Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВЯЛІ́КІ МОХ,
нізіннае балота ў Ганцавіцкім, часткова Ляхавіцкім р-нах Брэсцкай вобл., у вадазборы р. Бобрык 1-ы. Пл. 6,8 тыс.га, у межах прамысл. пакладу 3,9 тыс.га. Глыб. торфу да 3,8 м, сярэдняя 1,5 м. Запасы торфу каля 10 млн.т. Растуць пераважна асокі і мох сфагнум, на асобных участках журавіны. На значнай ч. балота лес з хвоі і бярозы, часткова з вольхі. Ёсць пясчаныя астравы і грады, укрытыя хваёвым лесам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НЦАВІЦКІ РАЁН,
на ПнУ Брэсцкай вобл. Беларусі. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,7 тыс.км². Нас. 37,7 тыс.чал. (1996), гарадскога 40%. Сярэдняя шчыльн. 22 чал.км². Цэнтр раёна — г.Ганцавічы; 36 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 8 сельсаветаў: Агарэвіцкі, Дзяніскавіцкі, Любашаўскі, Люсінскі, Малькавіцкі, Нацкі, Хатыніцкі, Чудзінскі.
Раён у межах паўд.-ўсх.ч.Прыпяцкага Палесся. Паверхня плоскахвалістая раўнінная, пераважна выш. 150—160 м, найвыш. пункт 195,8 м (на Пн раёна, каля в. Шашкі). Карысныя выкапні: торф, буд. пяскі гліны. Сярэдняя т-растудз. -5,7 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 645 мм за год. Вегетац. перыяд 193 сут. Найб.р. Лань (на ёй вадасх. Лактышы) з прытокамі Нача, Цна, Бобрык. Пашыраны тарфяна-балотныя, дзярнова-падзолістыя, забалочаныя глебы. Лясы займаюць 53% тэр. раёна; пераважна хваёвыя, чорнаальховыя і бярозавыя. Пад балотамі — 16 тыс.га, найб. балотныя масівы Саніта, Падвялікі Мох, Пусташ-Дабралуцкае, Галь, Пятрова Паляна. На тэр. раёна гідралагічны заказнік Падвялікі Мох і частка заказніка Выганашчанскае, біял. заказнік Борскі.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 50,1 тыс.га, з іх асушана 29,4 тыс.га. На 1.1.1996 у раёне 14 калгасаў і саўгасаў. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля. Пасевы збожжавых і кармавых культур, бульбы. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў і харч. прам-сці. Лясгас. На тэр. раёна праходзіць чыгунка Баранавічы—Ганцавічы—Лунінец, аўтадарогі Ганцавічы—Лунінец, Ганцавічы—Пінск. У раёне 15 сярэдніх, 8 базавых і 3 пач. школы, 18 дашкольных устаноў, 32 клубы, 28 б-к, 5 бальніц, 11 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: сядзіба 2-й пал. 19 ст. ў в. Агарэвічы; цэрквы Юр’еўская (1896) у в. Будча, Георгіеўская канца 19 ст. ў в.Вял. Круговічы, Юр’еўская (1867) у в. Чудзін. Выдаецца газ. «Савецкае Палессе».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ПАЛЕ́ССЕ,
фізіка-геаграфічная падправінцыя Палескай правінцыі на б.ч. Брэсцкай і Гомельскай, невялікіх ч. на Пд Мінскай і крайнім ПдЗ Магілёўскай абласцей. Мяжуе на Пн з Заходне-Беларускай правінцыяй і Перадпалескай правінцыяй, на Пд — з Украінскім Палессем. Працягнулася з З на У больш як на 500 км, з Пн на Пд каля 200 км. Пл. 60 тыс.км². Падзяляецца на фіз.-геагр. раёны: Брэсцкае Палессе, Загароддзе, Прыпяцкае Палессе, Гомельскае Палессе, Мазырскае Палессе (гл. карту да арт.Фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі).
У тэктанічных адносінах прымеркавана да Падляска-Брэсцкай упадзіны, Палескай седлавіны, Прыпяцкага прагіну, Брагінска-Лоеўскай седлавіны і частак інш. структур. Крышталічны фундамент залягае на глыб. 0,4—1,7 км на З, 0,4—6 км на У, на Мікашэвіцка-Жыткавіцкім выступе — на глыб. 20—50 м, на Пд выходзіць на паверхню (каля в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.). У платформавым чахле найб. пашыраны адклады верхняга пратэразою, палеазою (дэвону і інш.), мезазою і кайназою (больш поўна, у параўнанні з астатняй тэр. Беларусі, развіты адклады палеагенавай і неагенавай сістэм). Пароды антрапагену ствараюць покрыва магутнасцю 20—100 м, у ледавіковых лагчынах да 200 м. Пераважаюць ледавіковыя, азёрна-алювіяльныя, алювіяльныя і балотныя адклады. Карысныя выкапні: нафта, гаручыя сланцы, буры вугаль, торф, калійныя і каменная солі, рэдкія металы, даўсаніт, буд. і абліцовачны камень, буд., шкловыя і фармовачныя пяскі, жвір, вогнетрывалыя і цагельныя гліны, мінералізаваныя і тэрмальныя воды, расолы і інш.
Асн. формы рэльефу ўтвораны дняпроўскім ледавіком і расталымі водамі сожскага ледавіка. Значная рэльефаўтваральная роля належыць эразійна-акумулятыўнай дзейнасці Прыпяці і яе прытокаў, стараж. і сучасных азёраў, балотаўтваральным і эолавым працэсам. Тэрыторыя Беларускага Палесся ахоплівае б.ч. Палескай і Прыдняпроўскай нізіны, на паверхні якіх пераважаюць водна-ледавіковыя (зандравыя), азёрна-алювіяльныя і алювіяльныя пясчаныя формы рэльефу. Трапляюцца марэнныя раўніны і канцова-марэнны градава-ўваліста-ўзгорысты рэльеф. Рачныя даліны Беларускага Палесся маюць шырокія поймы і тэрасы. Адзнакі паверхні вагаюцца ад 105 м над узр. м. (урэз вады ў р. Прыпяць пры выхадзе з тэр. Беларускага Палесся) да 220 м (за 5 км на Пд ад Мазыра на Мазырскай градзе), найб. пашыраны 120—150 м. У паніжаных ч. рэльефу — балоты (найб. масівы Паддубічы, Вялікі Лес, Выганашчанскае балота, Грычын, Загальскі масіў і інш.) і забалочаныя ўчасткі з азёрнымі катлавінамі. На рачных тэрасах і зандрах дзюны. Канцова-марэнныя ледавіковыя ўтварэнні (Загароддзе, Мазырская града, Юравіцкае ўзвышша, Хойніцка-Брагінскія вышыні і інш.) уздымаюцца над нізінамі да 40—80 м.
Клімат умерана кантынентальны (найб. цёплы на Беларусі), няўстойліва вільготны. Сярэднія т-ры студз. ад -4,4 °C на З да -7 °C на У (мінім. -36 °C), ліп. 18—19 °C (макс. 38 °C), ападкаў 540—645 мм за год (макс. 1115 мм). Вегетацыйны перыяд 193—208 дзён. Рэкі Дняпро і яго прытокі Сож, Бярэзіна і Прыпяць (гал. рака Беларускага Палесся) належаць да бас. Чорнага мора, Зах. Буг з Мухаўцом, Лясной і інш. — да бас. Балтыйскага мора. Суднаходныя каналы: Дняпроўска-Бугскі, Мікашэвіцкі і Агінскі (не дзейнічае); густая сетка меліярацыйных каналаў і канаў. Азёры Беларускага Палесся пераважна мелкаводныя, найб. з іх Чырвонае, Выганашчанскае, Чорнае, Спораўскае, Бабровіцкае, Арэхаўскае. Шмат азёраў-старыц у поймах рэк. Пабудаваны вадасховішчы Салігорскае, Лактышы, Пагост і інш. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя на пясках, да ўзвышшаў і раўнін прымеркаваны дзярнова-падзолістыя глебы на марэнных і лёсападобных супесках. Значную ч. тэрыторыі займаюць дзярновыя забалочаныя (глеевыя і глеяватыя), тарфяна-балотныя і алювіяльныя (поймавыя) глебы. Банітэт глебаў с.-г. угоддзяў на б.ч. Беларускага Палесся 45—50 балаў. Лясы займаюць 43%, належаць да Бугска-Палескай і Палеска-Прыдняпроўскай геабат. акруг падзоны шыракаліста-хваёвых лясоў. На водападзелах і рачных тэрасах пашыраны хваёвыя і шыракаліста-хваёвыя лясы (трапляюцца невял. ўчасткі шыракаліста-яловых), на марэнных узвышшах, раўнінах і тэрасах шыракалістыя лясы, пераважна дубовыя, ясянёва-дубовыя і ясянёвыя, на нізінных балотах чорнаалешнікавыя і пушыста-бярозавыя, у поймах рэк дубровы і алешнікі. У флоры шмат рэліктаў — вадзяны арэх, сальвінія плаваючая, альдраванда пухіраватая, рададэндран жоўты і інш. Больш за 1,2 млн.га зямель асушаны і ператвораны ў с.-г. ўгоддзі, пад ворывам каля 21% тэрыторыі. У межах Беларускага Палесся Прыпяцкі ландшафтна-гідралагічны запаведнік, Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік; заказнікі ландшафтныя Белае, Прастыр, Альманскія балоты, Церабень, Мазырскія Яры, Смычок, Стрэльскі, гідралагічныя Выганашчанскае, Падвялікі Мох, біялагічныя Вусце Лані, Селяхі, Веткаўскі, Жыткавіцкі, Радастаўскі, Шабрынскі, Ленінскі, Борскі, Букчанскі, Чырковіцкі, Ялоўскі і інш. Значная ч. тэрыторыі Беларускага Палесся забруджана радыенуклідамі ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1986.
Літ.:
Рельеф Белорусского Полесья. Мн., 1982;
Неотектоника и полезные скопаемые Белорусского Полесья. Мн., 1984;
Мацвееў А.В., Якушка В.П. Пра рэльеф Беларусі. Мн., 1994.
А.В.Мацвееў, Э.А.Крутавус.
Беларускае Палессе. Краявід каля в. Пухавічы Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобл.