ПАДГО́Н,
1) слабаразвітыя парасткі збожжавых культур (жыта, пшаніцы, ячменю і інш.), якія ўтвараюцца з вузла кушчэння пазней за асн. парасткі. Адстае ў развіцці, выспявае пазней, дае дробнае зерне або зусім не ўтварае суквеццяў (недагон або падсед); узнікае двух’яруснасць пасеваў. Гэта абцяжарвае збор ураджаю, зніжае яго якасць.
2) Ніжні ярус травастою на лугах і пашах, пустазелля збожжавых культур.
3) Сукупнасць дрэвавых і кустовых раслін, якія ўводзяць у дрэвастой лесу для паскарэння росту ў вышыню і паляпшэння формы ствалоў асн. пароды. На П. выкарыстоўваюць хуткарослыя расліны (бярозу, ляшчыну і інш.).
У.П.Пярэднеў.
т. 11, с. 493
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)