі ў выглядзе мэблі, абеліскаў, калон, пірамід з актыўным выкарыстаннем арх. дэкору. Разнастайнасцю вылучаюцца П. ў нар. буд-ве. Найб. старадаўнія — П.-каменка і «курная» П. (без коміна). «Белыя» П. (з комінам) рабілі з гліны ці цэглы, часам на драўлянай рубленай аснове з 3—5 вянкоў ці на штандарах. Спецыфіка побыту і матэрыяльнай культуры розных народаў садзейнічалі фарміраванню своеасаблівых тыпаў П. («руская», «галандская», «шведская» і інш.).
У нар. жыллі беларусаў П. адыгрывае вядучую ролю ў арганізацыі інтэр’ера хаты. Яна магла займаць 1/4 плошчы памяшкання. Да сярэдзіны 19 ст. пераважалі «курныя», з пач. 20 ст. — «белыя» П. З канца 19 ст. каля П. ставілі грубку. П. і асобныя часткі (прыпечак, пячуркі, падпечча, комін і інш.) заўсёды былі актыўнымі элементамі сямейных свят і розных абрадаў. Сучасныя П. маюць меншыя памеры, робяцца з цэглы, часта абліцоўваюцца кафляй або пліткай дэкаратыўнай. Новыя сродкі ацяплення і гатавання ежы звузілі функцыянальнае прызначэнне П. ў сучасным побыце.