Падводка (муз.) 4/329; 7/601—602; 8/498; 12/654

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДВО́ДКА, падгалосак,

верхні саліруючы голас, які ў нар. шматгалоссі кантрапунктуе асн. напеву ніжняга голасу, што вядзе ўвесь хор («басуе», «туруе»), Выконваецца адным найб. майстэрскім спеваком (што можа «падняць песню»). Бел. шматгалосы спеў з П. роднасны спеву Укр. Палесся (з майстэрствам «выводзіць») і тыпалагічна блізкі спеву рус. данскіх казакоў (з майстэрствам «дышканціць»), На Беларусі найб. пашыраны на Палессі, сустракаецца таксама на Магілёўшчыне і паўд. Міншчыне.

Літ.:

Можейко З. Песенная культура Белорусского Полесья. Село Тонеж. Мн., 1971;

Яе ж. Песни Белорусского Полесья. Вып. 2. М., 1984;

Эвальд З.В. Песни Белорусского Полесья. М., 1979;

Мажэйка З.Я., Варфаламеева Т.Б. Песні Беларускага Падняпроўя. Мн., 1999.

З.Я.Мажэйка.

т. 11, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Падгалосак, гл. Падводка

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫ́СКАНТ (ад дыс... + лац. cantus спевы),

1) від шматгалосся 12—15 ст. Першапачаткова тэрмін абазначаў 2-галоссе ў сінхронным рытме («нота супраць ноты») і пераважна з супрацьлеглым рухам галасоў.

2) Высокі дзіцячы пеўчы голас з дыяпазонам c​1—a​2, а таксама яго партыя ў хоры ці вак. ансамблі.

3) Верхні голас у 4-галосым выкладанні (тое, што сапрана).

4) Дышкант — высокі саліруючы галас у данскіх казацкіх песнях і песнях усх. абласцей Украіны і Беларусі (наз. таксама падводка, гаравік).

5) У 16—17 ст. назва самага высокага інструмента ў сям’і (напр., Д.-віёла, Д.-трамбон і інш.).

6) Арганны рэгістр.

т. 6, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫЯ СПЕВАКІ́,

творчыя носьбіты мясц. традыцый нар. спеву. Вядомы ўсім народам свету. На Беларусі наз. «спявухі», «пеюны», «пяюллі», «пяўчыцы», «песнахоры» і «песнахоркі». У вясковым побыце традыцыі спеву з даўніх часоў суправаджалі ўсе бакі жыцця (працу, адпачынак, звычаі і абрады, урачыстыя падзеі і святкаванні), і ва ўсіх выпадках роля Н.с. вызначальная. Яны «вядуць парадак» спявання строга прымеркаваных да пэўнага часу ці абставін каляндарных песень, выступаюць своеасаблівымі цырымоніймайстрамі пэўных этапаў сямейна-абрадавых дзеянняў (вяселля, радзін, пахавання), завадатарамі (закапёршчыкамі) нар. святкаванняў (на ігрышчах, карагодах, бяседах). У адрозненне ад прафес. спевакоў або ўдзельнікаў арганізаваных самадз. калектываў гал. асаблівасць майстэрства Н.с. — творчая імправізацыя: песня не проста выконваецца ў пэўным зафіксаваным выглядзе, а кожны раз нібыта нараджаецца нанава. Імправізацыйны пачатак у аднолькавай ступені выяўляецца ў адзіночным і хар. нар. спяванні: у свабодным распеве аднаго голасу, гетэрафонных адхіленнях (пералівах) пры выкананні аднагалосых песень хорам, у вар’іраванні меладычнай лініі падгалоска пры выкананні шматгалосых песень. Шматвяковая маст. практыка спявання на адкрытым паветры («на волі») спарадзіла свайго роду школу тэмбрава маляўнічага галаснога спеву з выдатнымі яго майстрамі, якія заўсёды вылучаліся ў працэсе стыхійнага спаборніцтва нар. самародкаў. Сярод Н.с. яны — карыфеі, якія вядуць за сабой увесь хор або ансамбль (гурт). Найчасцей гэта запявала («запявайла», «пачынальнік», «зачынальнік»), які «заводзіць песню», а таксама верхні падгалосак («падгалоснік», «падводка», «гаравік»), што «падымаіць песню». Майстроў галаснога спеву найчасцей можна сустрэць сярод пастухоў, леснікоў, працаўнікоў палёў, раней і сярод плытагонаў. Ад бел. Н.с. спецыялістамі запісана шмат узораў нар.-песеннага мастацтва. Дзякуючы фалькл. зборнікам і даследаванням, муз.-этнагр. канцэртам, дакумент. кінастужкам, грамзапісу аўтэнтычнага фальклору многія знаўцы песень і майстры нар. спеву вядомы на Беларусі і за яе межамі. Сярод іх: у зах. рэгіёне — Захвея Хвораст (в. Шакуны), Мікола Смаль (в. Росахі, абедзве Пружанскі р-н), Таццяна Місевіч (в. Доўгая, Шчучынскі р-н), Кацярына Пышка (в. Зачэпічы), Надзея Бурак (в. Ахонава, абедзве Дзятлаўскі р-н); у Паазер’і — Еўдакея Зуева (в. Цясты, Верхнядзвінскі р-н), Зося і Тоня Прускія (в. Аношкі, Лепельскі р-н); на Палессі — Алесь Каранчук, Адам Масальскі, Юзік Русак (в. Клятная, Пінскі р-н); Сцяпан і Марыя Дубейкі, Ганна Вянгура (в. Тонеж), Феня Алесіч, Наля Андрэйкавец (в. Букча), Ілья Зенькавец, Іван Прыбора (в. Глушкавічы, усе Лельчыцкі р-н); ва ўсх. рэгіёне — Домна Чачуга, Таццяна Лапаціна (в. Азершчына), Есіп Сілко (в. Лазараўка, абедзве Рэчыцкі р-н); Прося Гарэцкая (в. Багацькаўка, Мсціслаўскі р-н), Кацярына Манжэрава (в. Беразоўка, Быхаўскі р-н), Міхась Басякоў (в. Антонаўка, Чавускі р-н).

Літ.:

Нисневич И. Татьяна Лопатина. М., 1962;

Ширма Г. Двести белорусских народных песен. М., 1958;

Можейко З. Песенная культура белорусского Полесья. Мн., 1971;

Яе ж. Песни белорусского Полесья. М., 1984. Вып. 2. С. 11—12.

З.Я.Мажэйка.

т. 11, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)