РЫНГ (англ. ring) баксёрскі, пляцоўка для правядзення паядынкаў па боксе. Мае квадратную форму, даўж. бакоў ад 4,9 м да 6,1 м, абмежаваных радамі канатаў або тросаў, нацягнутых паміж вуглавымі стойкамі. Падлога Р. ўкрыта мяккім насцілам з няслізкай паверхняй. Звычайна Р размешчаны на памосце, выш. 0,75—1,25 м з даўж. бакоў да 10 м. Канструкцыя Р. паходзіць з 1838, калі зацверджаны правілы «Лонданскага прызавога бокса».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЦЯПЛЯ́ЛЬНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,
прылады для абагравання памяшканняў (ацяплення), разнавіднасць награвальных прылад. Найбольш пашыраны ацяпляльныя прылады, да якіх падаецца цепланосьбіт — вада (вадзяное ацяпленне), пара (паравое ацяпленне) або паветра (паветранае ацяпленне). Да іх адносяць радыятары, канвектары, каларыферы, прылады панэльнага або плінтуснага тыпу і інш. Ёсць ацяпляльныя прылады, дзе спальваюць газ (газавае ацяпленне) або эл. энергія пераўтвараецца ў цеплавую (электрычнае ацяпленне; звычайна выкарыстоўваецца як дадатковае). У сістэмах прамянёвага ацяплення функцыі ацяпляльных прылад выконваюць сцены, столь, падлога або спец. панэлі (паверхні награвання ствараюцца пры размяшчэнні ў гэтых канструкцыях тонкіх трубаў, эл. кабелю, паветраводаў і каналаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЯНЕ́ВІЦКІ КАСЦЁЛ МА́ЦІ БО́ЖАЙ,
помнік архітэктуры позняга барока. Пабудаваны ў сярэдзіне 18 ст. ў в. Касцяневічы Вілейскага р-на Мінскай вобл. Прамавугольны ў плане аб’ём накрыты высокім двухсхільным дахам з вальмай над алтарнай часткай. Сцены апрацаваны плоскімі пілястрамі. Гал. фасад завершаны атыкавым франтонам складанай формы з паўцыркульным аконным праёмам. Франтон упрыгожаны валютамі, пілястрамі, шматслаёвым карнізам. Да ўсх. крыла далучана прыбудова з атыкавым барочным франтонам над уваходам. Падлога касцёла выкладзена каляровай мазаікай. Алтар аздоблены 6 паўкруглымі калонамі з іанічнымі капітэлямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ ПРАЧЫ́СЦЕНСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік стараж.-рус. дойлідства 12 ст. Пабудавана майстрамі Гродзенскай школы дойлідства. Пашкоджана пажарам у 1654. Рэшткі яе выяўлены археолагамі ў 1980 на тэр.Гродзенскага манастыра базыльянак.
6-слуповы 3-нефавы храм меў 3 прамавугольныя ў плане апсіды са зрэзанымі вугламі. Сцены (таўшчыня 1—1,1 м) складзены з плінфы ў тэхніцы роўнаслаёвай муроўкі. У верхнія часткі сцен і скляпенні былі ўмураваны керамічныя збаны (галаснікі). Фасады былі аздоблены лапаткамі, маёлікавымі пліткамі квадратнай і трапецападобнай формы, устаўкамі з абчасаных паліраваных валуноў. Падлога, выкладзеная маёлікавай пліткай жоўтага, зялёнага і карычневага колеру разнастайнай формы, сваім малюнкам нагадвае падлогу Гродзенскай Ніжняй царквы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ КНЯ́ЖАЦКІ ХРАМ Існаваў у 12—16 ст. ў г. Полацк Віцебскай вобл. на тэр. Верхняга замка. Рэшткі выяўлены М.Каргерам у час археал. раскопак 1966—67. Храм мураваны, 3-нефавы, 6-стаўповы, крыжова-купальны (24 × 16 м), 3-апсідны (бакавыя апсіды размяшчаліся ў тоўшчы сцяны). Цэнтр. неф з У завяршаўся паўкруглай апсідай, больш вузкія бакавыя нефы — паўкруглымі нішамі ў тоўшчы сцяны. У цэнтры ўзвышаўся купал на круглым светлавым барабане. Да бакавых нефаў былі прыбудаваны прытворы з самаст. апсідамі. Багатую пластыку фасадам надавалі пілястры складанага профілю, аркатурныя паясы, дэкар. арачкі над аконнымі і дзвярнымі праёмамі, закамары. Інтэр’ер быў аздоблены фрэскамі, падлога выкладзена з паліваных керамічных плітак.
А.А.Трусаў.
Полацкі княжацкі храм. Рэканструкцыя П.А.Рапапорта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАШКО́ВІЦКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры позняга класіцызму ў г.п. Радашковічы Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1850 з цэглы. Касцёл — 3-нефавая 2-вежавая базіліка з паўцыркульнай апсідай і 2 сакрысціямі абапал яе. Асн. прамавугольны ў плане аб’ём накрыты 2-схільным дахам, апсіда — больш нізкім. Гал. фасад вылучаны ў цэнтры глыбокім рызалітам і завершаны 2-схільным шчытом. Квадратныя 4-ярусныя вежы прарэзаны скразнымі арачнымі праёмамі, круглымі люкарнамі і завершаны шлемападобнымі купаламі. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёны высокімі арачнымі аконнымі праёмамі і шырокімі пілястрамі ў прасценках. Інтэр’ер перабудаваны. Часткова захавалася керамічная падлога з арнаментальным малюнкам. Перад касцёлам брама з 3 арачнымі праходамі, аздобленая на гал. фасадзе паўкалонамі і завершаная лучковым франтонам. У касцёле хрысцілі Я.Купалу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ НІ́ЖНЯЯ ЦАРКВА́,
помнік стараж. дойлідства. Пабудавана ў 12 ст. майстрамі Гродзенскай школы дойлідства на тэр.Гродзенскага Старога замка. Пасля пажару 1183 да сярэдзіны 13 ст. разбурылася. Яе руіны выяўлены пад фрагментамі больш позняй Гродзенскай Верхняй царквы ў час археал. раскопак 1931—37. Часткова захаваліся рэшткі сцен (да выш. 3,5 м), фрагменты падкупальных слупоў і элементы дэкар. ўпрыгожання.
Паводле плана гэта быў 4-стаўповы храм тыпу ўпісанага крыжа без нартэкса з развітой алтарнай часткай. Фасады аздоблены паліраванымі і неапрацаванымі рознакаляровымі камянямі, маёлікавымі квадратнымі пліткамі і паліванай чашападобнай кафляй. Гал. ўпрыгожанне інтэр’ера — маёлікавая ўзорыстая падлога і алтарная перагародка. Захаваліся дэталі багата ўпрыгожанай драўлянай алтарнай перагародкі, пазалочаныя медныя лісты з выгравіраванымі выявамі апосталаў і святых у абрамленні кругоў са складаным раслінным і плеценым арнаментам.
Да арт.Гродзенская Ніжняя царква. Фрагмент маёлікавай падлогі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУКАІЗАЛЯ́ЦЫЯпамяшканняў,
комплекс мерапрыемстваў па змяншэнні ўзроўню шуму, што пранікае ў памяшканне з навакольнага асяроддзя. Адрозніваюць гукаізаляцыю ад шуму паветр. (мовы, спеваў, радыёперадач і інш.; перадаецца па паветры) і ўдарнага (крокаў людзей, перасоўвання мэблі і інш.; перадаецца па канструкцыях збудаванняў).
Для аховы ад паветр. шуму сцены і перакрыцці робяць з некалькіх слаёў розных матэрыялаў (у т. л. з гукапаглынальных матэрыялаў), якія рэзка адрозніваюцца фіз. ўласцівасцямі, або з канструкцый, раздзеленых суцэльнай паветр. праслойкай; выкарыстоўваюць перакрыцці з падвешанай столлю і інш. Ударны шум змяншаюць насціланнем падлогі на пругкую аснову або пругкімі пракладкамі (гл.Гукаізаляцыйныя матэрыялы), а таксама вібраізаляцыяй абсталявання з дапамогай амартызатараў. Гл. таксама Акустычныя матэрыялы.
Гукаізаляцыя агараджальных канструкцый збудаванняў: а — раздзельная канструкцыя сцяны; б — падлога па суцэльнай пругкай аснове; 1 — сценкі; 2 — паветраная праслойка; 3 — бетонны ці шлакабетонны слой; 4 — пергамін; 5 — пругкая пракладка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВІ́ЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ТРЫНІТА́РЫЯЎ,
помнік архітэктуры 18 ст. Пабудаваны ў 1776 у в. Крывічы (цяпер гар. пасёлак) Мядзельскага р-на Мінскай вобл. ў стылі позняга барока. Складаецца з Андрэеўскага касцёла і жылога будынка. Касцёлсв. Андрэя — 1-нефавы, 1-вежавы храм з прамавугольнай апсідай, накрыты высокім 2-схільным дахам. Высокая вежа мае 3-ярусную кампазіцыю з характэрнымі ў стылявых адносінах заломамі карніза, скосамі вуглоў. Арх. дэкор стрыманы і лаканічны. Высока размешчаныя ў тоўшчы сцен аконныя праёмы набліжаюць храм да абарончых збудаванняў. Сцены крапаваны падвойнымі пілястрамі з капітэлямі іанічнага ордэра. Амбон аздоблены пазалочанай драўлянай разьбой. Падлога мазаічная, з геам. арнаментам. Алтар багата ўпрыгожаны лепкай, скульптурамі святых. Жылы будынак прымыкае да паўд.-ўсх. сцяны касцёла. Двухпавярховы, прамавугольны ў плане, яго сцены ўмацаваны плоскімі лапаткамі, члянёны невял. прамавугольнымі аконнымі праёмамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́МСКАЯ СІКСЦІ́НСКАЯ КАПЭ́ЛА,
помнік італьян. мастацтва эпохі Адраджэння ў палацавым комплексе Ватыкана. Узведзена ў 1473—81 (арх. Дж. дэ Дольчы), асвячона ў 1483 пры папе Сіксце IV (адсюль назва) як дамавая царква Ватыкана. З’яўляецца месцам правядзення канклаваў (сходаў кардыналаў, якія збіраюцца для выбрання папы рымскага), адначасова музей. Памяшканне прамавугольнае ў плане, паводле памераў (40 × 13 м) роўнае разбуранаму Саламонаву храму ў Іерусаліме. У 1481—83 сцены капэлы размаляваны фрэскамі са сцэнамі жыцця Майсея і Хрыста (маст. С.Батычэлі, Пінтурык’ё, Л.Сіньярэлі, Д.Гірландайо, П.Перуджына). У 1508—12 Мікеланджэла аздобіў столь, люнеты і распалубкі размалёўкай, адметнай багаццем і разнастайнасцю вобразаў, велічнай цэльнасцю задумы; драматызмам і выразнасцю вылучаецца размалёўка алтарнай сцяны «Страшны суд» (1536—41). Па кардонах Рафаэля (1515—16) сатканы шпалеры, якія ва ўрачыстыя дні закрывалі ніжнюю ч. алтарнай сцяны капэлы. Падлога аздоблена геам. інкрустацыяй з каляровых камянёў на ўзор сярэдневяковых храмаў. У 1980-я г. праведзена рэстаўрацыя фрэсак Мікеланджэла. Р.С.к. ўключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.