Падляшша (гістар.) 3/235; 6/459; 8/9, 354; 11/576
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЛЯ́ШША, Падляссе,
гістарычная вобласць на З этнічнай тэр. беларусаў у бас. Зах. Буга і Нарава, стараж. зона рассялення яцвягаў, дрыгавічоў, валынян. У 13—14 ст. увайшло ў ВКЛ, адыгрывала важную ролю ў бел. этнакультурным працэсе. У 1520 утворана Падляшскае ваяводства. Напярэдадні Люблінскай уніі 1569 перададзена Польшчы. Паводле 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) большая частка П. дасталася Прусіі. Паводле Тыльзіцкага міру 1807 у Рас. імперыі, у 1808 тут створана Беластоцкая вобласць (у 1842 скасавана, тэр. далучана да Гродзенскай губ.). Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 у складзе Польшчы (з гэтага часу польскае насельніцтва стала колькасна пераважаць). У 1939—44 у БССР, у 1944 большая частка П. перададзена Польшчы.
В.С.Цітоў.
т. 11, с. 501
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЛЯ́ШСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,
адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ і Польшчы ў 16—18 ст. з цэнтрам у г. Драгічын-Надбужскі. Утворана ў 1520. Складалася з Бельскага, Берасцейскага, Драгічынскага, Камянецкага, Кобрынскага, Мельніцкага пав. Паводле адм.-тэр. рэформы 1565—66 Берасцейскі, Камянецкі і Кобрынскі пав. ўвайшлі ў Брэсцкае ваяв. Напярэдадні Люблінскай уніі 1569 П.в. адышло да Польшчы. Паводле 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) увайшло ў склад Прусіі. Гл. таксама Падляшша.
т. 11, с. 501
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЖ,
службовая асоба ў ВКЛ у 15—16 ст. Напярэдадні судовых працэсаў аглядаў прычыненыя пашкоджанні, раны на целе; у час суда сведчыў пэўныя факты, прыводзіў да прысягі; пасля суда ўводзіў ва ўладанне нерухомасцю і інш. За выкананне абавязкаў атрымліваў грашовую ўзнагароду ад бакоў, што судзіліся. Спярша віжы былі «прыданымі» (прызначаліся вял. князем, панамі-радаю, дзярж. службовымі асобамі, панамі ў сваіх маёнтках з людзей розных саслоўяў). У 1551 шляхта дамаглася права выбіраць павятовых віжаў з аселай шляхты на ўзор возных Падляшша. У 2-й пал. 16 ст. абраных віжаў пачалі называць вознымі, пасада прыданых віжаў знікла.
В.С.Пазднякоў.
т. 4, с. 145
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́КТЫ ЛІТО́ЎСКАЙ МЕ́ТРЫКІ, «Акты Литовской Метрики»,
зборнік дакументаў з Метрыкі Вялікага княства Літоўскага за 1413—1507. Выдадзены Ф.І.Леантовічам у Варшаве (т. 1, вып. 1—2, 1896—97). Уключана больш за 750 дакументаў на бел. і лац. мовах, выяўленых у 66 кнігах-копіях, што захоўваліся ў Варшаўскім архіве. Пераважаюць матэрыялы пра Беларусь і Літву, часткова — Украіну і Падляшша. Большасць з іх асвятляе сац.-эканам. і сац.-прававыя адносіны: прывілеі вял. князёў на зямельную ўласнасць, прыгонных сялян, судовыя дакументы, дагаворы куплі-продажу маёнткаў, прывілеі на корчмы, мыта, дзярж. пасады і інш. З публічна-прававых актаў змешчаны агульназемскія прывілеі 15 ст., абласныя прывілеі 16 ст.
Г.Я.Галенчанка.
т. 1, с. 210
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т БЕЛАРУСАВЕ́ДЫ ў Ляймене,
навукова-даследчая і выдавецкая ўстанова бел. эміграцыі ў Германіі. Дзейнічаў у 1982—93 у г. Ляймен. Заснавальнік і кіраўнік (да 1990) Ю.Жывіца. Выдаваў час. «Весткі» (кн. 1—8, 1986—93), дзе друкаваліся творы эмігранцкіх бел. пісьменнікаў, літаратараў з Польшчы і Беларусі (В.Ермаловіч, А.Каўка, А.Мірановіч, І.Іваноў, А.Бембель, М.Гайдук і інш.). Выдаваў кнігі па гісторыі, этнаграфіі і культуры Беларусі: «Гістарычная фаналогія беларускай мовы» (1977, на англ. мове), зб-кі «Подляскі весьнянкі» (1982), «Народныя песні з Падляшша» (т. 1—2, 1983—84); «Недапетая песня» Х.Ільяшэвіча (2-е выд. 1987), «Роднае слова» Бембеля (1988) і інш.
А.С.Ляднёва.
т. 7, с. 265
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯНІ́СІЙ (Балабан) (?, Падляшша — 1663),
праваслаўны царк. дзеяч Рэчы Паспалітай. Епіскап холмскі, луцкі, з 1650 зноў епіскап холмскі. Адстойваў праваслаўе ад уніяцкага ўціску. Мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі (ліст. 1657—63). У жн. 1661 па рэкамендацыі канстанцінопальскага патрыярхата і гетмана Украіны І.Выгоўскага прызначыў епіскапам магілёўскім і мсціслаўскім Іосіфа Нелюбовіча-Тукальскага, аднак з мая 1661 кафедра была занята епіскапам Мяфодзіем, прызначаным маскоўскім патрыярхатам. Канфліктная сітуацыя прымусіла Д. адысці ад царк. і паліт. спраў. Апошні час жыў у Чыгірыне, застаючыся мітрапалітам намінальна.
Літ.:
Карташев А.В. Очерки по истории русской церкви. М., 1991. Т. 2. С. 294—295;
Яскевіч А.А. Праблема цэласнасці старабеларускай філалогіі XVI—XVII ст.: Адзінства экзэгезы і герменеўтыкі. Мн., 1996. С. 103—108.
А.А.Яскевіч.
т. 6, с. 313
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭН (Келясцін Іванавіч) (каля 1800, Брэстчына — 29.3.1875),
бел. краязнавец, фалькларыст, этнограф. Скончыў Брэсцкае 6-класнае вучылішча, Жыровіцкую духоўную семінарыю (1831). З 1831 святар у Кобрыне, з 1838 настаяцель царквы ў в. Стары Корнін Бельскага павета Гродзенскай губ. У працы «Мясцовае этнаграфічнае апісанне Бельскага павета...» (нап. 1856; зберагаецца ў архіве Геагр. т-ва Рас. Федэрацыі ў С.-Пецярбургу) адлюстравана матэрыяльная і духоўная культура беларусаў на тэр. Падляшша. Складаецца з 6 раздзелаў: «Вонкавы выгляд», «Мова», «Хатні побыт», «Асаблівасці грамадскага быту», «Разумовыя здольнасці, маральныя якасці і адукацыя», «Народныя паданні і помнікі». У працы 38 песень (з іх 14 вясельных; пададзены ў адпаведнасці з апісаннем вясельных абрадаў), 24 загадкі, 15 прымавак, 2 казкі. Частка фалькл. матэрыялу змешчана ў дадатку. Ёсць малюнкі адзення, рыбалоўных прылад, жылых і гасп. пабудоў і іх планы. У параўнальным плане пададзены штодзённы побыт беларусаў і мазураў, адметнае і аднолькавае ў іх культурах.
Літ.:
Лобач М. Па слядах рукапіснага этнаграфічнага апісання Бельскага павета свяшчэнніка Келясціна Брэна з 50-х гадоў XIX стагоддзя // Studia polsko-litewsko-białoruskie. Warszawa, 1988.
М.С.Лобач.
т. 3, с. 283
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫГІМО́НТ КЕ́ЙСТУТАВІЧ (каля 1365—20.3.1440),
вялікі князь ВКЛ [1432—40]. Малодшы сын Кейстута, брат Вітаўта. У час барацьбы за ўладу паміж Вітаўтам і вял. кн. Ягайлам апошнім быў зняволены (1382—84). Удзельнік бітвы на Ворскле 1399, перагавораў і заключэння мірных дагавораў з Тэўтонскім ордэнам 1398, 1411, 1422 і 1431, уній Польшчы з ВКЛ, пачынаючы з 1401, Грунвальдскай бітвы 1410. Пасля смерці Вітаўта і абрання на трон ВКЛ Свідрыгайлы ў 1432 удзельнічаў у змове супраць вял. князя. Пасля ўцёкаў Свідрыгайлы ў Полацк Ж. К. абвешчаны вял. князем ВКЛ. Яго ўладу прызналі Літва, Жамойць, Падляшша, Берасцейска-Драгічынская і Менская землі, прынёманскія воласці. Астатнія бел., укр. і рускія землі падтрымалі Свідрыгайлу, які замацаваўся ў Віцебску (гл. Свідрыгайлы паўстанне 1432—39). Каб залучыць на свой бок бел. і ўкр. феадалаў, Ж.К. выдаў прывілей 1434, пачаў вылучаць на дзярж. пасады літ. і бел. баяр, што выклікала незадавальненне буйных феадалаў і князёў. У апошнія гады панавання Ж.К. пачаў аддаляцца ад Польшчы і страціў яе падтрымку. Забіты ў Трокскім замку ў выніку змовы феадалаў.
А.П.Грыцкевіч.
т. 6, с. 461
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАКАЗО́ВІЧ ((Białokozowicz) Базылі) (н. 2.1.1932, в. Відова Беластоцкага ваяв., Польшча),
польскі літ.-знавец. Д-р філал. н. (1972). Ганаровы д-р С.-Пецярбургскага ун-та (1981). Скончыў філал. (1956) і гіст. (1957) ф-ты Ленінградскага ун-та. З 1957 выкладчык Варшаўскага ун-та, з 1973 у Ін-це славяназнаўства Польскай АН, з 1992 у Апольскім пед. ін-це. З 1976 віцэ-прэзідэнт Міжнар. асацыяцыі выкладчыкаў рус. мовы і л-ры. Даследуе бел. л-ру 19 ст., творчасць польска-бел. пісьменнікаў, узаемасувязі польскай, бел., рус., укр. і літоўскай л-р, бел. матывы ў польскай і польскія ў бел. л-рах. Аўтар манаграфій «З гісторыі ўзаемных польска-рускіх літаратурных сувязяў у XIX стагоддзі» (1971), «Мар’ян Здзяхоўскі і Леў Талстой» (1995). Бел. тэматыцы прысвечаны яго арт. «Беларуская мова і польская культура» (1957), «Слаўныя людзі Падляшша: Міхась Баброўскі» (1958), «Вялікі сябар беларусаў Тадэвуш Урублеўскі» (1963), «Адам Міцкевіч і Аляксандр Герцэн аб літаграфіі «Славянскі нявольнік» («Беларускі раб») Юзафа Азямблоўскага» (1967). Склаў анталогію «Польшча ў савецкай паэзіі» (1977), куды ўключыў вершы Я.Коласа, Я.Пушчы, М.Танка, П.Панчанкі, Р.Барадуліна, А.Лойкі, Е.Лось, Я.Сіпакова і інш.
т. 2, с. 386
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)